Выбрать главу

У юнака ад радасці ледзь не выскачыла сэрца.

— Лук,— паказаў незнаёмец на выгнутую палку.— Страла,— паказаў ён затым на пруток.

— С-стр-рала,— з цяжкасцю паўтарыў Расамаха новае слова i моцна прыціснуў падарункі да грудзей.

Вяртаўся Расамаха, нібы ляцеў на крылах. Але як ні спяшаўся, зноў завярнуў на тую мясціну, дзе выратаваў жыццё чалавеку. Лася не чапаў — гэта была чужая здабыча, а з мядзведзя злупіў шкуру. Потым пайшоў павольней, бо на плячах адчувалася вага набытку.

У пачатку наступнага дня Расамаха быў дома. Юнак зняў з плячэй мядзведжую шкуру i разгарнуў каля вогнішча. Затым паклаў на яе лук i стрэлы. Ен стаяў побач, i твар яго пунсавеў ад гонару. Родзічы абступілі навокал, зазіраючы цераз плячо адзін другому: што гэта за незразумелыя рэчы прынёс Расамаха?

Тады Расамаха ўзяў лук, паклаў на цеціву стралу i выстраліў уверх. Страла ўзвілася вышэй самых высокіх дрэў i, апісаўшы стромкую дугу, уваткнулася ў зямлю за буданамі.

Людзі ў жаху пабеглі ад вогнішча, а некаторыя пападалі ніц з крыкам: «Дзіда — змейка духаў!» Юнак засмяяўся: «Гэта страла! Яе пускаюць не духі, a людзі вось з такога лука».

Родзічы Расамахі хутка i самі навучыліся страляць з лука, а затым i майстраваць яго з моцнага дрэва. З лукам стала лягчэй паляваць. Зараз з вялікай адлегласці можна было забіць любую жывёліну, нават падстрэліць птушку ў палёце. Паляўнічыя пачалі больш прыносіць здабычы, i ў людзей заўсёды было мяса.

Неўзабаве ў тых краях усе навучыліся паляваць з дапамогай лука. I доўга яшчэ там называлі гэту цудоўную зброю «стралой Расамахі».

АСЕННЯЕ ПАЛЯВАННЕ

Адзінаццаць тысяч гадоў назад. Левы бераг Віліі пад сучаснай Смаргонню

Наступіла восень. Паблякла тундра, што разаслалася на поўнач ад ракі. Пажаўцелі бярозавыя пералескі, якія пачыналіся ад паўднёвага берага Віліі i цягнуліся да Немана, каб за ім зліцца ў суцэльны лес, дзе бяроза змешваецца з ялінай, хвояй, вольхай.

I як толькі вецер прынёс першае дыханне халадоў, племя, якое жыло каля крутой рачной лукі, пачало рыхтавацца да вялікага палявання на паўночных аленяў.

Ладзілі чоўны, мацней прывязвалі крамянёвыя наканечнікі да доўгіх дрэўкаў, мянялі апярэнне стрэлаў, спрабавалі пругкасць лукаў. Групы мужчын пайшлі ў паўднёвыя лясы дзерці смалякі, ламаць яловыя лапкі. На паўночны бераг Віліі пераправіліся разведчыкі пільнаваць з'яўленне аленяў, якія пойдуць з халодных краёў праз Вілію да Немана, дзе на краі лясоў будуць хавацца ад зімовых вятроў.

I вось аднойчы на пясчаны мыс, які жаўцеў стромкімі абрывамі, прыйшоў шаман з бубнам i касцяной сякерай. Бубен быў плоскі з тугой скураной мембранай на берасцяным вобадзе. Прывязаныя да вобада, шамацелі нізкі ракавін. На чорнай ад тлушчу i сажы паверхні сякеры выдзяляўся адмысловы наразны арнамент, запоўнены белай глінай.

Шаман быў голы, толькі шкура пакрывала яго плечы, ды над галавою пагойдваліся аленевыя рогі.

З белых вапняковых каменьчыкаў шаман выклаў на траве сілуэт аленя, побач распаліў вогнішча. Калі агонь разгарэўся i дым пацягнуўся ўгору, шаман ударыў у бубен. I адразу з буданоў паселішча з явіліся мужчыны з дзідамі i лукамі i пайшлі на рачны мыс, куды ix клікаў бубен.

Шаман кружыў вакол вогнішча i сілуэта аленя на траве, рытмічна біў у бубен i раз-пораз выкрыкваў закляцці. Мужчыны, якія паселі ў кола, пагойдваліся ў такт бубну i хорам паўтаралі за шаманам. Далека па рацэ разносілася гэта ні то песня, ні то лямант.

Увесь дзень заклінаў духаў шаман. I ноч. Прасіў ix дапамагчы ў паляванні, скіраваць аленяў да гэтай рачной лукі. Усё хутчэйшым рабіўся бубнавы рытм, усё мацней ускрыквалі паляўнічыя, і, здавалася, не будзе канца гэтаму кружэнню шамана вакол вогнішча — адкуль толькі моц у гэтым старым целе! Але шаману, пэўна, давалі тую моц добрыя духі племені.

Калі скончылася ноч i развіднела, прыбег задыханы разведчык, прарваўся да вогнішча праз кола мужчын i закрычаў, уздымаючы дзіду: «Ідуць алені!»

Тады шаман выхапіў у разведчыка дзіду i, як рэха, ускрыкнуўшы: «Ідуць алені!», увагнаў яе вастрыём у белы сілуэт жывёліны на траве i ўпаў без прытомнасці.

Мужчыны-паляўнічыя рушылі да берага i занялі ўжо раней падрыхтаваныя месцы: хто ў чоўне, замаскіраваным галлём, хто з лукам у прыбярэжных кустах.

З'явіўся яшчэ адзін разведчык i сказаў, што алені ідуць якраз на пераправу каля ix лукі. Усе з палёгкаю ўздыхнулі. Здаралася, што алені, нечым устрывожаныя, раптам паварочвалі ўбок i пераплывалі Вілію ў іншым месцы. Тады племя заставалася на зіму без мяса, i галодная смерць прыходзіла да людзей.