У сапсаваным настроі Другак паглядзеў у бакі. На беразе рэчкі сцішана сядзелі з вудамі іншыя хлопчыкі. Бліжэйшыя краем вока цікавалі за ім. Некаторыя, здавалася, нават пасміхаліся.
Хлопчык скруціў вуду i падаўся да возера. Пачынала прыпякаць.
Рыба i так зараз не будзе брацца, да таго ж не было запасных кручкоў. Другак паплаваў каля трыснягу, а потым лёг на прыбярэжны цёплы пясок. Чакаў, пакуль сонца падымецца ў самую вышыню. Тады рыба пачне хавацца пад карчы9 у траву.
Не цярпелася, бо прыкрае здарэнне з кручкамі не давала супакоіцца. Нарэшце рыбакі з вудамі на плячах i з нізкамі рыбы на лазовых дубцах перайшлі мелкаводдзе каля вытоку рэчкі з возера i падаліся ў паселішча.
Другак перачакаў, калі апошнія хлапчукі зніклі за прыбярэжнымі вербамі, i вярнуўся на рэчку да таго ж чаромхавага куста. У прагаліне паміж водарасцямі было пуста. Акунь адпачываў недзе ў схованцы, ператраўляючы спажыву i другаковы кручкі.
Хлопчык скінуў рубашку, зайшоў вышэй па цячэнню ад куста некалькі крокаў i даў нырца. Цячэнне паволі зносіла ўніз, i ён уважліва аглядаў пад вадою кожны корч i вымоіну ў беразе. Пад каранямі чаромхі прыкмеціў пячорку, a ў ёй тоўсты акунёвы нос, Рыбіна драмала.
Ніжэй куста Другак, як паплавок, выскачыў на паверхню — не хапала паветра. Вылез на бераг, аддыхаўся. Затым нырнуў яшчэ раз. Зараз плыў проста да вымоіны пад чаромхай. Асцярожна прасунуў у яе руку i ўхапіўся за слізкае цела акуня. Рыбіна магутным рыўком тузанулася са сваёй схованкі i кінулася ў глыбіню, цягнучы за сабою хлопчыка, які не адпускаў рук. Другак боўтаў нагамі, стараючыся зачапіцца за які корч. У лёгкіх не хапала паветра, i, як толькі рыбак адпусціў адну руку i пачаў выграбаць на паверхню, акунь крутануўся яшчэ мацней i вырваўся.
Змучаны, абколаты вострымі плаўнікамі акуня, Другак доўга сядзеў на беразе, адпачываючы. Рукамі хлопчык мог лавіць рыбу не горш чым вудаю, але зараз вельмі ж буйная трапілася. Адпачыўшы, хлопчык накіраваўся ў паселішча.
— А дзе ж рыба? — здзівіўся бацька.
— Сарвалася...— неахвотна адказаў хлопчык.— Дай, тата, кавалак старой сеткі. Хачу зрабіць сачок на акуня.
Вярнуўшыся на рэчку, хлопчык асцярожна, каб не плёскаць, апусціўся ў ваду. Учапіўшыся адной рукой за чаромхавы корань, другой падвёў сачок да пячоркі з акунём. Затым засунуў у акунёвую схованку палку, i адтуль, прама ў сачок, кінулася рыбіна. Хлопчык перахапіў сетку каля кольца, i здабыча апынулася ў пастцы. Яна ўжо не магла даць волі дужым плаўнікам i пацягнуць рыбака ўглыб. Другаку даволі легка ўдалося вынырнуць на паверхню і, чапляючыся за галіны куста, выбрацца на бераг. Да грудзей ён моцна прыціскаў сачок з рыбінай.
Хлопчык паважна ішоў праз паселішча, несучы за спіною сачок, у якім яшчэ зрэдку біў хвастом акунь.
Падыходзілі суседзі, мацалі рыбіну i прыгаворвалі:
— Вось малайчына, такога акуня злавіў!
A хлопчыкі беглі следам i прасілі:
— Дай пранесці!
Але Другак не звяртаў на ix увагі.
ЗБІРАЛЬНІЦА ЗЁЛАК
Чатыры тысячы гадоў назад. Каля Спораўскага возера, што на Брэстчыне
Цёплая i светлая чэрвеньская ноч. Ружавее паўночны небасхіл, за якім у вогненным чоўне праплывае нябачнае зараз сонца, што дае жыццё ўсяму існаму на зямлі. Паступова гэта ружовасць перасунецца на ўсход, там яшчэ больш пасвятлее неба. I так будзе святлець, ажно пакуль сонца не выгляне з-за калматых ялін. I тады настане дзень — самы доўгі ва ўсім годзе, пасля самай кароткай ночы.
Ноч гэта асаблівая, напоўненая цудамі, калі Духі даюць людзям таемную ўладу над раслінамі, звярамі i птушкамі. Праўда, не ўсім, a толькі выбраным, «пасвечаным». Такою «пасвечанаю* i была старэнькая бабулька, якая гэтай ноччу хадзіла па лясных прагалінах непадалёку ад паселішча i збірала лекавыя расліны.
Прыглядаецца старая, разгортвае зараснікі травы, ірве расліны i засоўвае ix у палатняную торбу, павешаную праз плячо. Нізка нагінаецца да зямлі, бо падслепаватыя старэчыя вочы бачаць слаба, i ўсё нешта мармыча сабе пад нос. Калі б падысці бліжэй, то можна было б пачуць, што гэта бабулька кажа замовы. Але падыходзіць нельга, бо ад чужога вока зёлкі страцяць сваю чароўную моц.
Ноч перайшла ў раніцу, i вось-вось павінна выкаціцца сонца. Тады старая разгінаецца i ідзе ў паселішча — зёлкі можна збіраць толькі ноччу.