Але хадзіць па нязведаных сцежках, ды яшчэ аднаму, трэба было асцярожна, каб не напаткаць людзей з іншага племені, якія не пацерпяць чужака ў сваіх паляўнічых уладаннях.
За гэты спрыт на паляванні i за ахвоту да вандраванняў, мусіць, i далі юнаку імя Расамаха.
Вось i зараз з высокага ўзгорка прыкмеціў Расамаха на затуманеным даляглядзе незнаёмае возера.
— Не хадзі,— пачалі адгаворваць старэйшыя паляўнічыя.— Там жывуць ваяўнічыя людзі. У ix дзіды маленькія, але куслівыя, як змейкі. I ляцяць яны вельмі далёка, бо кідаюць ix духі — памочнікі тых людзей.
Але гэтыя словы толькі падахвоцілі юнака — вельмі захацелася пабачыць самому, як лётаюць тыя маленькія дзіды-змейкі. Расамаха мацней завязаў раменьчыкі на скураным абутку, паправіў за пасам нож, перахапіў у правую руку дзіду i знік у нізкім ельніку на схіле ўзгорка. Ішоў, трымаючыся лагчын з кустамі i пералескамі. На прагаліны, дзе быў адкрыты чужому воку, стараўся не выходзіць.
Недзе на паўдарозе да возера трапілася асабліва вялікая прагаліна. Расамаха асцярожна вызірнуў з хмызняку, прыкідваючы — ці бяспечна будзе яе перайсці, а можа лепш абмінуць краем. I тут амаль перад сабою ўбачыў старога лася. Звер скуб траву паміж валунамі i раз-пораз пудка ўскідваў галаву, прыслухоўваўся i азіраў наваколле.
Вецер быў якраз з боку лася, i жывёліна не ўчула чалавека. Расамаха з захапленнем i шкадаваннем глядзеў на лася, да якога б дакінуў дзідай. Але навошта яму зараз такая здабыча? Да таго возера дабірацца яшчэ паўдня, i невядома — калі назад. За гэты час ваўкі ды лісіцы ад лася пакінулі б адны косткі.
I толькі хацеў Расамаха зноў пусціцца ў дарогу, як вострым зрокам прыкмеціў, што за вялікім каменем непадалёку ад лася нешта варухнулася. Там затаіўся мядзведзь. Звер таксама цікаваў за ласём i падбіраў момант, каб кінуцца на здабычу. Але на краі прагаліны быў хтосьці i чацвёрты! За кустом, зусім блізка, Расамаха ўбачыў чалавека. Той так захапіўся ласём, што не заўважаў нічога навокал сябе. У руках незнаёмага была доўгая выгнутая палка i тонкі пруток, на канцы якога пабліскваў крамянёвы наканечнік. Расамаха адчуў, як ад страху ў яго на галаве заварушыліся вал асы, i скасіў вочы за спіну суседа: дзе ж той дух, як i пасылае гэтыя дзіды-змейкі? Што ў руках чалавека была тая зброя, пра якую расказвалі паляўнічыя, Расамаха здагадаўся адразу. Але ніякіх духаў не ўбачыў i з палёгкай перавёў дыханне.
I тут незнаёмец узняў выгнутую палку, нацягнуў сплеценую з сухажылляў вяровачку, якой былі звязаны канцы палкі, i пусціў пруток з наканечнікам.
Расамаха нават не паспеў прыкмеціць, куды паляцеў гэты пруток. Толькі ўбачыў, як уздыбіўся лось, ірвануўся наўцёкі, але пярэднія ногі яго падагнуліся i жывёліна завалілася на бок, зарываючыся рагамі ў зямлю.
Незнаёмец нешта ўскрыкнуў i пабег да лася. Калі ён быў побач, на чалавека кінуўся мядзведзь — звер лічыў лася сваёй здабычай. Расамаха аслупянеў, гледзячы, як падмяў мядзведзь паляўнічага пад сябе, разрываючы кіпцюрамі вопратку, i як той учапіўся драпежніку ў горла, ратуючыся ад іклаў. I тут быццам нейкая сіла штурханула юнака ў плечы. Праз некалькі імгненняў ён апынуўся на прагаліне i ўвагнаў у бок зверу сваю дзіду. Мядзведзь зароў, тузануўся, але ўдар быў трапны — у сэрца.
Юнак дрыжэў ад узбуджэння, азіраючы месца сутычкі. Лось, мядзведзь i чалавек ляжалі побач. Незнаёмец не рухаўся. Разарваная скураная вопратка ў яго на грудзях паволі набрыньвала крывёю — кіпцюры дасталі i да цела. Расамаха нагнуўся над параненым, крануў за плячо. Той застагнаў i расплюшчыў вочы. Потым, з цяжкасцю прыўзняўшы галаву, паглядзеў на лася, мядзведзя, перавёў позірк на Расамаху i нешта прагаварыў на незразумелай мове, паказваючы на мядзведзя.
Расамаха заківаў галавой і, размахваючы дзідаю, паказаў, як ён закалоў звера.
Зараз ужо i незнаёмец заківаў галавою, заўсміхаўся i ўсё нешта лапатаў па-свойму. Мусіць, дзякаваў.
А вопратка на грудзях у яго ўсё больш чырванела. Тады юнак выразаў з ласінага бока доўгі пасак скуры i моцна сцягнуў ім грудзі параненага. Кроў перастала сачыцца, i даволі хутка незнаёмцу палегчала. Ен нават змог, хоць i хістаючыся, узняцца на ногі. Затым паказаў у бок возера i жэстамі запрасіў ісці за сабой.
Расамаха выразаў моцны кій i падаў параненаму, каб той мог абапірацца на яго. Нават правёў да краю прагаліны. Але далей ісці адмовіўся. Ен не ведаў, як яго прымуць чужыя людзі. А раптам не • захочуць адпусціць у родныя мясціны?
Незнаёмец са шкадаваннем развёў рукамі. Потым зняў з пляча тую выгнутую палку з нацягнутай вяровачкай, з паса — берасцяную трубачку, з якой тырчэла многа пруткоў з наканечнікамі, i працягнуў усё гэта Расамаху.