Чалавек з кайлом ужо прытаміўся, але мяняцца з суседам не хоча, бо са сценкі капальні паказаўся цёмна-шэры бок крэменю. Зараз шахцёр адклаў кайло, узяўся за завостраны адростак рога — капач — i пачаў ім адкалупваць крэйду вакол каменя. Потым, крэкнуўшы ад натугі, вылузнуў крэмень са сценкі.
— Ого,— падступіўся бліжэй другі шахцёр.— З такога «кавалачка» з дзесятак сякер выйдзе...
Даследаваць крэмнездабыўныя шахты археолагу адна асалода. Крэйдавы друз легка выграбаецца з засыпаных выпрацовак, i тады агаляюцца сценкі з мноствам глыбокіх баразёнак i драпін, якія засталіся ад удараў гарняцкім інструментам. Вузкія ўваходы ў падбоі i штрэкі зашмальцаваны вопраткаю, дно шахты шчыльна ўтаптана нагамі. А на скляпеннях бачны закураныя пісягі — ачышчалі ад вуголля лучыны, якімі асвятлялі цямнейшыя куткі выпрацовак.
Улезеш у такую расчышчаную шахту, глядзіш i дзівуешся на плён працы далёкага продка — усё быццам учора зроблена.
На Беларусі старажытныя шахты па здабычы крэменю знойдзены ў Ваўкавыскім раёне на Гродзеншчыне кадя населеных пунктаў Краснасельскі, Рось, Карпаўцы. Пэўна, існавалі яны i ў іншых багатых крэйдаю i крэменем мясцінах — у ваколіцах Гродна, каля Песак на рацэ Зальвянцы, у нізоўях Дзітвы. Тут сустракаецца мноства крэмнеапрацоўчых майстэрань, якія амаль заўсёды спадарожнічалі шахтам.
СМЕРЦЬ СТРОНГА
Чатыры тысячы гадоў назад. На беразе Нарачы
Паміраў Стронг. Ляжаў на нізкім лежаку, прыкрыты кажухом. Быў без памяці. Трызніў. Дыхаў хрыпла, быццам нехта нябачны яго душыў.
У хаціне сабралася ўся шматлікая сям'я Стронга. Прыйшлі i родзічы, якія жылі ў суседніх сем'ях. Усе з надзеяй глядзелі, як мясцовы шаптун i лекар, ён жа чараўнік-вядзьмар, мармыча над хворым закляцці ад благой сілы.
Душна ў хаціне. Дурманіць пах паленых зёлак, якія вядзьмар час ад часу кідае на вугалі агнішча.
Стронгу не лепшае. Наадварот, усё натужлівей ён дыхае, з перарывамі.
— Гэта Чорны дух увайшоў у кроў Стронга i душыць яго,— затрос сівымі пасмамі валасоў вядзьмар.— Трэба пусціць кроў, i Чорны дух пакіне хворага ў спакоі.
Вядзьмар дастаў са скураных ножнаў на пасе вузкі крамянёвы нож i надрэзаў вену на руцэ Стронга. Паказалася цёмная кроў i вяла пацякла па сіняватай скуры. Хворы перастаў кідацца на лежаку i як быццам супакоіўся. Надзея засвяцілася ў вачах прысутных.
Вядзьмар прыклаў руку да грудзей Стронга i не адчуў біцця ягонага сэрца. Мужчына быў мёртвы. Вядзьмар на імгненне разгубіўся: «Можа кроў i не варта было пускаць? Лепш было б напаіць адварам лекавых замоўленых траў... Але як было напаіць, калі хворы страціў прытомнасць?» Вядзьмар адагнаў сумненні: «Калі чалавек памёр, значыць, так трэба духам»,— i абвясціў прысутным, узняўшы худыя рукі над галавою:
— Духі захаду ўзялі Стронга з сабою!
Пасля гэтых слоў вядзьмар кінуў на вугалі нейкія высушаныя карэньчыкі, з якіх пайшоў жаўтаваты дым. Вядзьмар пачаў удыхаць гэты дым; хутка яго вочы сталі як лёд, нерухома ўтаропленыя ўдалечыню, i ён пачаў выкрыкваць, кружачыся вакол памёрлага:
— Бачу! Душа Стронга выходзіць... праз сцены... да берага... лёгкая... духі захаду... у чоўне... за сонцам... у Краіну продкаў... плывуць... туман!
A ў гэты час сын Стронга скурчыўся за спінамі дарослых у куце хаціны i горка плакаў, прыціскаючы кулачкі да мокрага ад слёз твару. Навошта духі забралі яго тату? Хто ж зараз павядзе яго на рыбу, хто зробіць яму вясной з лазовага сука свісцёлку, хто пакажа ў лесе вавёрчына гняздо? Горка плакаў хлопчык, бо са свайго, хоць яшчэ i невялікага, вопыту ведаў, што з Краіны продкаў назад ніхто не вяртаецца i што ніколі у яго больш не будзе таты...
Стронга хавалі назаўтра. Мужчыны знайшлі ў лесе таўшчэзную бярэзіну з роўным камлём i знялі з яе кару на рост чалавека, надрэзаўшы зверху i знізу i рассекшы ўздоўж. Атрымалася гладкая труба, у якую i ўклалі памёрлага. Адтуліны на канцах трубы закрылі таксама карой, прымацаваўшы драўлянымі клінкамі.
Вядзьмар расцёр на каменнай плітцы кавалак чырвонай охры, змяшаў яе з тлушчам i пачаў размалёўваць гэту труну з кары. Ен набіраў охру на палец i выводзіў на белай бяросце выгнутыя чоўны, а над чоўнамі прамяністыя сонечныя кругі.
Затым мужчыны на дрэўках дзідаў паднялі труну i панеслі Стронга ў апошні шлях, да высокага азёрнага берага, дзе былі могілкі. Там загадзя была выкапана доўгая i глыбокая яма, на памеры труны. Дно ямы пасыпалі распаленымі вугалямі, каб агонь ачысціў мясціну спачынку Стронга. Апусцілі берасцяную труну, пасыпалі яе охрай — сімвалам крыві i ўваскрашэння, побач паставілі гаршкі з ежай, паклалі зброю i засыпалі магілу. А зверху яе на пясчаным грудку ўкапалі высокі слуп, на якім быў высечаны духахоўнік.