Выбрать главу

Аўдзей. I ты ўжо — баба за бабу. Тут справа не жарт, зусім не жарт!

Варвара. I маці яе не супраць.

Аўдзей. Маці ў хаце слова не мае. Не проста ета ўсё. Паглядзім заўтра — нехта ж прыйдзе следам за ёй.

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць сват.

Сват. Добры вечар, сваты. Іду, гляджу, вароты не зачынены, у хаце святло, дай, думаю, зайду.

Аўдзей. Праходзь, сват. (Андрэю.) Ідзі пазачыняй, а то кінулі ўсё. (Свату.) Сядай за стол, сват! Эй, Варвара!

Андрэй выходзіць, Варвара ставіць на стол талерку з салам, бутэльку гарэлкі. Сват і Аўдзей сядаюць за стол. У свата ў руках абрэз.

Што гэта ты пры аружжы?

Сват. Ат, хадзіў да нашых. Забраў у сына. Малады, яшчэ што з дуру, мала які выпадак…

Аўдзей. Які выпадак?

Сват. Цяпер кожны дзень выпадак. Не тое, дык гэта. А ты што, нічога не чуў?

Аўдзей. А што мне чуць?

Сват. Засяданні…

Аўдзей. Ад засяданняў хлеб не вырасце. Мяне засяданні не цікавяць. Каму трэба, хай сабе…

Сват. Хлеб-то не вырасце… Толькі засяданні гэтыя, ведаеш пра што? Пра кулакоў…

Аўдзей. Мяне гэта не цікавіць.

Сват. Затое іх цікавіць.

Аўдзей. Хто?

Сват. Той, у каго гаспадарка спраўная. А таму абрэз у сына і забраў. Сунуцца — а ён, хто яго ведае, а за зброю не адмолішся потым, і ў калгасе не выратуешся. У Сібір… Лепш гэты абрэз у рэчку выкінуць, далей ад бяды. А ты б пацікавіўся, не лішне…

Аўдзей. Пра што?

Сват. Пра засяданні… Там у іх спіскі…

Аўдзей. Мне да гэтага справы няма…

Сват. Яно-то так. Толькі людзі кажуць… Чуткі розныя, быццам, разумееш…

Аўдзей. Якія чуткі?

Сват. Кажуць… Хто іх ведае, ці праўда…

Аўдзей. Што ты цягнеш, кажы!

Сват. Быццам ты ў етых спісках…

Аўдзей. Я?!

Сват. Ягор Вуеўскі ў іх каміцеце… П’яны і казаў, быццам цябе… могуць раскулачыць…

Аўдзей. Як гэта раскулачыць?!

Сват. Вядома як… Прыйдуць, коней забяруць…

Аўдзей. Як гэта забяруць? Маіх коней? Я ж не аддам!

Сват. Яны пытаць не будуць… У каго больш аднаго каня — забяруць. I кароў забяруць.

Аўдзей. Маіх кароў?

Сват. I зямлю забяруць.

Аўдзей. Зямлю? Дык хто ж ета ім дасць забраць?

Сват. А калі супраць — сашлюць у Сібір.

Аўдзей. За што?

Сват. За тое, што ты супраць…

Аўдзей. Дык як жа я не супраць, калі яны грабіць мяне прыйдуць?!

Сват. Гэта не грабіць, гэта — прапрыяцыя.

Аўдзей. Як хочаш называй, я нажыў, а яны адбяруць?! За што? Што я, супраць улады ці падаткі не плачу? За што ета мяне?

Сват. Таму, што ты не бедната. У беднаты каміцет.

Аўдзей. Гэта — не мая справа, каміцеты. Я мужык, я ару, сею, я свайго не аддам!

Сват. Забяруць. Толькі тады выратуешся, калі сам усё аддасі. Уступі ў калгас. Аддай коней, кароў, зямлю, тады чапаць не будуць. Я да сына за гэтым і хадзіў, каб навучыць, каб запісаўся, — толькі гэтак выратуешся!

Аўдзей. Ні ў які калгас я не запішуся! Я сам сабе гаспадар!

Сват. Тады раскулачаць. Горш будзе. Людзі казалі, што ў суседняй воласці…

Аўдзей(перабівае). Ты гэты абрэз куды нясеш?

Сват. Выкінуць у рэчку. Каб далей ад граху.

Аўдзей. Прадай яго мне!

Сват. Навошта ён табе?

Аўдзей. Прадай!

Сват. Дык я яго выкідаць хацеў, бяры так.

Аўдзей. Мне за так нічога не трэба. Прадай.

Сват. Дык я што, купляй.

Аўдзей падымаецца з-за стала, дастае з-за іконы грошы і аддае свату.

Аўдзей. Мінулы год, па вясне, крывы Якім у Івана купляў за пяць рублёў.

Сват. Э, не. Я бачыў той абрэз. Са старой трохлінейкі. А мой з карабіна, сямізарадны, адразу абойма, сем патронаў, англійскі.

Аўдзей. Колькі ты хочаш?

Сват. Дык яно… Ён у два разы лепшы — сямізарадны. Восем рублёў, калі ўжо гэтак.

Аўдзей дае яшчэ грошы, забірае абрэз.

Аўдзей. А патроны?

Сват. Ён зараджаны — там сем патронаў. А астатнія я высыпаў. От гэтага дабра… Прыйдзеш да мяне, забярэш, колькі хочаш. Толькі абрэзам не дапаможаш… Лепш павініся…

Аўдзей. Павініцца? У чым гэта я вінаваты?

Сват. Чуў я… Расказвалі… Калі спіс гэты пісалі, цябе быццам першага і ўпісалі… А сёння быццам еты спіс зацвердзілі на засяданні.

У баку ад стала стаіць на каленях стары, бацька Аўдзея, і чытае на ноч малітву. Голас за сцэнай паўтарае асобныя словы.

Бацька Аўдзея(чытае малітву). «Госпадзі, прэклаі ўхо твае і ўслыш смірэннае моленіе. Не допусці прецерпеці распяціе і ўбіеніе, яко ты вынес за нас на кресце. Спасі людзі твая і душы, і цела іх, і благасастаяніе іх, і бліжніх іх, ахрані мірам всякага раба сваего в поце ліца кресцьянствуюшчэго на земле… Спасі і памілуй і ненавідзяшчых мяне, і абіжаюшчых мяне, і тваряшчых мне напасці, і разграбляюшчых мяне і не оставі іх пагібаць в ослепленіі грэха іх… Святый Божа, святый крэпкій, святый бяссмертный, памілуй нас. I ныне, і прісна, і во векі веков. Амінь».

Сват(задумаўшыся). Ты баб жыта жаць раней наймаў?

Аўдзей. Наймаў.

Сват. Вось за гэта і ўпісалі ў спіс.

Аўдзей. Дык тады ж ніхто не забараняў. А хто гэта ведаў, што потым забароняць?

Сват. Ніхто не ведаў. А выйшла ксплуатацыя. А я не наймаў. Не, я не наймаў, сваток!

Аўдзей. Таму што ты сквапны, а я лепш грошы заплачу, абы хутчэй убрацца па восені. I бабы ж самі просяцца, ім-то заробак.

Сват. Гэта так. Але я не наймаў. Не. Я не наймаў, а ты наймаў. Таму ты і ў гэтым спісе. Хто ведаў, а во як выйшла. Ты суседу свайму, Сцяпану, пшаніцы пазычыў паўмеха?

Аўдзей. Пазычыў.

Сват. А назад хацеў цэлы мех узяць?

Аўдзей. Ты што? З неба зваліўся? Не ведаеш, што паўмеха па вясне каштуе як мех па восені? Ды і дамаўляліся.

Сват. Я-то ведаю. Але цяпер гэта спікуляцыя. Ты ж хацеў і пабіць яго, а ён — бедната. А я нікога не біў, не наймаў — а баюся! Коней прадаў, карову адну пакінуў, у калгас запішуся, бо баюся, лепш у калгас, чым у Сібір. I ты падумай, Аўдзей! Пра дзяцей падумай, пра род падумай! Усе ўсё прадаюць, што ў каго ёсць.

Аўдзей. Дык вось чаму яны мне малатарню за палову грошай прадалі. Але я ад свайго не адмоўлюся. Я свайго не аддам!

З вуліцы чуваць грукат у вароты.

Сват(спалохана). Хто гэта?

Аўдзей. Мабыць, Зуёк. Дзеўкі хапіўся.

Сват. Якой дзеўкі?

Аўдзей. Сватаў сёння ў яго дачку, а ён не даў. А дзеўка ўвечары сама прыбегла.

Сват(з цікавасцю). Брухатая?

Аўдзей. Здаецца, не.

Сват. У Зуйка зяць у каміцеце. Вось ты яго і спытай. Ён павінен ведаць.

Аўдзей. Дык вось чаго ён дачку пабаяўся аддаваць, ён ведаў!

Зноў чуваць грукат у дзверы.

Сват(спалохана). Адзін гэтак не грукоча.