— Можна,— папрасіла яна,— я ахвярую гэтыя каралі рацэ?
I бацька дазволіў, a ўсе старэйшыны родаў таксама згодна заківалі галовамі.
Дзяўчына паднесла да вады каралі, якія пераліваліся пад сонцам празрыстым мядовым колерам.
— Вазьмі, Дзвіна, наша маці-карміцелька, гэту аздобу з сонечных каменьчыкаў. А за гэта давай нам рыбу i трымай моцна на сваіх хвалях нашы чоўны. I яшчэ пашлі нам, Дзвіна, доўгі мір.
Расціснула кулачкі дзяўчына — саслізгнулі каралі ў хуткі рачны струмень. Прыняла ахвяру рака. I сталася так, як прасіла Куніца.
Дагарэлі першабытныя вогнішчы. Тыя, хто грэўся каля ix, адплылі ў нябыт па Рацэ часу. Але жылі яны не марна i зніклі не бясследна. Чаго б мы былі вартыя сёння, каб людзі яшчэ на світанку сваёй гісторыі не навучыліся здабываць агонь, вырабляць прылады працы, прыручаць жывёл, вырошчваць расліны? Наступныя эпохі — бронзавы, жалезны вякі — прынеслі новыя адкрыцці i здабыткі, але яны былі б немагчымыя без дасягненняў каменнага веку.
Нашы далёкія продкі: мужныя паляўнічыя i воіны, руплівыя збіральнікі i рыбакі, працавітыя земляробы i жывёлаводы — перадалі паходню жыцця сваім нашчадкам. На працягу доўгіх тысячагоддзяў пераходзіла яна ад пакалення да пакалення. Ажно пакуль не трапіла да нас з вамі. Каб мы трымалі яе высока i не давалі пагаснуць. Каб памяталі пра мінулае i клапаціліся пра будучае.