Другі мужык (разводзіць рукамі). Грэшан, Аўдзей Усцінавіч, усяк бывала… Але ж гэта — чыста. Яй-бо!
Аўдзей. Дарэмна ты пёрся да мяне са сваёй малатарняй. Сапраўдны гаспадар з ашуканцам звязвацца не будзе. Ды я і сам ведаю, добрай малатарні на нашай акрузе ні ў кога няма.
Другі мужык. Здалёк чалавек прыехаў, з-пад Мсціслаўля, павер, Аўдзей Усцінавіч, а малатарня…
Аўдзей. Зразумела, што за малатарня, калі павёз прадаваць далей ад сваіх месцаў, у нашу глуш. Думаеш, тут дурні? Не ведаюць?
Аўдзей падымаецца з-за стала і падыходзіць да першага мужыка, але другі хуценька становіцца паміж імі.
Другі мужык. Выпадак гэты — нельга дома прадаваць. Выязджае ён, уся вёска супраць яго па злабе — бо ці ж любіць галота хазяіна. Як жа ім прадаваць добрую рэч, малатарня ў яго — золата. Чыстае золата, яй-бо! Вось ён і кажа — не прадам нікому са сваіх, лепш у рэчку ўкіну, а не прадам! Прывёз да мяне — за палавіну прадай, — я і падумаў, хто, як ні Аўдзей Усцінавіч, усе ж наўкола — галота. Калі ўжо такі выпадак — за палавіну!
Аўдзей (другому мужыку). Што ты пляцеш, што ты брэшаш, што ты як вужака на патэльні круцішся! Я бацьку твайго помню — прайдоха ён, і ты прайдоха.
Другі мужык. Хе-хе-хе, Аўдзей Усцінавіч, яно-то гэтак, праўда твая, а толькі малатарня добрая! I чалавека я прывёў вартага, гаспадар. Гэта не я. Што я? Аб мяне і ногі выцерці можна… А — хе-хе-хе — малатарня добрая!
Аўдзей. Ты хочаш Аўдзея абкруціць?! Я да імперыялістычнай малатарню з Сячком удвух трымалі, я яе на жалезкі разабраць-сабраць магу. Мне ламачча і за палову грошай не трэба! Не на таго напаў!
Другі мужык. А ты правер, правер, Аўдзей Усцінавіч. Малатарня — што гадзіннік у нашага пісара. Абы ты гаспадар, і абы ў цябе грошы былі. Правер, як што ў малацілцы не так, галаву мне на калодку і сякерай!
Аўдзей. За тваю галаву я б палову капейкі не даў. А паглядзець дзеля цікавасці можна. За пагляд грошы не плацяць.
Другі мужык. Палову капейкі — хе-хе-хе — Аўдзей Усцінавіч. Ты і прыдумаеш. Але паглядзець трэба — добрая малатарня.
Усе выходзяць. Другі мужык увесь час забягае наперад Аўдзею і працягвае расказваць.
У талковых руках была. Спраўная. Вось далібог! Каля гумна паставілі. Як убачыш, пяцёрку шчэ прыбавіш. Яй-бо! Залатая, залатая малатарня! Яй-бо! Ай да Аўдзей Усцінавіч!
Мужыкі выходзяць, з другога боку сцэны з’яўляецца Эленька.
Эленька. Дзень добры ў хату. Эй, гаспадар! Аўдзей! Ёсць хто-небудзь?
На печы жабрак вылазіць з-пад кажушка.
Жабрак. Здароў, здароў!
Эленька. А-а, гэта ты ўжо тут! Ну-ка, раскажы, як жыды прадалі Ісуса Хрыста! Ты ўсім расказваеш, а не разумееш, што цяпер не той час! Цяпер новае ўрэмя! Ісус Хрыстос цяпер не ў пачоце! А калі б жыды не прадалі яго, табе б не было што расказваць мужыкам і бабам і ты б не меў кавалка хлеба і чарку. Ты ж любіш выпіць, я добра ведаю.
Жабрак. Як нальюць, то вып’ю. (Падымаецца, садзіцца на печы.) А ты ведаеш, Эленька, Іуда таксама любіў выпіць.
Эленька. Хіба так напісана ў Евангеллі?
Жабрак. А вось паслухай. Пілат даў жыдам чатыры залатыя цвікі, каб яны прыбілі рукі і ногі Ісуса да крыжа. А Іуда атрымаў за гэта трыццаць сярэбраных манет. Ну, распялі яны Хрыста, грошы прапілі, а з раніцы хочуць пахмяліцца, бо галава баліць. А пахмяліцца няма за што. Тады Іуда і дадумаўся, цвікі з ног у Хрыста выцягнуў, нагу на нагу, ды адным і прыбіў, а другі залаты цвік залажыў, ды і пахмяліўся.
Эленька. Э-э, брат, ты вялікі выдумшчык! Я б даў табе выпіць. Ты ведаеш, сын Мойшы, Іцка, запісвае гэткія байкі. I прымаўкі. Ён вучыцца ва ўніверсітэце — зайдзі да яго, раскажы, ён дасць табе выпіць!
Уваходзяць Аўдзей, абодва мужыкі, Андрэй. Аўдзей выцірае анучай рукі. Другі мужык забягае наперад Аўдзею, заглядвае яму ў твар.
Другі мужык. Адразу бачна, што сапраўдны гаспадар: паглядзеў і ўсё зразумеў. Я гаварыў, калі хто — дык толькі Аўдзей Усцінавіч.
Аўдзей (да абодвух мужыкоў). Калі за палову, дык можна размаўляць. Паловы яна вартая.
Першы мужык (не стрымаўшыся). Яна-то каштуе не палову, бач ты, палову за гэткую малатарню!
Аўдзей. Размова ішла пра палову. Другой размовы не было. Глядзіце самі.
Другі мужык (звяртаецца да першага). Капітонавіч?
Гаворыць, а сам махае рукой, маўляў, згаджайся, мы ж дамаўляліся з табой. Першы мужык у роспачы махае рукой і адыходзіць убок, другі мужык звяртаецца з усмешкай да Аўдзея.