Выбрать главу

Юры Пацюпа

Страла Зэнона

Рытмалягічны трактат

Въ чтеніи стихъ изъ конечной прямой или отрѣзка обращается въ стрѣлу: стрѣла за стрѣлой пролетаетъ стихотвореніе.

Божидаръ

І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна зь сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам.

Алесь Разанаў

Πας ρυθμος ωρισμένη μετρειται κινήσει

Αριστοτελες **

***

Верш розьніцца ад прозы тым, што мае ў сабе нейкі дадатковы імпульс. Радок вершу нагадвае пушчаную стралу, часткі стралы адпавядаюць адзінкам радка. Нездарма Алесь Разанаў адзін з сваіх зборнікаў назваў «Вастрыё стралы». Бо нават сэнс вершу такі самы няўлоўны, як тое вастрыё, дзе зьмяшчаецца ня менш як паўтузіна думак. А Аляксандар Пушкін у мініятуры «Празаік і паэт» дасьціпна апісаў вершаваньне:

Чаго празаік там бядуе? Давай мне думку хоць якую: Яе узброю я асном, Аздоблю рымаю-пяром І, лук узяўшы, наастачу, Яе ў сутужыну ўкладу, А там пашлю ужо наўдачу І незычліўцу на бяду.

Як выразіць гэты рух у ясных і вабных панятках? Некалі Зэнон Элейскі, каб паказаць складанасьці ўсякага руху, прыдумаў чатыры апорыі, ведамыя сёньня як Дзяльба, Ахілес, Страла, Бегі. У Арыстотэля, празь якога яны захаваліся, гэтых вобразных найменьняў апорыяў няма і Страла, як найпрасьцейшая з усіх, успамінаецца першаю. Таму я дазволю сабе памяняць іх парадак ды задзіночыць вобразнасьць. Уявім сабе стралу, што можа ляцець бясконца, і пакажам апорыі яе лёту:

1. Страла. Пушчаная страла стаіць, бо час яе лёту складаецца з процьмы нерухомых «тут», якія яна займае.

2. Страла і дрэва. Ніякая страла не даляціць да дрэва, бо перш мусіць праляцець паўдарогі, потым чвэрць дарогі і г. д.

3. Страла і птушка. Порсткая страла не дагоніць павольнае птушкі, бо перш мусіць даляцець туды, дзе ўжо была птушка, а тая тым часам яшчэ трохі праплыве, і г. д.

4. Страла, птушка і дрэва. Сустрэчныя страла і птушка, летучы паўз дрэва, таўшчынёю роўнае іх даўжыні, адна паўз адну праляцяць за час удвая меншы, чым час, за які яны праляцяць паўз дрэва.

Ня будзем тут успамінаць тых аспрэчаньняў ды зьясьненьняў апорыяў, якія паўсталі ад часоў Зэнона, а проста паспрабуем трымаць парадоксы ў памяці як архетыпы, да якіх нам давядзецца вяртацца ня раз. Першая апорыя паказвае рытмічнасьць усякага руху як праяву лінейнае сымэтрыі. Другая даводзіць, што лінейны рытм, узяты як завершаны адцінак, можа дзяліцца напалам да апошняга кванту. У трэцяй падзел ускладняецца рухомым пунктам адліку і набывае ўласьцівасьці асымэтрыі. І ў чацьвёртай, урэшце, узьнікаюць рухомы і нерухомы пункты адліку, якія гранічна ўскладняюць асымэтрыю.

Калі эліны глядзелі на пушчаную стралу, дык зусім не сумняваліся ў яе лёце. У тэорыі ж страла нават зь месца не магла зрушыцца. Радкі вершу гэтаксама «ляцяць» у гучаньні. І на старонках кнігі яны не спыняюць нутранога хвалевага руху, нібы ланцуг, які мы паднялі ўгору і рэзка пацягнулі на сябе. Але цяпер нашае заданьне ня ў тым, як спыніць «стралу», а ў тым, як перадаць яе хвалевы рух.

1. Прапэдэўтыка асноўных паняткаў

Рыторыка вучыць: перш чым сьцьвярджаць нешта новае, нязвыклае, г. зн. патас (ці, па-беларуску, рымасьць), трэба як сьлед успомніць даўно ведамае, звыклае, г. зн. этас (ці, па-беларуску, звыкласьць). Досыць разгарнуць першы, які трапіцца пад рукі, паэтычны «лемантар», каб даведацца, дзей у беларускай (а таксама ўкраінскай і расейскай) літаратуры ў розныя часы паўставалі тры сыстэмы вершаваньня: сылябічная, сыляба-танічная і танічная.

Сылябічная, ці складалічыльная сыстэма засноўваецца на аднолькавай колькасьці складоў у радку, незалежна ад колькасьці націскаў. Тарнавалася яна ў кніжнай старабеларускай паэзіі. Танічная, наадварот, улічвае толькі колькасьць радковых націскаў без увагі на астатнія склады. З даўных часоў тоніка панавала пераважна ў фальклёры. У XX ст. пачала шырока ўжывацца ў літаратуры. Сыляба-танічная сыстэма парадкуе і яднае патрабаваньні дзьвюх першых. Таму галоўнае ў ёй — раўнамернасьць чаргаваньня націсьненых ды ненацісьненых складоў. Захоўваецца, часьцей за ўсё, і даўжыня радка. Адзінкаю вымярэньня гэтага ідэальнага рытму служыць ступа.

Рызыкну, аднак, заявіць, што насамрэч усё значна складаней. Падзел г. зв. «канвэнцыйнага» вершу на тры сыстэмы праводзіцца вылучна на падставе «сыляба-танічнага» мысьленьня і слушны з гледзішча толькі гэтага мысьленьня. Можна нават сказаць, што мы нічога, апрача сыляба-тонікі, ня ведаем і рэшту тэкстаў ацэньваем ды аналізуем выходзячы з ідэалаў сыляба-танічнае дактрыны. Пацьверджаньнем таму служаць і працы тэарэтыкаў вершаваньня, і практыка нашых сучасных паэтаў. Сыляба-танічны верш — адзіны, які рэальна існуе, дамінуючы над астатнімі. Уласьцівыя для яго ступовыя структуры можна прасачыць нават у модных ды разбуялых, як пустазельле, вэрлібрах. А ў масавай «дылетанцкай» сьведамасьці адзінаю паэтычнаю моваю, якая на слых успрымаецца як «складныя», дасканалыя вершы, ёсьць толькі сыляба-тоніка. Таму, апрача яе, ні пра які іншы вершазнаўчы этас няма сэнсу гаварыць.