Выбрать главу

Вось такім чынам, мабыць, нашы продкі i прыручылі, зрабілі свойскімі дзікіх дагэтуль жывёлін. Пачалі жыць i размнажацца ў загонах, а потым i хлявах каровы, авечкі, козы, свінні, коні.

Але самай першай свойскай жывёлінай стаў сабака. Яго прыручылі яшчэ ў сярэднім каменным веку — у мезаліце. Сабака быў вартаўніком, дапамагаў на паляванні.

Земляробства зарадзілася на поўдні, дзе меліся дзікарослыя продкі культурных раслін, i адтуль распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі. Жывёлагадоўля ж магла ўзнікнуць самастойна i на тэрыторыі Беларусі, бо ў лясах над Дняпром, Прыпяццю, Нёманам, Дзвіною вадзіліся некаторыя продкі свойскіх жывёлін — тур, дзікая свіння, лясны конь.

ШАХЦЁРЫ КАМЕННАГА ВЕКУ

Больш як чатыры тысячы гадоў назад. Каля сучаснага пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне

Стараецца рака Рось, падмывае на паваротах пясчаныя берагі, хоча хутчэй, напрасткі трапіць да недалёкага адсюль Нёмана. У левабярэжжы высокія ўзгоркі падступілі да самай ракі, а з правага боку яны ўзвышаюцца зводдаль, кіламетраў за пяць. Рачны поплаў зарос хмызняком i вербамі, a ўзгоркі шчаціняцца хвоямі, кучаравяцца ліпамі, грабамі i дубамі.

У рэдкалессі паміж дубоў цягнецца да святла гонкі арэшнік, на якім ужо пачалі цвярдзець арэхі. У зацені гушчару сцелецца па доле зяленым дываном заечая капуста. Даспяваюць на схілах узгоркаў маліны, добра ўжо прарэджаныя мядзведзямі i птушкамі. На прагалінах наліваецца трава-зуброўка таемнымі сокамі зямлі. I над усім гэтым у ясным небе шчыруе жыццядайнае сонца.

Паміж узгоркаў таксама лес, нізка рослы i рэдкі, бо тут амаль на самай паверхні залягае крэйда, Нізіны ў многіх мясцінах перакапаны, завалены грудамі крэйды, навокал — мноства бітага крэменю. Такое ўражанне, што тут папрацавалі лычамі нейкія казачныя дзікі-веліканы. I лес моцна высечаны, а там-сям i выпалены.

У нізінах шмат шахтаўкапальняў па здабычы крэменю, які цэлымі пластамі залягае ў крэйдавай тоўшчы. Шахты капаюць даўно, можа ўжо з паўтысячы гадоў, але залежы крэменю ў тутэйшай зямлі не бяднеюць. Яго хапае ўсім.

Які-небудзь прышэлец з далёкага Падзвіння, дзе нават маленькі крэмень — рэдкая знаходка, вельмі здзівіўся б:

«Навошта капаць шахты, калі навокал пад нагамі (за жыццё не пазбіраеш!) валяюцца вялікія i малыя кавалкі белага ад крэйды крэменю».

Канешне, розныя дробныя прылады — скрабкі, нажы, праколкі можна было рабіць i з гэтага «падножнага» матэрыялу. Але для якой буйной рэчы — цясла або сякеры — такі крэмень не падыходзіў, ён быў высахлы i крохкі. Для такіх мэт першабытны чалавек шукаў крэмень, які залягаў у зямной тоўшчы i быў «мокры».

Калі свежаадкапаны крамянёвы камень разбіць i памаца ць расколіны, пальцы адчуваюць вільготную паверхню. А як цудоўна такі крэмень расколваецца! Нават ад слабага удару. Са звонам, як шкло. На вялікія пласціны або кавалкі з роўнымі плашчынямі i вострымі краямі.

На схіле бліжэйшага да вады ўзгорка ў зацені дрэў бачна некалькі буданоў. Гэта часовы пасёлак старажытных шахцёраў, якія прыйшлі сюды з блізкіх i далёкіх мясцін здабываць крэмень. Сцены буданоў аплецены галлём, стрэхі накрыты трыснягом, кавалкамі кары, старымі шкурамі.

Перад буданамі гарыць вялікае вогнішча, над якім смажацца нанізаныя на дрэўка дзіды кавалкі мяса. Пасля снедання некалькі маладзейшых мужчын з лукамі i дзідамі падаліся ў пушчу на паляванне. Ім трэба здабыць свежай дзічыны на заўтрашні дзень. Астатнія мужчыны, закінуўшы на плечы скруткі раменных вяровак, скураныя мяшкі з шахцёрскімі інструментамі, пайшлі да выпрацовак у суседняй даліне.

Яшчэ дні тры назад у крэйдзе выкапалі вертыкальны калодзеж — шахтны ствол у два чалавечыя росты. Калі дасягнулі крэмняноснага пласта, пачалі яго выбіраць, пашыраючыся ў бакі — выкопвалі падбоі, як норы. A паміж падбоямі пакінулі выступы — цалікі. Гэта, каб не абвальвалася скляпенне. У адным месцы такою доўгаю нарою дасягнулі суседняй глыбокай шахты. Атрымаўся праход — штрэк.

...Вось адзін шахцёр ударамі кайла з рога высакароднага аленя адбівае крэйду, яна з ціхім шоргатам сыплецца на дно шахты. Другі зграбае друз i сыпле яго ў скураны мяшок. Мяшок нарэшце напоўнены. Гукнулі памагатым наверх. Напялася вяроўка. Пачаў падымацца цяжкі груз, закрываючы блакітны кружок неба ў вусці шахтавага калодзежа. Наверсе друз высыплюць, a парожні мяшок зноў апусцяць у выпрацоўку — толькі паспявай напаўняць.