Паабедалі дзед з унукам праснакамі i сушанай рыбай са скураной торбы. Запілі вадой з бліжэйшай крынічкі. Калі ж сонца схілілася да самага лесу i возера, высвечанае косымі прамянямі, засерабрылася, нашы працаўнікі той жа сцежкай падаліся назад у сваё паселішча.
I так прыходзілі дзед з унукам у гэту прыбярэжную лагчыну шэсць дзён. Старанна абпальвалі камель асіны, пакуль дрэва не стала, як падгрызенае бабрамі. I нарэшце настаў дзень, калі застаўся толькі стрыжань дрэва. Дзьмуў даволі моцны ўсходні вецер, кожнае імгненне асіна магла абваліцца на зямлю.
Дзед загадаў унуку трымацца зводдаль i не падыходзіць да небяспечнай мясціны. Сам жа варажыў каля вогнішча, падкладаў, дзе трэба, дровы, падгортваў вугалі.
I нарэшце, перад паўднём, дзед гукнуў:
— Сцеражыся!
Малы бачыў з суседняга ўзгорка, як верхавіна асіны спачатку хіснулася, затым стала паволі хіліцца. Набіраючы разгон i ламаючы галлё суседніх дрэў, асіна грымнула на азёрны бераг, ажно ўздрыгнула пад нагамі зямля i пасыпалася ігліца. На хвіліну ў лесе заціх птушыны спеў, толькі недзе далёка адгукалася зязюля.
Унук пабег у лагчыну — каб не прыціснула там дзеда. Стары заклапочана тупаў каля дрэва, аглядаючы, ці не дало дзе трэшчыну.
— А зараз, унучак,— задаволена прамовіў дзед,— адмерым даўжыню будучага чоўна i зноў перапалім ствол. Затым сякерамі абчэшам, зробім гладкім — атрымаецца цела чоўна. Але застанецца самае цяжкае: выбраць сярэдзіну.
Дзён праз сем, калі скончылі перапальваць асіну i з другога канца, прыйшлі на дапамогу іншыя мужчыны. Насеклі галля i шчыльна заклалі камель, схавалі ад сонца, каб дрэва ў цяні на азёрным ветрыку высахла не патрэскаўшыся.
У канцы лета прыйшлі зноў, усе з навостранымі каменнымі сякерамі. Кіраваў працаўнікамі ўсё той жа стары. Дружна застукалі сякеры. Праз некалькі дзён на азёрным беразе ляжала цела чоўна, гладкае i белае. Дзед навыразаў роўных аднолькавай даўжыні калочкаў, затым крамянёвым свердлам пачаў выкручваць на баках нарыхтоўкі чоўна дзіркі.
— Што ты робіш, дзядуля? — жахнуўся ўнук.— Праз гэтыя ж дзіркі пацячэ вада!
Дарослыя засмяяліся:
— Пацячэ, пацячэ! I пойдзе твой дзед на дно, да вадзяных духаў
у госці.
— Не хачу, каб мой дзядуля тапіўся! — ашчаперыў дзеда малы.
— Яны жартуюць,— расчулена пагладзіў унука па галаве стары.— Калочкі шчыльна загонім у дзіркі i па ix будзем вызначаць таўшчыню бартоў чоўна. Пакажацца пад цяслой канец — хопіць вычэсваць.
Зараз засмяяўся i хлопчык ca сваёй някемлівасці i стаў падаваць дзеду калочкі.
На роўна абчасанай верхняй плашчыні будучага чоўна дзед уздоўж краю правёў вугалем чорную рысу — вызначыў таўшчыню бартоў. Затым з бакоў пасталі маладзейшыя мужчыны, паплявалі на далоні, мацней абхапілі ручкі крамянёвых цяслаў i пачалі вычэсваць — выдзёўбваць сярэдзіну чоўна.
Наступіла восень. Зажаўцелі бярозы на азёрным беразе, зачырванелася лісце на асінах. Нізка над зямлёю пераляталі шпакі. Дзед маленькай вострай цяслой апошні раз прайшоўся па краях чоўна, выгладжваючы шурпатасці. Затым галавешкай намаляваў на носе даўбёнкі кола з крыжам усярэдзіне — знак сонца, i мужчыны дружна пасунулі човен да вады. Напінаўся побач з імі i хлопчык.
Нарэшце белы човен слізгануў па камянях i крануўся вады. Яшчэ намаганне — i ён загайдаўся на хвалях. Радасна закрычалі мужчыны.
I мусіць, больш за ўсіх радаваўся хлопчык — ён жа таксама дапамагаў рабіць човен!
Дзед пасадзіў у човен унука, сам сеў на карме i адштурхнуўся вяслом ад берага. Нос даўбёнкі легка рэзаў невысокія хвалі, кіраваўся на глыбіню. Хлопчык апусціў руку за борт i адчуў, як пераліваецца паміж пальцамі халаднаватая азёрная вада.
Насупраць вялікага каменя на касе, дзе возера мела найбольшую глыбіню, якую нельга было змераць нават самай доўгай жардзінай, дзед перастаў веславаць. Ен дастаў з торбы нізку сушанай рыбы, прывязаў да яе камень i апусціў за борт. Нізка пачала хутка знікаць у глыбіні. I хлопчыку здалося, як быццам да рыбы кінуўся нейкі вялізны цень i ўсё прапала, толькі забурліла вада.
— Дзякуй табе, Вадзяны дух,— прашаптаў дзед, які таксама пільна ўзіраўся ў ваду.— Доўга паслужыць гэты човен,— разгінаючыся, уголас дадаў ён i зноў узяўся за вясло.
З ЧАГО ВЫРАСТАЕ ПШАНІЦА
Каля шасці тысяч гадоў назaд. Гэта магло быць у Закаўказзі — там, дзе сустракаюцца дзікарослыя расліны, прыдатныя для акультурвання