Аўдзей. Пойдзем.
Абодва выходзяць.
Карціна шостая
У двары злева бачны ганак хаты, за вуглом хаты — агароджа. Справа ў далёкім куце сцэны высокія дубовыя вароты, у абодва бакі ад іх цягнецца агароджа, Аўдзей і сват выходзяць з хаты. У вароты зноў грукочуць.
Аўдзей. Што трэба?
Голас з-за варот. Адчыняй! Рашэннем каміцета!
Сват. Гэта яны… Куды мне…
Бегае па двары.
Аўдзей. Чаго ты…
Сват. Сват, мне трэба ўцячы, я не хачу, я ж не ў спісе, сват, куды? Табе ўсё роўна, а я не хачу, сваток… Я ж не ў спісе!..
Аўдзей. Сціхні!
Сват. Сваток, не супраціўляйся, аддай сам, горш будзе!
Аўдзей. Я свайго не аддам!
Доўга грукочуць у вароты. Аўдзей і сват слухаюць грукат, а калі ён сціхае, быццам забываюць пра грукат. Аўдзей хапае свата за каўнер, сват вырываецца.
Сват. Аддай! Ты адзін, іх шмат, у іх каміцет, прапрыяцыя, яны рашылі, спіс напісаны…
Аўдзей. Што мне іх каміцет? Калі яны сабраліся, селі за стол, паперу напісалі, прапрыяцыяй назвалі, дык можна ў чалавека адабраць усё, што ён нажыў гарбом, мазалём? Яны хто — Бог, каб рашаць, жыць мне ці не?
Сват. Бога цяпер адмянілі. Аддай усё сам — жыццё даражэйшае.
Аўдзей. Гэта ты аддай. Навошта я ўсё жыццё жылы рваў — каб цяпер аддаць? Каб стаць гэтакім жабраком, як яны? А яны прагуляюць, прап’юць маіх коней, маіх кароў, маю зямлю?! Не аддам! Як гэта коней аддаць? Коні мае! Мне мая першая кабыла, з каторай хутар падымаў, даражэй за дзяцей была! Я яе да старасці трымаў, не прадаваў, колькі яна мне коней прывяла! Я яе за хлявом у ельнічку пахаваў, нават шкуру здымаць не стаў, толькі што дамавіну не зрабіў ды крыж не паставіў! Я плакаў, як яна прапала. Мы з ёй разам жылі, яна ўсё разумела, разам пот лілі, лес цягалі — упраж ірвалася. Я кожнага каня памятаю, як ступаў, як еў, мне кожны конь, што брат родны, — і я цяпер павінен аддаць сваіх коней? Каму? Ім? Яны не нажылі сабе коней, як я, ды і прыйшлі адабраць маіх, а я — аддай?! Зуйкову зяцю? Ён жа хамута каню падабраць не можа, ён жа прапіў, прагуляў усё тое, што яму Зуёк за старэйшай дачкой даў, яго ж залатымі пяцёркамі абсып, ён праз год зноў у лахманах сядзець будзе! Яму маіх коней! Не аддам!
Грукочуць у вароты.
Аддаць маіх кароў? Я дзесяць гадоў разводзіў гэтых малочных кароў — а цяпер аддай! Калі Чарнуха захварэла — ва ўезд за доктарам ездзіў, дваццаць пяць рублёў плаціў, ета ж амаль карову купіць можна, а цяжкі год быў, дзеці месяц без хлеба сядзелі, апошнія грошы аддаваў — і ім цяпер маіх кароў?! Не аддам!.. Навошта мне гэтакае жыццё — без каня, без каровы, без зямлі!.. Коні, каровы, зямля — гэта ўсё маё, усё маё жыццё, усё, чым жыву — усё ў зямлі…
Сват. Цяпер зямля не свая. Дадзеная. Па едаках.
Грукочуць у вароты.
Аўдзей. Мая зямля — мая! Мне ніхто не прырэзаў па едаках, я сваю зямлю яшчэ за тым часам за свае грошы купляў. Гэта табе прырэзалі па едаках. Не па едаках зямля — па работніках. Едакі зямлю праядуць і з торбай пойдуць, ім гора мала. На едаках свет стаяць не будзе. Не на едаках свет трымаецца, на работніках. Зямлю я не аддам! Матка грошы збірала ўсё жыццё, бацька ўсё за Богам ды за парадкам, а яна капейку ў капеечку! Пяшком у Мсціслаўль сорак кіламетраў туды, сорак назад, як толькі вольны дзень, а гэты вольны дзень толькі зімою, у холад ды вецер наскрозь, накупляе стужак ды іголак на свае капейкі, нясе па вёсках прадаваць, ногі адняліся к старасці, а капейку да капейчыны! А як прыкінулі разам еты хутар купляць — дык і палавіны няма! А як хацелася мець сваё! Каб сам гаспадар! Сваё!!! Паехаў на тыя шахты, пасадзяць у клетку і пад зямлю, не дыхнуць, дзяўбеш кіркаю, вада з каменя сочыцца, то аднаго побач прыдушыць, то другога пакалечыць, пакуль уніз — тры разы малітву прачытаеш, выцягнуць — зноў молішся, што жывы. I гэтак два гады… Грошай быццам і шмат, а праясі, усё ж не на сваім, усё купі, за ўсё заплаці, а вярнуўся дахаты — зямля падаражала! Вось табе і на! А так хацелася мець сваё! А памагчы некаму, сыны малыя, адзін са старым. А тут вайна… Забралі, Бог паслаў ета раненне, зноў упрогся, а падаткі аддай, зноў даўгі, начамі не спаў, потам абліваўся, — а пасіліў, выцягнуў на сабе еты хутар, ету зямлю, у ёй мая кроў, мае жылы — і аддаць?
Грукочуць у вароты.
А як абжыўся, як сыны выраслі, як цяпер у мяне ёсць, як цяпер я — гаспадар, дык яны прыйшлі адабраць! Яны сядзелі, абы не працаваць, упрогаладзь і цяпер сядзяць, не працуюць — а ты аддай ім коней, кароў і зямлю! Не аддам!
Штурхае свата.
Адабраць у мужыка зямлю — што ж тады будзе?! Мужык за зямлю кроў і пот праліваў, не можа таго быць! Тады ж свет перавернецца! Яны ж самі — «зямля — крэсцьянам». Ні Бог, ні ўлада такога не дапусцяць! Не! Пахаваў, шкуру не здымаў, толькі што крыж не паставіў! Маіх коней — ха-ха-ха! Пахаваў — заб’ю, заб’ю, не дамся! Мяне — Аўдзея?! Ха-ха-ха-ха… Не аддам! Зубамі загрызу — не аддам!
Сват вырываецца, у руках Аўдзея застаецца яго каўнер, Аўдзей глядзіць на гэты каўнер.
Матка — ніткі, хусцінку, ногі, ногі адняліся, пахаваў, толькі крыж не паставіў — ні Богу, ні сабе, не, не, не…
Аўдзей падступае да свата, прыціскае яго да агароджы.
Не можа быць! Ні ўлада, ні бог не дапусцяць такой пагібелі!..
Апускаецца перад сватам на калені.
Пагібелі… Свет перавернецца…
Сват пералазіць праз агароджу. Зноў грукочуць у вароты. Аўдзей страляе сем разоў у вароты. Усё змаўкае. На ганак выходзіць Варвара з лямпай у руках, падымае лямпу над галавой, следам за ёй на ганак збіраецца ўся сям’я. Вароты разломваюць, уваходзяць некалькі чалавек, упаўнаважаны з раёна. Аўдзей стаіць, быццам п’яны. Аўдзею скручваюць рукі. Выскаквае Андрэй, хапае вілы, але ў яго іх адбіраюць. Аўдзей робіць некалькі крокаў уперад, рукі за спіною ў яго падняты высока ўгару, сам ён нахіліўся ўперад, і крычыць, завывае нечалавечым голасам. З ганка сыходзіць жабрак, праходзіць міма ўсіх праз усю сцэну. Сярод прысутных і Сёмка, які дапамагаў мужыку прадаваць малатарню.
Другі мужык. Ай да Аўдзей Усцінавіч! Галава, кажаш, грош цана, капейка? Ай да Аўдзей Усцінавіч! Хе-хе-хе…
Жабрак. Госпадзі! Што людзям трэба! Акрайчык хлеба, ды каб цяпло, ды каб не гналі. Госпадзі! Што людзям трэба! Госпадзі! Але і з чужога не пабагацееш, ох не пабагацееш, чужым сыты не будзеш, о госпадзі!
Жабрак выходзіць праз разбітыя вароты. Чуцен плач дзіцяці.
Голас дзіцяці(праз плач). Мамка, чаго татка гэтак стаіць? Мамачка, я баюся!
Упаўнаважаны з раёна. Вось што такое, таварышы, старарэжымныя перажыткі, падноўленыя нэпманскімі тэндэнцыямі! Яны ператварылі селяніна ў аднаасобніка, у тупую жывёліну, каторая толькі і можа, што грабсці пад сябе, не бачачы наўкола нічога, не разумеючы цякушчаго мамента. На гэта мы, таварышы, не пойдзем! Уперадзе ў нас вялізная і адказная работа, і тыя, хто стаіць нам насуперак, будуць адкінуты з дарогі! Тут, на вольнай зямлі, будзе працаваць вольнае трудавое сялянства, з’яднанае ў сельгасарцелі. I першую сельгасарцель у нашай воласці мы так і назавём — «Шлях да светлай будучыні»!
Заслона.
1989