Выбрать главу

Танька. А мо здарылася што дома, ці мала што можа… Ды і сапраўды — кожны раз за дзесяць вёрст…

Верка. Дык і той раз.

Танька. Дык перадаваў жа, што не прыйдзе.

Верка. А еты раз наадварот казаў — чакай, абавязкова прыйду, раскажу, як…

Танька (хуценька). Што раскажа?

Верка (зразумеўшы, што прагаварылася). Што… Ну… Ну, як там убраліся…

Танька. Як убраліся? Ды ўжо ж убраліся. Можа, і малаціць пачалі. От пойдзеш за Андрэя — наробішся. У Аўдзея ад цямна да цямна.

Верка. Не за Аўдзея ж я пайду.

Танька. Так ён і аддзеліць вас.

Верка. Ды за Андрэем нічога не страшна.

Танька. А Мішка так і падкатваецца да цябе.

Верка. Дурань. Я Андрэя ні на каго не памяняю.

Сядаюць на лаву ля акна.

Не ведаю, што са мною творыцца. Хаджу, як у сне. Учора бацька трасе за плячо — крычыць у вуха, а я нічога не чую… А трэцяга дня як убачыла яго — дык так бы, здаецца, і паляцела, толькі рукамі махні — і паляціш!

Танька. Ой, Верка, як я табе зайздрошчу! А тут няма анікогачкі! У той вечар Колька Сыпункоў пайшоў праводзіць — і адразу цалавацца лезе… Во дурань, а? Яму-то што… А Мішка пра цябе ўсё гаворыць, маўляў, хутаранскі, дык за ім следам, маўляў, багатыя…

Верка. Дурань ён. Вунь Ягора сын — Сцёпка. Хутаранскі і багацейшы за Аўдзея, а каму ён трэба, недапечаны. Гады два таму праводзіў мяне, сядзіць, як размазня якая, бармоча нешта пра авёс, пра нейкую кульгавую сабаку.

Танька. Ага. Ён прыдуркаваты, яй-богу. А Кацька сёння ўсё ўсміхалася — і прыпеўку гэту з Мішкам — гэта яны ўсё пра цябе. От яна каля Андрэя раней усё хадзіла — як ні павернецца, і ўсё каля яго, я прыкмеціла. Бацька яе гаварыў — мая, маўляў, не заседзіцца, за маёй ёсць што даць.

Верка. Чула. А і не кінуліся браць. Яна ж касая. Ты вось прыгледзься. На левае вока.

Танька. Ай, праўда! Яй-богу! А я думаю, што ета яна ўсё ўбок глядзіць! Во табе!

Верка. Я? Я не магу без яго — калі што здарыцца, яй-богу, не ведаю, што будзе. Я ні за каго другога не пайшла б. Помніш Нінку, што павесілася з-за Федзькі Кастрова? Ой, як я цяпер разумею яе. Ой, як разумею!

Танька (спалохана). Што ты! Госпадзі! Кінь пра дурное. Напужала.

Верка (сур’ёзна). Не, калі што — мне не жыць…

Танька. Перастань, госпадзі, ну цябе. Пайду. I то бацька спытае, дзе так позна была.

У акно залазіць Андрэй.

Верка. Ой!

Верка кідаецца да лавы, накрывае калені кажушком. Андрэй сядае побач, абдымае Верку і пачынае цалаваць. Верка слаба адбіваецца, потым усё ж вызваляецца з яго рук.

(Пакрыўджана.) Я сяджу, хвалююся, а ён… Што толькі не думала. (Усхліпвае.) Усю вечарынку сэрца ледзь б’ецца, перажываю, а ён…

Андрэй. Не мог… Ну яй-богу, не мог. Малатарню купілі, пакуль з бацькам паспрабавалі, раз, другі… Ну, Вер. (Гладзіць яе па плячы, Вера адсоўваецца.) Ну яй-богу… Паслязаўтра ў сваты прыедзем.

Верка (спалохана). Ай!

Андрэй. Во табе і ай. Бацька сам сказаў.

Верка (прыхілілася да яго пляча). Андрэечка, праўда?

Андрэй. Няўжо ж.

Верка. Раскажы.

Андрэй (задаволены, усміхаецца). Кажу аднойчы бацьку — маўляў, так і так, жаніцца хачу.

Верка. Калі?

Андрэй. Ну, яшчэ як убіраліся. Я ж ведаю, ён, каб што — месяц думае. Вось і кажу зараней.

Верка. Ага. А ён?

Андрэй. Убярыся спачатку, кажа, а потым пра жаніцьбу думай. I адразу спытаў — каго, маўляў, нагледзеў. Я і кажу — Зуйкову.

Верка паправіла валасы, прыхарашылася.

Верка. А ён?

Андрэй. А ён кажа, у Зуйка ўсіх дзевак усё роўна не перабярэш.

Верка пакрыўджана адхілілася.

Верка (пакрыўджана). Андрэечка…

Андрэй. Дык я ж ведаю, што калі спытаў каго — значыць, дазволіць. Каб не, то і не пытаў бы каго.

Верка з надзеяй кіўнула галавой.

Верка. Ага, ага.

Андрэй. А ўчора іду, чую, за хатай бацька з маці размаўляюць. Я прыслухаўся. Трэба жаніць, кажа бацька, цяпер не той час, аддзяляць, хату з вясны пабудуем, каня дам. На свае ногі, цяпер і зямлі больш дадуць, бо асобная гаспадарка. I маці згодна.

Верка (весела). Ой, Андрэечка…