Уваходзяць сваты — Аўдзей, Варвара, Андрэй, дзве старэйшыя дачкі Аўдзея.
Аўдзей. Вечар добры! Прыйшлі не званыя, як прагоніце, дык міма пойдзем, а як пусціце ў хату, дык і вам гарэлкі нальем.
Зуйчыха. Заходзьце, заходзьце, сядайце. Мы гасцям рады. Сядайце. Толькі гаспадара нашага няма — во-во вернецца, выклікалі ў сельсавет, пайшоў пасля абеду ў ета мястэчка, павінен ужо вярнуцца…
Аўдзей. Па якіх справах выклікалі?
Усе садзяцца.
Зуйчыха. Зяць у нас… Старэйшую нашу дачку браў. Вы ж, мабыць, ведаеце, Пачапёнак…
Аўдзей. Чаму ж не ведаем. Ведаем. Мы хаця і жывём далекавата, але ж самі адсюль усіх добра ведаем. I Пачапёнка ведаем. Хто яго не ведае. Зяць не на ўдачу.
Зуйчыха. Яй-бо. Не на ўдачу. Ды што рабіць. Восем дзевак. Як пасватаў, так і аддалі. Нам выбіраць няма з чаго.
Аўдзей. Непуцёвы.
Зуйчыха. Усё засяданні. А ў гаспадарцы не прыбаўляецца, ды і тое, што ёсць, недагледжана.
Аўдзей. Дык ад засяданняў і не прыбавіцца. Засяданнямі хлеба не вырасціш і скаціну не накорміш.
Зуйчыха. Вось і бацьку нашага зацягнуў, у нейкую там камісію. Вы ўжо выбачайце — во-во павінен вярнуцца.
Аўдзей. Мы можам і пачакаць. Нам спяшацца няма куды, мы на засяданні не ходзім, гаспадарка ў нас у парадку, можна і ў госці праехаць. Паглядзець, можа, дзе дзеўкі добрыя ёсць. Праўда, хлопец наш хутчэй за нас справіўся, выгледзеў сабе прыгажуню, вот бы і нам паглядзець.
Зуйчыха. Верка! Выйдзі да людзей!
Верка адразу ж выходзіць з-за шырмы, быццам толькі і чакала, калі яе паклічуць.
Аўдзей (весела). Бач ты, і ўгаворваць не трэба!
Зуйчыха дакорліва ківае дачцэ галавой.
Зуйчыха (як бы апраўдваючы дачку). Дзеўцы гэткая доля — не церпіцца.
Аўдзей. Калі і да работы гэткая спрытная, дык нам падышла б, я гэтак думаю.
Зуйчыха (паспешліва). У нас усе працавітыя. Ета любы скажа, у каго хочаце спытайце.
Аўдзей. Яно і нам гультая не трэба, ды, папраўдзе, і гультаю ў нас соладка не будзе. Калі дамовімся, дык сына я вырашыў па вясне аддзяліць. Ён у мяне талковы, за ім не прападзе, але ж не так ета і лёгка — на свой хлеб сесці. Не кожны гэтую лямку пацягне. Справа — не жарт. Але нам бы з гаспадаром пагутарыць.
Зуйчыха. От гаспадара нашага няма. Ды калі ўжо гаварыць, то што там. Мы людзі простыя. Нам дзеўка з рук — палёгка, што ні кажы, а гэта так. Але іншы раз і аддаваць шкада. Вырасцілі, дзеўкі добрыя, і дапамога ад іх — але ж каля сябе ўсё жыццё трымаць не будзеш. Цяжка дзевак выдаваць, ды што ж рабіць, але скажу адно: нашыя горш як у людзей не будуць. I Пятрок не пастаіць — і грошы дадзім, і карову прывядзе. А што да работы — дык з нашымі мала хто параўнацца можа, хай людзі скажуць. Мы хоць і не багата жывём, але не лежабокі. Каб мірам ды ладам, дык з нашага боку граху ні ў чым не будзе.
Аўдзей. От ета ты, гаспадынька, добра сказала. Не люблю я сватання, п’янай размовы. Справа сур’ёзная, сур’ёзам і гаварыць трэба. Такая размова нам падыходзіць. Мужыку каня купіць — і то розум трэба, а ета жонка, тут удвая глядзець. Мы жывём аднаасобна, ад людзей далёка. Каму сумна, а каму — і не. Лепш пасумаваць, чым пагаладаць. Працуй — і сумна не будзе. Па-мойму гэтак: хто робіць, той і мае, а хто мае — той і жыве. Вось гэткая размова мне, гаспадыня, па душы. Толькі б нам яшчэ з гаспадаром пагутарыць. Гаспадар — гэта гаспадар…
Зуйчыха. От бяда! I ніколі ж раней не хадзіў на етыя засяданні! I казала ж яму. А Божа, ці не ён?
Уваходзіць Зуёк.
Зуёк (хаваючы вочы). Вечар добры.
Аўдзей (падымаецца насустрач). Добры вечар, Пятрок, прыехалі за таварам, а гаспадара і няма.
Абодва стаяць наперадзе, а за імі ў рад сядзяць усе, хто прыехалі ў сваты. Зуйчыха і Верка стаяць каля іх справа і злева.
Зуёк (незадаволена). Я тавараў не трымаю, гэта ў мястэчках у крамах тавары.
Аўдзей. Ну, брат, у цябе тавару на палову вёскі хопіць. Мы тут, хаця і не па парадку, з гаспадыняй размаўлялі ўжо. Дзеўку сватаць прыехалі.
Зуёк (робіць здзіўлены выгляд). Дачку?
Аўдзей. А што ты дзівішся? Прымай сватоў, сватоў прымаць лёгка, у іх гарэлка з сабою.
Зуёк. Дачка мая яшчэ маладая.
Аўдзей. А нам маладая і патрэбна. Навошта сватам старая? Мы за маладой і прыехалі.
Зуёк. Ну вось што. Таго, чаго вам трэба, у мяне для вас няма. Так што, выбачайце, гасцявацца нам няма чаго.