Выбрать главу

I так, падкладаючы дровы, падтрымлівалі агонь шмат дзён. А затым зноў прайшоў дождж, i агонь патух.

Каля трыццаці тысяч гадоў назад. Непадалёку ад сучаснага Гомеля

У будане, накрытым мамантавымі шкурамі, гарыць вогнішча. Сіняватае полымя танцуе на расшчэпленых костках. Косткі гараць добра. A сапраўдных «драўляных» дроў няма, бо навокал тундра.

Зараз зіма. Лютуе завіруха, ажно ўздрыгваюць падпоры ў будане. Але ў ім цёпла. А дым? Што ж, яго можна перацярпець. Каля вогнішча заўсёды сядзяць старыя жанчыны — адна або дзве. Ix абавязак — шчапаць i падкідаць у агонь косткі. Нельга, каб агонь пагас. Зімою — гэта смерць для ўсяго статна першабытных людзей.

Вогнішча гарыць ужо шмат дзесяцігоддзяў. Не згасаючы. Пад ім набраўся таўшчэзны пласт шэра-сіняватага касцянога вугалю. Калі агонь пагасне, яго трэба пазычаць або здабываць сілай у суседзяў, якія далёка-далёка адсюль. Агнём у той час людзі карысталіся пастаянна, хоць самі здабываць яго яшчэ не ўмелі. Але гэты агонь у будане не пагаснеБо старыя даглядчыцы адказваюць за яго ўласным жыццём...

Каля трынаццаці тысяч гадоў назад. На Прыпяці

Гарпун, выразаны з лапаткі паўночнага аленя, амаль гатовы. Бакі яго гладка абструганы, а зубцы завостраны. Засталося толькі зрабіць у насадзе дзірку, з дапамогай якой прылада прымацоўваецца да дрэўка.

Стары паляўнічы прыціснуў каленам гарпун да плашчака, прыставіў да насады палачку з крамянёвым свердлам i пачаў раскручваць яе далонямі то ў адзін, то ў другі бок, Пасыпалася касцяное шэрае пілавінне.

Але сёння нешта не працавалася старому. Хутка стамляліся рукі. Саслізгваў свердзел.

— Сынку! — гукнуў стары шыракаплечаму юнаку, які каля хаціны выстругваў для гарпуна дрэўка.— Дасвідруй, а я крыху адпачну.

Юнак, як i толькі што яго бацька, сагнуўся над гарпуном. Ен быў дужы i раскручваў свердзел так хутка, што толькі мільгацелі рукі. Захапіўшыся, ён нават перастараўся, i свердзел урэзаўся ў драўляны плашчак. Сутыкненне хуткарухомага крэменю з дрэвам выклікала моцнае награванне, i з плашчака пайшоў дым.

— Стой, што ты робіш? — спалохана закрычаў стары. Але сын i сам ужо спыніў працу i здзіўлена аглядаў абвугленую ямку ў дрэве. Потым памацаў яе пальцам i ўскрыкнуў — пячэ.

Што пры трэнні рэчы награваюцца, чалавек ведаў даўно. Напрыклад, награваўся скрабок, якім здзіралі мяздру, каб зрабіць шкуру забітай жывёлы мяккай. Але калі вельмі моцна пацерці крэменем аб дрэва, то пойдзе дым — з такім яшчэ не сустракаліся.

Юнак не раз потым паказваў сваім аднагодкам гэты цуд са свердлам i сухім драўляным плашчаком. I кожны раз ішоў дым.

Можа аднойчы гэты юнак ці яго таварыш паспрабаваў так крутануць адной палачкай без крэменю. Дыму адразу пабольшала, i дрэва загарэлася!

Каля дванаццаці тысяч гадоў назад. Можа дзесьці пад Мінскам

На ўскрайку паселішча на валуне сядзіць чалавек i аббівае кавалак крэменю — робіць нуклеус (археалагічны тэрмін для абазначэння крамянёвага абабітага жаўлака). З яго потым можна будзе сколваць розныя адшчэпы i пласцінкі для таго, каб майстраваць наканечнікі стрэлаў, праколкі, разцы, скрабкі, нажы i шмат чаго іншага.

Удар, яшчэ ўдар. Адскокваюць ад крэменю розныя непатрэбныя выступы. Прыжмурваецца майстар, каб востры асколак не трапіў у вока. Ды, ай, якая няўдача! — такі зручны, як буслінае яйка, адбойнік з пясчанікавай галькі трэснуў i разваліўся.

Мужчына пачаў шукаць, што б прыстасаваць пад новы адбойнік. I тут успомніў, што яшчэ ўчора, збіраючы крэмень у рачной даліне, знайшоў камень, буры i цяжкі. Хацеў спачатку шпурнуць знаходку ў ваду, але ж вельмі камень быў нязвыклы. Падумаў i пакінуў сабе.

Чалавек пайшоў у хаціну i вярнуўся з учарашняй знаходкай. Зноў прысеў на валун, прымеркаваўся, стукнуў новым адбойнікам па крэменю... i анямеў, уражаны. Нярэдка бывала пры апрацоўцы камянёў, што з-пад адбойніка выляталі іскры. Але зараз пры ўдары бурым каменем аб крэмень вылецеў цэлы сноп іскраў. Доўгіх, сляпучых. Мужчына ўжо не думаў пра свой асноўны занятак, а разпораз біў адбойнікам па крэменю. I тут заўважыў, што сухая трава каля валуна, куды якраз траплялі іскры, задымілася, а потым успыхнуў i агеньчык. Чалавек зачаравана глядзеў на гэту незвычайную з'яву.

Вось агеньчык ператварыўся ў сапраўднае полымя, якое пачало падбірацца да хаціны. Як быццам прачнуўшыся, мужчына ўсхапіўся i затаптаў агонь. Затым чалавек адышоў далей ад паселішча, наскуб сухой травы i ўдарамі таго ж бурага каменю аб крэмень зноў запаліў агонь.