Выбрать главу

У нас было пастаноўлена: будзем кіравацца на мястэчка Л. — гэтае самае, каля якога я перайшоў граніцу, ідучы ў Нямеччыну. Пад гэтым мястэчкам мой камрат меў знаёмага. Там мы меліся выспацца ў стадоле і нанач зноў ісьці далей, кіруючыся на Коўню.

Перасякаем нейкую дарогу. Зьлева нешта бліснула. Раптам на павароце зазіхацелі поўным сьвятлом два рэфлектары аўта. Ні перад намі, ні за намі няма ні кусточка, ні дрэўца, ні ямы. Толькі згараная зямля. Мы кінуліся тварам на зямлю. Цішыня. Ніхто нас не чапае. Аўта праляцела, не заўважыўшы нас. Я асьцярожна падымаю галаву. Гляджу. Майго таварыша падарожжы няма. Што за ліха! Што сталася? Куды ж ён падзеўся?..

Месяц схаваўся за хмары, і навокал запанавала цемра. Я ўглядаюся ў цемру ночы. Раптам бачу: нейкі цень... Нехта ідзе ў маім кірунку. Уцякаць няма часу. Дагоніць. А мо’ ня ўбачыць. Я зноў шчыльна прылягаю да зямлі... Нехта тармошыць мяне за плячо...

— Што з вамі? Вы жывы ці ўжо памёрлі?

Гэта вярнуўся мой камрат.

Як выясьнілася, пасьля праезду аўта ён падняўся і, думаючы, што я зрабіў гэтаксама, пайшоў далей. Адыйшоўшы крыху і ўбачыўшы, што мяне няма, ён вярнуўся і пачаў мяне шукаць...

Ізноў ідзём. Ізноў спрачаемся. Я хачу паварачваць улева, ён кіруецца управа. Зноў месяц выпаўз з–за хмараў. Праклінаем гэты зрадлівы сьвет. Страшэнна піць хочацца. Паміж кустамі спатыкаем нейкае балотца. П’ём сваймі шапкамі гэтую цёплую, брудную, балотную жыжу. На небасхіле пачынае сьвятлець. Ужо золак. Хутка трэба будзе недзе спыніцца, адпачыць. Ужо пачынаецца ўсход сонца. Мы бачым раскінутае ўнізе пад намі нейкае мястэчка. Гэта ня Л. Мы прыглядаемся да касьцельных вежаў, да агульнага выгляду гэтага аселішча і аднагалосна сьцьвярджаем: але, гэта не мястэчка Л. Гэта іншае. Але якое? Дзе мы? На якой тэрыторыі? Каго спытацца? Як спытацца? Што людзі падумаюць, калі ўбачаць на досьвітку двух брудных, абмызганых балотам тыпаў з партфэльчыкамі пад пахай, якія пытаюцца, што гэта за мястэчка. Дык жа апошні дурань зразумее, што тут справа нячыстая. Мы рашылі не паказвацца людзям на вочы, праспацца ў жыце, а ўначы ізноў ісьці ў кірунку паўночна–ўсходнім.

ПАПАЛІСЯ

Мой таварыш, як сьпіць, мае благую прывычку храпсьці. У мяне ж яшчэ горшы недахоп, вынесены яшчэ з Саловак. Калі я засну пасьля нейкіх цяжкіх перажываньняў, я ў часе сну стагну, енчу... Ня памятаю, што мне тады сьнілася. Але было нешта такое, што прымусіла мяне прачнуцца. Я падняў галаву і пачаў разглядацца. Мой камрат спаў і хроп, як мядзьведзь. Непадалёк чутны былі галасы і чуўся шум расхіляных рукамі каласоў. Ішлі да нас нейкія людзі. Я разбудзіў свайго храпуна.

— Ня сьпеце! Нехта ідзе!

Уцякаць ужо позна. Што будзе, то будзе. З трох бакоў зьяўляюцца між каласоў сярдзітыя сялянскія твары. Кажны зь сялян зь віламі ў руках... Справа няважная. Я ведаю, што зараз будуць нас пытацца, хто мы, адкуль, як мы тут апынуліся... Гэта вось гэтыя пытаньні, на якія мы не хацелі б даваць адказу, а прыдумаць нешта накшталтнае дапраўды нам не ўдалося. Я, крыху ведаючы літоўскую мову, стараюся ратаваць палажэньне. Галоўнае, каб адсунуць гэтую часіну, калі будуць нас пытацца. Я пачынаю плясьці розную неразьбярыху... Сьмяюся, дзякую, што нас разбудзілі, прашу прабачэньня, што мы патапталі жыта, паказваю свой пашпарт, пытаюся, якое гэта мястэчка, кажу, што былі ў знаёмых на выпіўцы, уначы заблудзіліся, ня ведаем, куды трапілі, хацелі супачыць крыху... і г.д.

Сяляне глядзяць на нас зь недаверам. Разглядаюць мой пашпарт. Круцяць галавой...

— Пашпарт, здаецца, як мае быць... Хто вас ведае, што вы за людзі...

Мястэчка, якое мы перад сабой бачым, — гэта Кальварыя. Цяпер справа была для мяне ясная, што нас затрымаюць, ня пусьцяць далей ісьці, аддадуць у рукі ўлады. Каб нам не сказалі: “Хадзеце з намі!”, я сам выклікаюся ісьці на хутар. Пытаюся, ці можна купіць малака. Прапаную ім закурыць. Закурваюць, але глядзяць на нас спадылба. Ідзём на хутар. Я ўвесь час бязупынна трайкачу то аб тым, то аб сім, з аднэй думкай, каб ня даць магчымасьці задаваць нам пытаньні...

У хаце нам далі малака. Прагавіта п’ём. Расказваюць нам, як нас знайшлі ў жыце. Пастушок непадалёк ад нас пасьціў жывёлу. Пачуўшы ў жыце нейкія стогны–храпы, падумаў, што там акалявае якійсьці паранены зьвер. Паведаміў людзей. Тры сьмялейшыя, узброіўшыся віламі пайшлі дабіваць непажаданага госьця... І былі надта зьдзіўленыя, убачыўшы ў жыце, заміж зьвера, двух падарожных... Гэты мамэнт уносіць крыху гумару ў нашы суадносіны. Гэта ўжо добра. Там, дзе сьмяюцца, там віламі ня колюць. Можа нават нас пусьцяць сваёй дарогай...