Францішак Аляхновіч
Страшны год
Я тады працаваў на электрычнай станцыі ў Вільні... У вячэрнія гадзіны тры разы на тыдзень мы зьбіраліся на лекцыі літоўскае мовы... Праз пару дзён ужо быў назначаны экзамэн, які меўся вырашыць пытаньне, хто з нас застанецца на працы, а хто — павялічыць лік беспрацоўных...
Гадзіна 6 увечары. Лекцыя скончылася. Разыходзімся. Я вяртаюся дахаты, думаючы аб блізкіх экзамэнах. Каб не “праваліцца”! Цяжка мне давалася літоўская мова!
І канчаючы ўжо шосты дзясятак гадоў майго жыцьця, я перанёсься ў шчасьлівыя дзіцячыя гады, калі пытаньне аб тым, ці вытрымаеш экзамэны і ці пяройдзеш у вышэйшую клясу, зьяўлялася найважнейшым. Цяпер пытаньне, што стаяла перада мной, было таксама не малой вагі: ці буду мець магчымасьць зарабляць на хлеб для сябе і сваёй сям’і? Сівы чалавек, бацька дзяцей, я перажываў перадэкзамэнацыйныя эмоцыі школьніка. Было мне і страшна, і сьмешна, і крыўдна...
Прыбліжаючыся да Зялёнага мосту, я глянуў і — адзервянеў. Праз мост у бок Кальварыйскай вуліцы каціліся–грукаталі нейкія вазы–скрыні. З круглых, адчыненых на іх вежаў высоўваліся галовы у шэрых сьпічастых шапках...
Гэта былі яны: бальшавікі!..
Прафэсар М.Зьдзяхоўскі, які памёр перад сучаснай вайной у Вільні, не дачакаўшыся бальшавікоў, верыў, што бальшавізм зьяўляецца творам нячыстых сілаў. Ён, падыходзячы да справы містычна, зусім шчыра і паважна пісаў, што ў сучасны мамэнт пачынаюць збывацца прадбачаныя ў Апакаліпсісе падзеі...
Пры спатканьні з бальшавікамі мяне агартае страх. Гэта ня толькі ведамы кажнаму чалавеку страх сьмерці. Тут ёсьць нешта болей. Хто з нас, пражыўшы больш за паўсотні гадоў, не глядзеў сьмерці ў вочы! Гэта іншы страх. Гэта страх дзіцяці, зачыненага ў цёмным пакоі, якое баіцца чагосьці нерэальнага. Гэта страх, які перажываем у сьне, змагаючыся зь нечым і ня могучы яго перамагчы, калі непаслухмяныя рукі ня могуць нанесьці забойчага ўдару, а ногі ня здолеюць варушыцца, каб уцячы...
І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам...
Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся.
Няздольны, як у сьне, да лягічнага разважаньня, я пабег да свае хаты. Там яшчэ нічога ня ведалі. “Бальшавікі прыйшлі!” — я першы прынёс гэтую вестку.
У гэты мамэнт мне здавалася, што я не павінен ні аднае ночы начаваць у сябе дома. Я сеў на аўтабус і паехаў у другі канец гораду да прыяцеля. Тут мы пачалі ўсебакова разважаць палажэньне. Мы прыйшлі да гэткага выснаву: бальшавікі тут ужывуць іншую тактыку, чымся ўсюды дагэтуль. Літва — незалежная дзяржава, Літва — што атрымала так нядаўна ад бальшавікоў Вільню, Літва — што падтрымоўвала прыязныя адносіны з СССР — перажыве працэс саветызацыі ў павольным тэмпе, шляхам эвалюцыйным. Ня будзе раптоўнай ломкі з НКВД, падваламі, расстрэламі. Яшчэ ня хутка пачне зямля гарэць пад нагамі. А цяпер яшчэ можна даўжэйшы час сядзець спакойна і глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Чорт яшчэ пакуль што будзе сядзець спакойна, схаваўшы свае капцюры ў рукавічках. Гэтак мы тады думалі, гэтак пацяшалі сябе ў гэты непацешны час.
Але ў сваёй хаце мне, аднак, начаваць не хацелася.
На другі дзень радыё апавясьціла, што ўцёк прэзыдэнт рэспублікі Смэтона.
На трэйці дзень я пайшоў да прыяцеляў і мы рашылі назаўтра ўвечары перабірацца ў Нямеччыну.
Падзеі шпарка ішлі. Прыяцелі безь мяне пастанавілі прысьпешыць час выезду. Заміж увечары, выехалі ўраньні. Мяне не маглі паведаміць, бо мяне трудна было знайсьці — я не начаваў дома. Паехалі на граніцу, у бок Нямеччыны. Я застаўся. Даведаўшыся аб іхным ад’езьдзе, пагнаўся за імі. Цягнікі тады хадзілі акуратна. Я знайшоў іх на аўтобуснай станцыі ў Коўні. Мы паехалі ў прыгранічнае мястэчка Л. Добра. У кампаніі сьмялей.
Едзем. Ня маем яшчэ ніякага пляну датычна пераходу граніцы. На мейсцы пабачым, разьмяркуем, вырашым... За Коўняй на кажным масточку — савецкая варта. Кілёмэтар за кілёмэтрам пралятаем шпарка. Нарэшце, на нейкай рэчцы мост — бяз варты. Я штурхнуў у бок майго прыяцеля:
— Бачыш?
— Бачу.
— Тут іх няма...
— Няма...
Мы ўздыхнулі: бальшавікі да граніцы яшчэ не дайшлі.
А вось і мястэчка Л. Жыдкі абкружылі аўтабус. Публіка высядае. Прыехала пара ксяндзоў, літоўскі афіцэр, нейкія цывільныя, у іхным ліку і мы...