Выбрать главу

Радасна малому. Яму хочацца выразаць так, як яго бабуля. Ен ужо i спрабуе з кары або дрэва. Часам i атрымоўваецца — гарбаты тоўсты мамант, насарог з вострай галінкай за мест рога... Вось толькі фігуркі людзей пакуль што не выходзяць! Але нічога, атрымаюцца. Ен будзе вельмі старацца. Ен кожны раз будзе прыходзіць сюды з бабуляй, вучыцца ў яе.

У СТАРАЖЫТНЫМ БУДАНЕ

Каля дваццаці пяці тысяч гадоў назад. На поудзень ад сучаснай вёскі Бердыж Чачэрскага раёна

На шырачэзным поплаве пятляе, раздвойваецца i растройваецца рака. Яна яшчэ не вымыла глыбокага рэчышча. Ей прасторна. На астравах, на берагах затокаў i старыц парос хмызняк. Месцамі ў нізінах бачны звілістыя стужкі свежанамытага пяску i жвіру — растаюць далёкія ледавікі, i тады рака разліваецца.

Ва ўсе бакі ад рачной даліны цягнецца бясконцая хвалістая раўніна, пакрытая расліннасцю халодных стэпаў, якая на паўночных схілах узвышэнняў больш падобна да тундравай. На паўднёвых схілах i ў ярах туляцца ляскі з нізкарослых асін, бярозак, ялін.

На мысе паміж берагам ракі i неглыбокім ярам прымасціліся два буданы. Буданы авальныя. Асновы ix сцен выкладзены чарапамі i іншымі буйнымі косткамі мамантаў. Жэрдкі i звязаныя паміж сабой мамантавыя рэбры ўтвараюць каркас страхі, накрытай пйсурамі вялікіх жывёлін. Шкуры ўнізе замацаваны каменнем, каб не знесла бурамі.

Брудна i няўтульна навокал. Шмат смецця, патрушчаных i абгрызеных костак.

З прырэчнага боку буданоў чарнеюць уваходы — як пралезці сагнутаму чалавеку. Давайце ж зазірнём туды... Якраз насупраць уваходу размешчана амаль патухлае агнішча, толькі тлее некалькі вугалёў. За агнішчам з даху звісаюць шкуры паўночных аленяў i бізонаў, якія дзеляць будан на два памяшканні. У прыцемку можна разгледзець лежакі на касцяных вымастках, пакрытыя мяккімі шкурамі. На адным лежаку стары. Ен разпораз кашляе: хворы. Каля ўваходу прыстаўлена некалькі дзідаў, збоку ляжаць скураныя торбы, пад жэрдкамі даху — пукі сушаных сцяблін, карані ядомых раслін.

Каля буданоў у вечнай мерзлаце выкапаны ямы — мясныя кладоўкі. Яны прыкрыты мамантавымі чарапамі, лапаткамі, цяжкімі камянямі, каб да харчовых запасаў не змаглі дабрацца лісіцы i ваўкі. Але зараз у кладоўках пуста, толькі патыхае з ix холадам.

Такой цёплай летняй парой, як цяпер, жыхары паселішча большасць свайго часу праводзяць на свежым паветры. На летнім агнішчы смажацца кавалкі аленіны. Тлушч капае на вугалі i ўспыхвае куродымным полымем. Смурод ад гнілаватага мяса разыходзіцца навокал. Але нават i такога мяса засталося мала.

Каля агнішча на кукішках — зямля ж халодная — сядзяць дзве жанчыны. У сваёй груба пашытай з калматых шкур вопратцы яны падобны на нейкіх дзіўных маўклівых птушак. Жанчыны сочаць, каб смажаніна не падгарэла.

Бліжэй да будана маладая жанчына расцягнула на зямлі свежую лісіную шкуру, прымацаваўшы яе па краях калочкамі, i крамянёвым скрабком здзірае мяздру, каб шкурка стала тонкай i гнуткай. Тут жа старэйшая жанчына сядзіць на мамантавым чэрапе i з дапамогай касцяной праколкі i сухажылляў сшывае са шкур цёплую зімовую вопратку.

Каля буданоў бегаюць дзеці: то смяюцца, то плачуць, пачаўшы бойку. Але вось дзеці згрудзіліся над ярам i закрычалі:

— Нашы вяртаюцца з палявання!

Мужчыны неслі ўпаляванага сайгака, падвязанага да доўгай жардзіны. Яго выгнутыя рогі цягнуліся па зямлі, прадзіраючы дзве цёмныя баразны. Узбуджана падняліся i жанчыны, пачалі падкідваць у агнішча ламачча, раздзьмухваць полымя. Сёння ўсе лягуць спаць пад'еўшы.

Як толькі зайшло сонца, людзі забраліся ў буданы. Нейкі час адтуль яшчэ далятаюць прыглушаныя галасы, але хутка ўсё навокал заціхае. Толькі шуміць рачная вада ў прыбярэжнай лазе ды недзе зрэдку спрасоння ўскрыквае птушка. Не спіць воін каля агнішча. Абапёрся на дзіду і, як зачараваны, глядзіць на агонь. Яму нельга спаць — чарга пільнаваць.

СЯРЭДНІ КАМЕННЫ ВЕК

CTPAЛA РАСАМАХІ

Адзінаццаць тысяч гадоў назад. На Беларускім Паазері

Расамаха быў яшчэ юнак, але на паляванні з ім мала хто мог параўнацца. Ен дзідаю трапляў пад самую лапатку бягучаму аленю, збіваў каменем вавёрку з высокага дрэва. Мог доўгі час ляжаць на краі балота ў траве i цярпліва чакаць, пакуль бліжэй падплывуць качкі, каб дакладнейшым быў кідок цяжкай палкі.

А яшчэ любіў Расамаха блукаць па навакольных лясах ды балотах. Бывае, адаб'ецца ад паляўнічых i паверне берагам невядомай рэчкі. I ўсё яму цікава — куды вада бяжыць, якія дрэвы растуць у іншых мясцінах, якія там звяры водзяцца.