— На, сусед, трымай i няхай табе легка сячэцца. Толькі сёння не працуй — няхай смала засохне.
Пакуль дарослыя былі занятыя сякераю, сын Вароны, яшчэ падлетак, забаўляўся побач. Ен падымаў з зямлі непатрэбныя майстрам адшчэпы, стукаў адзін аб другі, высякаючы іскры, або для цікаўнасці, наследуючы дарослым, браўся рэтушаваць які крамянёвы асколак. Пазабаўляецца так i кіне крэмень у пясок.
А праз нейкіх сем тысячагоддзяў археолагі знойдуць на беразе Сожа гэтыя крамянёвыя недаробкі i будуць ламаць галаву, думаючы: «I што б гэта маглі быць за такія дзіўныя вырабы, для чаго яны служылі нашым продкам?» А гэта ўсяго толькі дзіцячыя забаўкі.
Крэмень апрацоўвалі на кожным паселішчы каменнага веку, але непадалёку ад багатых крэменем радовішчаў існавалі i спецыяльныя майстэрні па вырабу каменных прылад працы. Некаторыя ж раёны Беларусі бедныя крамянёвай сыравінай, таму мясцовыя жыхары замянялі яе іншымі матэрыяламі. Так, на старажытных паселішчах Падзвіння мы сустракаем касцяныя i рагавыя наканечнікі стрэлаў i дзідаў, кінжалы i гарпуны. Нават некаторыя сякеры там былі касцяныя. Праўда, такою сякерай дрэва не ссячэш, але ёю можна было адсекчы, напрыклад, кавалак мяса ад упаляванай жывёліны.
У самым канцы новага каменнага веку сякеры з крэменю i іншых камянёў пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт i мокрага пяску.
НОВЫ КАМЕННЫ ВЕК
ПЕРШЫЯ ГАРШКІ
Каля шасці з паловай тысячагоддзяў назад. Недзе на Прыпяці
Хаціна з жэрдак i галля загарэлася глыбокай ноччу, калі ўсе моцна спалі, натомленыя клопатамі мінулага дня. Успыхнула раптоўна, i свежы вецер з ракі хутка раздзьмухаў агонь — людзі ледзь паспелі выскачыць на дварышча, прыхапіўшы толькі вопратку. Усё згарэла дашчэнту, i на раніцу толькі дыміўся шэры прамавугольнік папялішча — усё, што засталося ад хаціны.
Прапалі запасы сушанай рыбы, крамянёвыя i касцяныя прылады, i, чаго найбольш было шкада, згарэлі рыбацкія сеткі, сплесці якія з лубяных валокнаў было не так проста.
Гаспадару ўжо не было чаго рабідь на пажарышчы, i ён, узяўшы сякеру, разам з суседзямі пайшоў у лес рыхтаваць жэрдкі на новую хаціну. Гаспадыня ж корпалася ў вугалях, выграбаючы кійком то перапалены наканечнік дзіды, то гліняныя грузілы ад сетак. Знойдзенае складвала побач у кучку.
Пад абвутленымі рэшткамі сцяны жанчына дакапалася да начыння — абгарэлых кошыкаў i лубянак, якія рассыпаліся ад першага дотыку, пакручаных i счарнелых берасцяных пасудзін.
Гаспадыня падняла яшчэ цёплую ад агню невялікую пасудзіну, па форме як лейка, сплеценую з тонкіх хваёвых каранёў. Найбольш шкадавала гэту рэч, бо яе рабіў яшчэ бацька. Таму берагла як памятку. Пасудзіна была старая, даводзілася замазваць на ёй дзіркі i шчыліны глінаю. I гліны той месцамі так набралася, што самога пляцення не было бачна. Зараз карані згарэлі, але гліна трымалася, захаваўшы былую форму вырабу.
Жанчына пакруціла начынне ў руках, пастукала па брыжы — гліна ажно звінела, затым уздыхнула i кінула яе на зямлю. Пасудзіна чмякнулася на вугалі, узняўшы воблачка попелу, але не разбілася. Гліна абпалілася ў агні i стала, як камень. Гэта ўсцешыла гаспадыню — пасудзіну, аказваецца, можна будзе ўжываць i надалей...
Пэўна, гэта адзін з многіх магчымых выпадкаў, калі старажытныя людзі заўважылі, што гліна, трапіўшы ў агонь, абпальваецца i робіцца надзвычай моцнай. Зразумеўшы гэта, а таксама здаўна ведаючы пластычнасць сырой гліны, нашы продкі ў самым пачатку новага каменнага веку пачалі вырабляць гліняны посуд.
На кожнай неалітычнай стаянцы пры раскопках сустракаецца мноства гліняных чарапкоў — абломкаў посуду. Ганчарнае кола тады яшчэ не было вынайдзена, таму гаршкі ляпіліся ўручную. Выкапаную з зямлі гліну добра вымешвалі. Затым, каб будучы выраб не трэскаўся пры абпале, дабаўлялі ў яе траву, пясок, тоўчаныя ракавіны або кару дрэў. З такога падрыхтаванага глінянага цеста ляпілі стужкі, якія змацоўваліся краямі паміж сабой. Так фармавалася пасудзіна.
Бугаркі i ўпадзінкі, якія на сценках заставаліся ад пальцаў, загладжваліся касцяной або каменнай пласцінкай. Затым паверхні посуду аздабляліся штампамі — арнаменцірамі. Узоры атрымоўваліся розныя — пасачкі адбіткаў грэбня або насечак, ялінкі, лукаткі, ромбы. I амаль заўсёды пад самым брыжам наносіўся шэраг глыбокіх круглых ямачак. Некаторыя гаршкі арнаментаваліся так багата, што нагадваюць адмысловую вышыўку. Кожнае племя мела на гліняным посудзе свае характэрныя арнаменты, як, напрыклад, сучасныя народы на вопратцы або ручніках.