Выбрать главу

НА ВОЗЕРЫ

Каля пяці тысячагоддзяў назад. На мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў на Віцебшчыне

Прасторнае возера з нізкімі, там-сям забалочанымі берагамі. Лясы навокал, у нізіне — альховыя, бярозавыя ды яловыя, а на паўднёвым высокім беразе сінее непраходны бор. На выспах пасярод возера, на сушэйшых грудках каля берага размясцілася некалькі вёсачак новакаменнага веку. Хаткі па дзве-чатыры ў кожнай.

У навакольных лясах ды на балотах шмат рознай дзічыны, i туды нярэдка кіруюцца паляўнічыя, але ўсё ж большасць свайго часу 'жыхары праводзяць на возеры. Не толькі мужчыны, але дзеці i нават жанчыны. I ўсё таму, што азёрныя затокі багатыя рыбай, шмат яе i ў рэчцы, што выцякае з возера.

З берага каля лазовых кустоў вудзяць рыбу малыя. Вуды ў ix тонкія, з арэхавых прутоў, i касцяныя кручкі несамавітыя, маленькія. Але ўсё ж кручкі як мае быць — з вушкам, за якое прывязваецца валасяная лёска, i з зазубнем, на якім звіваецца чарвяк.

Дарослыя вудзяць з чоўна на глыбіні, за трыснягом. Вуды ў ix моцныя i касцяныя кручкі — не кручкі, a сапраўдныя гакі з насаджанымі на ix жыўцамі. А на жыўца вудзіцца не якая там малеча, а пудовыя шчупакі i вусатыя, учарнелыя на бездані самы. Паміж зубамі такой здабычы свабодна кладзецца чалавечы палец. Калі шчупак, заглынуўшы жыўца, знянацку рване ўбок, то вузкі човен-даўбёнка можа i кульнуцца.

А вось рыбакі перагарадзілі затоку сплеценай з лубяных суканых нітак сеткай з берасцянымі трубачкамі-паплаўкамі i глінянымі грузіламі. Рыбакі пахапаліся за вяроўкі i дружна цягнуць сетку на мелкаводдзе. На беразе ўжо чакаюць з кошыкамі i торбамі жанчыны, дзеці, i па таму, як натужваюцца рыбакі, як віруе вада каля сеткі, ужо здагадваюцца, што ўлову хопіць на доўгі час.

Вясною, калі рыба ідзе на нераст у залітыя вадою прыбярэжныя балоты ці ў возера па рэчцы з недалёкае Дзвіны, яе б юць касцянымі гарпунамі, прымацаванымі да доўгіх дрэўкаў. У каго ўпэўненая рука i меткае вока, страляюць рыбу з лука, калі тая адпачывае блізка ля паверхні вады. Але раненая рыбіна можа ўцячы ў глыбіню разам ca стралою. А гэта шкада, бо прападуць i страла, i крамянёвы наканечнік — майструй тады новыя.

Нашы продкі, канешне ж, лавілі ракаў i ў вялікай колькасці. Бо ў тым каменным веку ў крыштальна чыстай вадзе азёр i рэчак ракаў была безліч. Паспрабуйце ўявіць сабе, як ix выцягваюць з сеткі i засоўваюць у мех. А той ужо амаль поўны. I калі прыслухацца, чуваць шоргат у мяшку — гэта труцца хіцінавыя панцыры ракаў. Хлопчыкам падабаецца такі занятак. Яны скачуць па краі берага, выганяючы ракаў з нор, хапаюць вусачоў за спінкі i выкідваюць на траву. Потым збіраюць ix i нясуць да вогнішча. Спечаныя на вуголлі, пачырванелыя, духмяныя — якая гэта смаката!

ПЕРАМОЖАЦ АКУНЯ

Чатыры з лішнім тысячы гадоў назад. На адным з мядзельскіх азёр

Лепшага рыбака, чым Другак, сярод хлопцаў прыазёрнага паселішча не было. Возера i рака тыя ж самыя i вуды ва ўсіх аднолькавыя, а вось у Другака i клюе часцей, i рыба за кручок хапаецца большая.

А яшчэ ён налаўчыўся лавіць рыбу i рукамі, ныраючы пад карчы, пад абрывісты бераг або абмацваючы густыя водарасці. I часам цягаў такім спосабам плотак ці язёў больш, чым іншы няўдаліца вудай. Праўда, можна было па памылцы засунуць руку ў нару да вадзянога пацука...

Зайздросцяць Другаку суседскія хлопцы, а некаторыя навыдумлялі, што гэта дзядуля шапнуў яму чароўнае слова, якім можна прывабіць рыбу.

Толькі ніякага такога слова Другак не ведае. Проста ён вельмі любіць быць каля вады i вывучыў усе звычкі рыбы: i калі жыруе, i якую казюрку ці чарвяка больш падабае, i якія ёй прынаднейшыя мясціны. Таму вось i не вяртаецца з рыбалкі з пустымі рукамі.

Але сёння... Гэта ж трэба, каб так не пашанцавала! Насадзіў на касцяны кручок самага тлустага чарвяка, расправіў, каб не заблыталася, моцную лёску, ссуканую з валасоў хваста ляснога каня, i закінуў вуду ў рэчку пад чаромхавы куст, дзе крыху закручвала ваду i паміж водарасцямі была нейкая прагаліна.

Доўга i не чакаў. Рыбіна глынула спажыву амаль адразу ж i дала нырца ў глыбіню — паплавок толькі боўтнуў i знік пад вадою. Другак мацней ухапіўся за вудзільна, яно ажно выгнулася пад цяжарам здабычы, але... на бераг выцягнулася адна лёска, без рыбіны i нават без кручка. Стрыжань кручка, праўда, застаўся, зазубень жа быў адламаны.

Другак асцярожна зірнуў у ваду i прыкмеціў, як паміж водарасцей плавае вялізны акунь — чарвяк яму спадабаўся. Бачна, чакаў другога. Хлопчык прывязаў да лёскі запасны кручок, начапіў яшчэ тлусцейшага чарвяка. I ўсё паўтарылася спачатку — рыбіна зноў адламала зазубень i глынула разам з чарвяком...