Пасля арнаментавання гаршкі абпальваліся на вогнішчах. Калі ж яны трэскаліся, то шнуркамі, прасунутымі праз свідраваныя адтуліны, звязваліся, браліся «на шво».
Пасудзіны ў неаліце ляпіліся разнастайныя — вялізныя, як цэбры, у ix захоўвалі прадукты, i меншыя для гатавання стравы. Рабілі міскі для яды i кубкі для пітва. Былі пасудзіны i з пукатымі бакамі, i з вузкімі шыйкамі, i як разрэзаны гарбуз. Але ўсе яны без выключэння мелі вострыя дны, зрэдку — закругленыя. Чаму? А таму, каб не куляліся на агнішчы, калі падгаралі дровы, каб лепш трымаліся ў зямлі, устаўленыя ў якое паглыбленне. Печак жа i дашчатых сталоў, для якіх патрэбен пласкадонны посуд, тады яшчэ не было.
I ПАПЛЫВЕ ЁН ПА ХВАЛЯХ
Больш як шэсць тысяч гадоў назад. На возеры Мястра, што на Мядзельшчыне
Познім ранкам, калі сонца ўжо паднялося даволі высока i добра прыгравала, берагам возера ішлі дзед i яго ўнук. Загарэлы амаль да чарнаты малы то кідаўся бегчы, то прыпыняўся, прыглядаючыся між каранёў дрэў, то спускаўся з невысокага абрыву да вады, каб падабраць там прыгожы каменьчык.
Дзед сунуўся ззаду, перастаўляючы босыя ступні па зляжалай ігліцы. Ен меў доўгія паношаныя штаны, белую сарочку, паверх якой была камізэлька з ласінай скуры — цёплая i новая, пашытая старэйшай унучкай, бо старому часам было халаднавата i летам.
За спіною ў старога вісела скураная торба. У левай руцэ ён нёс падвязаны на лубяной вяровачцы дзірчасты гліняны гаршчок з тлеючымі вугалямі, у правай — кароткую дзіду.
Глядзеў дзед, як перад ім, нібыта спелы дзьмухавец, мільгае белая галава ўнука i час ад часу бурчэў:
— Не адбягай, кажу, далека, бо на мядзведзя ці рысь напорашся.
Напамінак пра небяспеку суцішаў хлопчыка, i ён тады ціснуўся бліжэй да дзеда. Але не надоўга. Маладая кроў бурліла i неадольна клікала да руху, да дзеяння.
Бераг паніжэў, сцежка збягала ў лагчыну. Векавечныя гіганты хвоі пачалі расступацца, даючы мясціну то ліпе, то таполі. A ў самай лагчыне засерабрыліся таўшчэзнымі камлямі асіны, дружна зацямнелі вольхi.
— Ну, унучак, выбірай асіну.
Малы пачаў кружыць паміж дрэвамі, задзіраючы галаву, каб ацаніць ix гонкасць, ахапляў рукамі ствалы, мераючы таўшчыню.
— Вось гэту, дзядуля,— нарэшце стукнуў ён кулачком па самым тоўстым дрэве.
— Охо, хо,— пачухаў патыліцу стары.— З гэтай асінай мы ці ўправімся? Ды i човен з яе выйдзе вялізны. На ім толькі па Нары плаваць, а на нашым возеры човен трэба лягчэйшы.
— Тады можа гэту...— менш упэўнена паказаў малы на суседняе дрэва.
— Ну што ж,— акінуў позіркам дзед асіну.— Гэта, пэўна, падыдзе — роўная i ў меру таўшчынёй.
Унук пачаў збіраць навокал сухое ламачча i сцягваць да дрэва. Дзед жа высыпаў пад камель з гаршка гарачыя вугалі, падкінуў сухой травы, галінак i пачаў раздзьмухваць агонь. Хутка ўжо гарэла вогнішча. Зараз дровы збіралі i падкладвалі на агонь абое: унук — тонкія, а дзед — таўсцейшыя. Абкладалі камель навокал: трэба было каб падгарэў з усіх бакоў. Кара на асіне пацямнела, пачала апальвацца, задымела. А праз нейкі час падсохла i загарэлася сама драўніна.
Дзед скруціў з кавалка бяросты лейкаваты кубак, змацаваўшы яго клінкамі з галінак, i ўнук час ад часу бегаў з ім да возера, прыносіў вады.Дзед браў кубак і, прымерваючыся праз дым, паціху ліў ваду на камель вышэй агню, не даючы, каб дрэва падгарэла ўверх.
Сонца прыгрэла мацней. У смузе парнасці, што пачала ўздымацца ад вады, затанцаваў далягляд за возерам. У асляпляльнай нябеснай сіні нараджаліся ледзь улоўныя кволыя воблачкі i тут жа распускаліся, раставалі пад сонечнымі прамянямі.
— Можна мне пакупацца? — папрасіўся малы. ?
— Ідзі, ідзі, купайся. Дроў мы нанасілі столькі, што я пакуль i адзін упраўлюся...
Сцішана сядзеў дзед перад вогнішчам, падкідаючы дровы. Ветру не адчувалася. Не шумелі верхавіны дрэў, але цішыні не было. Лес гуў ад птушынай рознагалосіцы.
Стары сядзеў i думаў, што гэты вось човен будзе ў яго жыцці пяты. I мабыць, апошні. Бо ўжо гады... Найлепш памятаўся першы, яшчэ ў маладосці. Як абчэсваў яго, выдзёўбваў. Як выразаў на носе адмысловы ўзор. I які імпэтны атрымаўся човен! Ляцеў па хвалях, як чайка. А як добра тады веславалася. Якое лёгкае было вясло i моцныя рукі! На тым чоўне ён прывёз сабе з далёкага паселішча маладую жонку... Човен той разбіла аб камяні, калі ён неасцярожна выплыў пратокай на Нару. Такі быў тады шалёны вецер!
Другі човен сагналі з сабой загорцы, калі напалі на іхняе племя. Трэці служыць яшчэ i зараз, хоць пачарнеў, патрэскаўся i з кармы працякае. Чацвёрты рабіў свайму сябру — рыбаку. А вось гэты, пяты, ён будзе рабіць для мужа старэйшай унучкі. Той, што пашыла такую цёплую камізэльку...