Выбрать главу

...Адзінока i пуста стала на зямлі для малога стронгавага сына. Увесь дзень пасля пахавання i наступныя дні ён блукаў па наваколлі, вяртаючыся дахаты толькі позна вечарам. Кружыў па лесе, каля балот, па азёрным беразе. Падыходзіў да аброслых мохам валуноў, да свяшчэннага дуба на ўзгорку, да віроў у рэчцы. Прасіў у ix дапамогі. Працягваў рукі да гарачага сонца, маліў яго.

Маўчала ўсё навокал: лес, вада, сонца i месяц, белыя воблакі на небе. А старэйшыя казалі, вядзьмар таксама, што ва ўсім: у камянях, дрэвах, азёрнай вадзе, рачных вірах — жывуць духі, якія кіруюць чалавечым лесам, дапамагаюць або шкодзяць яму. I над усім існым пануе сваёй моцаю нябеснае свяціла.

Дык чаму ж тады духі i сонца не дапамогуць сыну Стронга, ён жа ix так горача, так слёзна просіць вярнуць яму тату?

ПРЫВЕЗЛІ БУРШТЫН

Чатыры тысячы гадоў на зад. На берагах Дзвіны непадалёку ад сучаснага горада Дзісны

Вялікая вайна, што доўгі час вялася з паўночнымі пляменамі, неяк супынілася сама сабою. Бачна, абодва бакі нарэшце стаміліся рабаваць, паліць i нішчыць, падпільноўваць адзін другога на паляўнічых сцежках, сыходзіцца грудзьмі на лясных прагалінах i забіваць.

Скончылася, а можа лепш сказаць пачалося, тым, што аднойчы на глухім беразе Дзвіны сустрэліся дзве групы паляўнічых з ваюючых плямён. Сустрэліся i ўпершыню за многія гады не схапіліся за зброю, a моўчкі разышліся, кожны ў свой бок. Так i пайшло — калі даводзілася сустракацца, разміналіся. I ніхто не ўспамінаў пра святыя законы кроўнай пометы, бо ўжо даўно не маглі далічыцца, у каго болей забітых i хто каму застаўся вінен гэтай помсты...

I вось аднаго разу ў канцы вясны, калі спала паводка i Дзвіна паспакайнела, знізу ракі паказаўся човен з двума веслярамі. Ен паволі сунуўся супраць плыні паўз бераг, а затым скіраваўся да камяністага вострава пасярод ракі. Да яго i прыстаў.

Насцярожана цікавалі мясцовыя жыхары з прыбярэжных схованак за прышэльцамі з поўначы, якія ўпершыню былі без зброі i толькі ўдваіх... I што ім трэба на гэтым дзікім востраве?

— Ды гэта ж прывезлі бурштын,— нарэшце здагадаліся старэйшыя,— сонечны камень з берагоў салёнага возера, якому няма канца-краю!

У мірны час, такі далёкі зараз, што нават не верылася, ці быў ён, па рацэ на чоўнах i проста пяшком па беразе кіраваліся ў розныя напрамкі людзі з торбамі цераз плячо. Да суседзяў на мену. Везлі i неслі, што хто меў,— бурштын, крэмень, охру, зерне, сабаліныя шкуркі.

I яшчэ ўспомнілі старэйшыя, як ім апавядалі дзяды, што калісьці так i абменьваліся на гэтым востраве, завочна, пакідаючы тавар на выбар i беручы сабе ў абмен, што прыгледзелася.

Праз нейкі час човен з веслярамі пакінуў востраў i паплыў уніз па рацэ. Затым знік за паваротам. Прыбеглі разведчыкі i паведамілі, што паўночныя людзі спыніліся за вусцем Ручая ў трыснягу. На бераг не выходзяць, сядзяць у чоўне. Іншых жа чужакоў у наваколлі не бачна. Значыць, тыя ў чоўне будуць вяртацца, каб зірнуць, што паклалі ў абмен на бурштын.

Пераканаўшыся, што людзі з паўночнага племені ўсур'ёз хочуць пачаць мену i што гэта ніякія не ваенныя хітрыкі, паплылі на востраў. Там на вялікім плоскім камені ляжала разасланая шкурка, а на ёй выкладзены розныя бурштынавыя вырабы: масіўныя пацеркі-падвескі з прасвідраванымі адтулінамі, доўгія трубачкі, плоскія кольцы, круглыя i квадратныя гузікі. Цэлае багацце было пакінута на шкурцы!

Рашылі не скупіцца i мясцовыя жыхары. Разаслалі побач таксама шкуру забітага звера i выклалі на яе адмыслова падабраныя кавалкі крэменю, нарыхтоўкі крамянёвых сякер, гурбачкі доўгіх вастрарэберных пласцінак. Усё гэта было неабходна для вырабу прылад працы, a ўласнага крэменю ў зямлі паўночных плямён не было.

Прышэльцы крэмень забралі ўвесь i ў дадатак да пакладзенага раней тавару пакінулі цудоўныя бурштынавыя каралі — нанізаныя на сухажылле адпаліраваныя падвескі. Мусіць гэтыя каралі былі падарункам людзей поўначы ў знак таго, што яны хацелі б i надалей прыплываць сюды, абменьваць бурштын на крэмень, што яны хацелі б жыць мірна на берагах гэтай вялікай ракі Дзвіны.

Параіліся i рашылі — няхай каралі будуць дачцэ Першага старэйшыны прыгажуні Куніцы. Усе сыны старога ca славаю загінулі ў баях, засталася ў яго адзіная ўцеха — дачка. Куніца была не толькі прыгожай, але i разумнай дзяўчынай.