Выбрать главу

Жабрак. Кожнаму, Аўдзей, свой шлях. Мая гаспадарка не горш тваёй была, ты ж ведаеш. А як памерла жонка, пачаў я голас чуць: «Ідзі з торбаю, толькі той, хто з торбаю, той і выратуецца», — я і пайшоў… Дзесяць год, ад вёсачкі да вёсачкі, ад цэрквачкі да цэрквачкі, учора іду сабе, думаю: «Вось і мая старонка блізка, дай завітаю». А дарога ўсё лесам, лесам, і пераначаваць нейдзе. Іду, а ваўкі, лісіцы па лесе бегаюць. Успомніў я, што ета Здзвіжанне сёння, страшна мне стала. Вецер падняўся, лес стогне, сосны скрыпяць, змеі, здаецца, клубком усе дрэвы аплялі, я ўжо на самую сярэдзіну дарогі, як па нітачцы іду, не аглядваюся, а вецер халодны, да костачак прабірае, пад раніцу ледзьве шавялюся, замёрз, пусціў бы ты пагрэцца…

Аўдзей. Пагрэйся… Печ з раніцы пратоплена… Дзесяць гадоў… Я за дзесяць гадоў гаспадарку падняў. Трох коней маю, з даўгамі разлічыўся.

Жабрак (залазіць на печ). Ой, дзякуй, благаславі цябе Божа.

Аўдзей. Дзесяць гадоў! Ты за еты час вады столькі не папіў, колькі я поту праліў!

Жабрак. Ох цёпленька, ох костачкі прамёрзлі, ох мае костачкі!

Аўдзей. I вот за дзесяць гадоў — катомку ды лапці нажыў. Які толк з цябе?

Жабрак. Вось дзякуй, Аўдзей, вось дзякуй!

Аўдзей. Не дзеля таго Бог чалавека на зямлю пусціў, каб жабраваць.

Жабрак. Каб яшчэ накрыцца чым, век Бога б за цябе маліў.

Аўдзей. Ці ты глухі, ці ты прыкідваешся. Ён Бога б за мяне маліў. (Бярэ з лавы кажушок, кідае на печ.) За сябе памаліся. Мне з тваёй малітвы не жыць.

Жабрак (накрываецца). Ось, саўсім харашо. Госпадзі, што людзям трэба: цяпло ды акрайчык хлеба. I каб не гналі. Дзякуй табе, госпадзі.

Аўдзей. А-а… (Махае рукой і зноў бярэцца за падлікі.) Пудоў… Па паўтары… Рубель… Не менш… Зіму… Хлеб па вясне…

Жабрак. Палічы, Аўдзей, палічы, а я пасплю, маё ўжо ўсё наперад падлічана…

Аўдзей (працягвае). Па тры капейкі… За воўну… пятнаццаць рублёў… На коней…

Збоку з’яўляюцца двое. Адзін нечым нагадвае Аўдзея — невысокі, у добрых ботах. Другі ў дзіравых ботах, але відаць, што хітры і нахабны.

Першы мужык (незадаволена). Зацеяў ты ўсё гэта… Дарэмна… Хто гэта паверыць, выганіць з хаты…

Другі мужык (па-змоўніцку). Ён нічога не ведае.

Першы мужык. Як гэта не ведае? Усе ведаюць, а ён не ведае.

Другі мужык. Адкуль яму пачуць — са сваёй бярлогі не вылазіць, на базар прыедзе — з чалавекам не загаворыць. Гэтакі мядзведзь. А грошы ў яго павінны быць. Кулак добры.

Першы мужык. Дык яно… Нядобра гэтак…

Другі мужык. Ты ў царкву прыйшоў? Я табе сказаў — зраблю. Хто б другі не прадаў, а я прадам. А астатняе — не твая справа. Мне кума — яна жонцы старшыні сельсавета траюрадная — гаварыла. (Азіраецца і шэпча першаму на вуха, той палохаецца.)

Першы мужык. Ды ну? Не, я не пайду. Ідзі адзін, я тут пачакаю.

Другі мужык (бярэ першага пад руку). Пойдзем, пойдзем, яго і ўдвух угаварыць нялёгка, мала што яму ў галаву прыйдзе, а так гаспадар на месцы.

Абодва падыходзяць да стала. Першы мужык трымаецца крыху ззаду. Аўдзей падымае галаву.

Дзень добры, Аўдзей Усцінавіч!

Другі мужык здымае шапку, кланяецца, усміхаецца, першы стаіць збоку.

Аўдзей. Чаго трэба?

Другі мужык. Справа да цябе, Аўдзей Усцінавіч.

Аўдзей (усміхаецца). У цябе справа?

Другі мужык. Ага, Аўдзей Усцінавіч, я адразу казаў — гэта толькі да Аўдзея Усцінавіча, толькі ён і зможа. Сваяк мой, далёкі, па жонцы (паказвае абедзвюма рукамі на першага мужыка), малатарню паравую прадае. Ды хто купіць, усё галота, як вось я, напрыклад — хе-хе-хе-хе, — я і сказаў, калі толькі Аўдзей Усцінавіч, бо, вядома, — гаспадар! I грошы, мабыць, мае. Ён, кажу, рэч у гаспадарцы патрэбную не міне. Гаспадар! Выйшаў бы, паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей. Вы што, сюды яе прывезлі?

Другі мужык. Ага! Я кажу: толькі Аўдзей Усцінавіч, бо гаспадар (да першага мужыка), талкавейшага гаспадара ў нас тут ва ўсёй акрузе няма. Кожны ведае, які гаспадар Аўдзей Усцінавіч!

Аўдзей. Вось таму, што я гаспадар, малатарню ў цябе купляць не буду.

Другі мужык (пакрыўджана). А-а… а ты хаця б паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей (абыякава махае рукой, усміхаецца). Паглядзець? А што ты каму прадаў, каб не ашукаць?