Выбрать главу

Мы знайшлі патрэбнае знаёмства... Пераначавалі... Знайшоўся і шофэр са сваім аўтам. Мы з камфортам паехалі да граніцы. Затрымаліся ў хутары чвэрць кілёмэтра ад граніцы. На стале зьявілася гарэлка і закуска. Наша прабываньне тут павінна мець характар вясёлага пікніку, на выпадак, калі б заглянула сюды пагранічная старожа. Мы глядзелі праз вакно: вось там, за гэтым гародам горка, на ёй бачна хатка. Гэта ўжо — за граніцай! Але каб было больш пэўна — тутэйшы чалавек правядзе нас праз гэты гародчык, паможа нам несьці нашыя клункі. Гэтак блізка! Там бальшавікі ўжо нас не дастануць!

Прыбегла, задыхаўшыся, дзяўчына.

— Пагранічная старожка, — кажа па літоўску, — атрымала тэлефонную вестку: з мястэчка Л. дзьве гадзіны таму выехалі два грузавікі з бальшавікамі абстаўляць граніцу...

Нельга марнаваць часу. Гарэлка і закуска засталася стаяць на стале, як стаяла. Мы схапілі свае клункі. Кінуліся ў гарод. Адзін за адным, гуськом пабеглі мяжой у кірунку хаты, што стаяла на горцы. На самай граніцы — рэчка. Там нас затрымала нямецкая старожа...

ЗА МЯЖОЙ

Спачатку прымежнікі гавораць з намі строгім тонам, пасьля, даведаўшыся, хто мы, перамянілі тон на больш ветлы. Вядуць нас у сваю старожу. Адносіны ўжо зусім добрыя. Трактуюць нас сваімі цыгарамі. Паслалі ў суседнюю вёску па хурманкі. Яшчэ перад захадам сонца павезьлі нас у найбліжэйшае мястэчка. Там мы пераначавалі ў камэндатуры. На другі дзень павезьлі нас цягніком у горад С. Мае таварышы ўжо даўно рыхтаваліся да выезду у Нямеччыну. Яны падрыхтавалі сабе грунт. У нямецкім прадстаўніцтве ў Коўні атрымалі дазвол на пераезд у Нямеччыну. Мой выезд быў непрадбачаны, дазволу я ня меў. Мае таварышы засталіся, мяне — скіравалі назад на граніцу. Ня я адзін апынуўся ў гэткім няўдалым палажэньні. Разам са мной скіроўвалі на граніцу аднаго зь віленскіх адвакатаў, які перабіраўся ў Варшаву. Яго ў горадзе С. судзілі, далі яму за нелегальны пераход граніцы тры дні астрогу і пасьля адсідкі перакідалі назад у Літву.

НАЗАД...

У выгодным аўта ехалі мы... назад... Вось і пагранічная старожа. Прыехалі хутка. Цяпер палудзенная гадзіна. Мы расьселіся на траўцы, курылі папяросы і чакалі. Нявесела было нам. Вокны казармаў былі адчыненыя. Быў бачны рух у кухні, дзе кухаркі варылі страву для жаўнераў. Ужо сонца падыходзіла да небасхілу, калі мы пачулі ў кухні гутарку, ад якой нам мурашкі прабеглі па целе. А можа мы недачулі? Можа нешта ня так? Мой таварыш добра гаварыў па нямецку. Ён пайшоў да нашага сымпатычнага афіцэра, каб праверыць чуткі...

Але. Гэта была праўда. Нядаўна, пад вечар, ня больш гадзіны часу таму, на граніцу зьявіліся бальшавікі... Ужо і гэты адрэзак літоўска–нямецкай мяжы заняты бальшавікамі. Але што казаць бальшавікам, калі апынемся на іхным баку? Уцякаем зь Нямеччыны? А якія дакуманты? У мяне пашпарт, выдадзены ў Вільні і зарэгістраваны толькі ў Вільні. Казаць, што заблудзіліся? Але дзе былі? Мой кумпан раіць: скажам, што былі ў гасьцях у маёнтку. У якім? У каго? Няма што казаць, няма выкруту...

Гэтак мы мучыліся, перабіраючы ўсе магчымыя тлумачаньні... Я ведаў адно: калі не ўцячэм — гэта мой канец. Страшны канец. Буду ўцякаць, што ёсьць сілаў, колькі дазволіць маё немаладое сэрца, хай страляюць, хай заб’юць — гэта добра, каб толькі не застацца жывым у бальшавіцкіх руках.

Вечарэла... Загараліся першыя зоркі... Надыходзіць страшная часіна: пераход граніцы — туды! Назад! дзе чырвоная нечысьць “будуе новы сьвет”... Афіцэр выйшаў на панадворак. Значыцца, ужо хутка. Я здымаю боты, папраўляю свае шкарпэткі, каб нідзе ня ціснула нагу, бо цяпер увесь ратунак у нагах... Ну і ў сэрцы!... Каб сэрца вытрывала! Але яго не абкруціш ні лахманамі, ні ватай. А яно цяпер б’ецца моцна, быццам папераджаючы: “На мяне, браток, шмат не спадзявайся... Я ўжо зморанае, старое, слабое... Службу сваю ўжо адслужыла... Пара ўжо і на супачын...”

— Бітэ... Комэн зі...

Афіцэр кіўнуў на нас. Мы ўсхапіліся зь зямлі і пайшлі за ім... Падыйшлі да нейкага ручайка. Затрымаліся на мосьціку...

НАЧНОЕ ПАДАРОЖЖА

Мы арыентаваліся па зорах. Гледзячы на Вялікую Мядзьведзіцу, мы ішлі на паўночны ўсход, спрачаючыся па дарозе. Мой камрат меў тэндэнцыю паварачваць больш направа, а я сьцьвярджаў, што трэба кіравацца больш улева. Мы не шукалі дарог. Ішлі проста праз палі, сенажаці, жыта. О, калі траплялі ў жыта, дык чуліся зусім добра! Трохі толькі схіліўшы галаву, мы ўжо ведалі, што нас тут ніхто ня ўбачыць. Калі спатыкалі на дарозе нейкі хутар, стараліся яго старанна абмінаць, каб ня ўбачылі нас людзі, не пачулі сабакі... А хто яго ведае, можа там пад страхой сядзяць бальшавікі...