Выбрать главу

Далека па наваколлі прагучаў пераможны крык людзей. Жанчыны i дзеці, старыя i хворыя — хто толькі мог рухацца — пайшлі i пабеглі з паселішча да мамантавай сцежкі, дзе паляўнічыя ўжо кідалі на звера цяжкія камяні, калолі яго дзідамі.

Мамант яшчэ ўздымаў хобат i раз'юшана трубіў, яшчэ тузаўся ў пастцы, абрушваючы са сценак ямы зямлю. Але ўжо быў асуджаны...

МАЛАДЫ МАСТАК

Каля дваццаці шасці тысяч гадоў назад. На бе разе ракі Судасць каля сучаснай вескі Елісеевічы, што на Браншчыне

Цёплы сонечны час перад паўднём. Пад пясчаным абрывам на беразе невялікага ручая сядзіць старая жанчына. Побач корпаецца ў пяску напаўголы хлопчык гадоў шасці — яе ўнук.

Уніз па цячэнню ручая праз хмызняк паблісквае на сонцы шырокая вада. Там рака. Калі зірнуць уверх на край абрыву, бачна голле ялін i вяршыні невялікіх бярозак. Далей нічога не відаць, але там крыху воддаль ад абрыву месціцца паселішча першабытных людзей. Старая жанчына i яе ўнук адтуль.

Бабуля спачатку не хацела браць з сабою малога. Але ж той вельмі прасіўся: пакажы ды пакажы, як выразаеш чалавечкаў.

З маленькай пячоркі пад каменем старая дастала загорнутыя ў бяросту кавалкі мамантарага біўня, крамянёвыя разцы, нож. Скоса зірнула на ўнука i завагалася — ці пачынаць. Тое, чым яна зараз зоймецца, трэба рабідь без сведкаў. Так патрабуе звычай. Ну, але ж можа духі i не будуць злавацца, бо ў малога вока чыстае, без уроку. Уздыхнула па-старэчаму i дастала з меншага скрутачка няскончаную статуэтку, у якой ужо ўгадвалася постаць жанчыны, маладой i дужай. Бабуля пачала зразаць з кавалка біўня лішнія выступы, затым саскрэбвала ix скрабком, рабіла выемкi крамянёвым разцом. Шчыравала жанчына над статуэткаю i краем вока бачыла, як усхвалявана сочыць за яе працай унук, ловячы кожны рух, стараючыся ўсё запомніць.

A калі дробным пясочкам i шкуркай пачала паліраваць гатовую статуэтку, малы не вытрымаў:

— Як прыгожа!

Старая ледзь прыкметна ўсміхнулася — усё ж прыемна, калі хто пахваліць. Хоць бы i дзіця. А што б ён сказаў, убачыўшы, якія фігуркі яна выразала, калі была маладзейшая, калі не дрыжэлі пальцы i было вастрэйшае вока?!

— А зараз, унучак, шаман скажа над статуэткай чароўныя словы, абкурыць дымам з замоўленых траў i ўвойдзе ў яе дух Вялікай жанчыны, ахоўніцы агнішча, прадаўжальніцы чалавечага роду...

— Бабуля, а табе не трэба гэты кавалачак? — нясмела запытаў унук, паказваючы на невялікі абломак косткі.

— Вазьмі, унучак, пазабаўляйся,— пагладзіла яна малога па га лаве.

Задумалася старая, грэючыся на сонцы. Нават крыху задрамала. Ці то мроіла, ці то ўспамінала яна сябе дзяўчынкай у мяккім кажуху з пясцовых шкурак i ў такіх жа сшыванках на нагах. Але ўсё адно часам мерзла. Асабліва зімою, калі ішлі бясконцыя снягі, калі пранізлівыя вятры, здавалася, адарвуць ад зямлі i панясуць на край свету ўсё, што не трымалася за перамёрзлую зямлю ўчэпістымі каранямі. Дрыжэў пад напорам ветру ix будан, трымцелі звярыныя шкуры на страсе. A калі ў шчыліны ўрываўся вецер, закручвала дымам з агнішча, пякло ў вачах i рваў грудзі кашаль. A ўсё роўна дзяцінства ўспаміналася, як добры i далёкі сон. Хоць было часамі i холадна, i голадна, i колькі разоў хвароба ледзь не забрала яе ў Краіну продкаў...

Затым малюнкі дзяцінства пабляклі. Нешта зялёнае, быццам бярозавыя галінкі, загайдалася перад вачамі, i старая зусім заснула. Прахапілася ад таго, што ўнук тузаў за плячо i гукаў у вуха:

— Бабуля, бабуля, зірні, што я зрабіў!

Жанчына шурпатай далонню правяла па твары, праганяючы сон, азірнулася па баках. Сонца стаяла так жа высока, значыць, заснула на хвілінку, а здалося — надоўга.

Унук працягваў кавалак косткі:

— Паглядзі, бабуля.

Яна ўзяла кавалак у рукі i пачала ўглядацца, жмурачы яшчэ сонныя вочы. Большую частку косткі пакрывалі свежыя драпіны i нарэзкі, якія спляталіся ў складаны і, як здавалася, бязладны ўзор.

— Гэта ж наша паселішча, бабуля. А вось рака,— не выцерпеў малы.

I сапраўды, зараз жанчына разабрала, што здвоеныя дугі — ix буданы, хвалістая, рысачка ўверсе — далягляд, a ўнізе набягаюць рачныя хвалі.

— Ах жа, ты мой памочнік,— усцешылася жанчына.— Вазьмі большы кавалак біўня, выраж яшчэ што-небудзь. Бачу, што зможаш мяне, старую, некалі замяніць.