Андрэй. Хто гняздо ўе, у таго і ўецца.
Верка абдымае і цалуе Андрэя.
Сваёй гаспадаркай зажывём — сам сабе галава! Адно не лянуйся, усё нажывеш! Бацька казаў, за Зуйковай дзеўкай пасагу асаблівага не возьмеш, ды былі б рукі.
Верка (з гонарам). Пасаг бацька абяцаў, і Вальцы, старэйшай, давалі, і грошы, і ўсё сабралі як трэба. I мне маці ўсё згатавала, і грошы ў бацькі ёсць, я ведаю, маці казала, для меня падрыхтаваў.
Андрэй. Каб грошы, прыкупілі б другога каня — вось табе і гаспадар!
Верка (з гонарам, упэўнена). За мной будуць.
Андрэй. Мы б зажылі! Эх, зажылі б! I малатарня цяпер свая. Бацька сказаў: заўтра да абеду паедзем да Кацькі — паглядзець, як жывуць. За шляхту выдавалі, бацька каня даваў, і грошай колькі, і дапамагалі, а шляхта, сама ведаеш, — гонару шмат, а як да гаспадаркі — то і не вельмі. А даваць за дзеўкай, калі ў талковыя рукі, дык і не шкода. А як не, то бацька не паглядзіць, скажа. А пасля абеду — сам казаў — у сваты.
Андрэй дастае з-за пазухі хустку.
А гэта — табе.
Вера разгортвае хустку.
Верка. Яна ж дарагая… У Шмуйлы гэткія аж па пяць рублёў.
Накідвае хустку на плечы.
Андрэй. Эх, Верка!.. Мы зажывём! Як ніхто!
Верка прыхінулася да Андрэя, Андрэй абдымае яе, пачынае цалаваць. Верка спачатку адказвае, потым хоча вызваліцца.
Верка. Андрэечка, не трэба… Прачнецца хто з нашых… Ой, не трэба… Другі раз, не трэба сёння…
З-за шырмы выходзіць старая, з рук яе выпадае жалезная конаўка. Андрэй і Верка палохаюцца, Верка азіраецца і супакойваецца.
Верка. Гэта бабка, яна глухая, за печкай сядзіць, вады, мабыць, захацела.
Маці Зуйка (стаіць перад іконай). «Госпадзі, Божа праведный, всесільный і всевідзяшчый, прасці мне грахі, іжэ сатварыл па неразуменію в сей ушэдшый дзень і словам, і дзелам, і памышленіем, і ачысці душу маю ат всякай скверны і дай мне, госпадзі, в ночы сей сон перайці в міре, яко семя тваё і во мне есць, чтобы восстаць завтра от ложа, как і во все дні жывата майго і не предай мяне крамоле змяінай і желанію сатаны і врагов маіх плотскіх і не плотскіх, даруй мірэн сон і безмяцежые, яко і всем табою сотваренным… Госпадзі…»
Карціна трэцяя
Хата Аўдзея. Сям’я Аўдзея збіраецца за стол. Як і раней, вакол стала нічога няма, ззаду печка, збоку ікона. Аўдзей ужо сядзіць за сталом, дзеці носяць хлеб. Жабрак стаіць каля стала.
Аўдзей (жабраку). Сядай, сядай ужо…
Жабрак садзіцца за стол.
Варвара. Што ні гавары, а не блізка, і дарога. З дарогі заўсёды есці хочацца.
Аўдзей (насмешліва). Ага, дарога. Не ў дарозе справа. Паны многа не ядуць і другім не даюць.
Варвара. Ну, галодныя не сядзяць.
Аўдзей. Яшчэ б ім галодным сядзець. Каня даў, грошай даў — а другога каня не нажыў — затое ў новых ботах ходзіць. Шляхта! Ты з ёй гаварыла?
Варвара. Гаварыла. Быццам давольная. Плакацца няма чаго.
Аўдзей. Яшчэ б ёй плакацца! Сілай не выдаваў. Казаў наперад — не прымушаю, паглядзі сама, цяпер век не такі, самі жэняцца, табе жыць, а лепей з мужыком сваім хутарам, чым з панам: ета не так, тое не гэтак. Ды і гаспадар ён — больш языком.
Варвара. От, бабе адно шчасце, каб мірам прыжыцца, а там ужо неяк… Дзіцё толькі слабенькае. Не крычыць — пішчыць. Знаць, не выжыве.
Аўдзей. Не бяда. Народзіць, ета дзела няхітрае. Дзеўка спраўная, народзіць.
На стол ужо сабралі. Усе пазіраюць на Аўдзея. Аўдзей бярэ лыжку.
Ну, у гасцях добра, а лішні раз паабедаць не пашкодзіць.
Бацька Аўдзея. Бога забываеш! Не да дабра за хлеб без малітвы брацца. (Стары доўга моліцца.) «Отчэ наш, іжэ есі на небесі, да свяціцца імя тваё, да прыідзіт царствіе твае, да будзет воля твая, яко на небесі і на зямлі. Хлеб наш насушчный дай нам днесь, і оставі нам далгі нашы, яко і мы астаўляем далжнікам нашым, і не введзі нас во іскушеніе, но ізбаві нас от лукавага. Амінь». Не да дабра без малітвы за хлеб брацца.
Усе чакаюць, і толькі пасля малітвы бяруцца за лыжкі і пачынаюць есці.
Аўдзей. Чула, маці, старэйшы наш жаніцца захацеў. (Паварочваецца да Андрэя.) Не церпіцца, мабыць, га?
Андрэй. Я вам усё як ёсць сказаў. Як вы скажаце, гэтак і будзе.
Аўдзей. А, маці?
Варвара. Хай сабе, яно-то, можа, і ранавата, дык цяпер жа ўсё не як даўней.