— Матузка, а Матузка! Аглух ты, ці што?
Малады баец Матузка капаў свой акопчык.
Ён углыбіўся ў зямлю так, што не відаць было нават аблезлай яго пілоткі і толькі высока ўгору ўзляталі гліністыя камякі зямлі. Але воклік прымусіў яго спыніць працу, і над брустверам паказаўся запэцканы зямлёю кірпаносы твар.
— Лейтэнант кліча, — сказаў вусаты сусед Піліпчук, які, пазваньваючы медалямі, акопваўся побач.
— Матузка! — гукаў лейтэнант, высунуўшыся з канавы ля дарогі. — Бягом за вёску, перадай Галкіну, каб у лес цераз лог не пусціў ніводнага фашыста. Сам пакуль застанешся з ім. Давай хутчэй!
Калі загадана, трэба бегчы. Баец пашкадаваў крыху сваё ўтульнае сховішча. Але што зробіш! Прыхапіўшы вінтоўку, ён спрытна выкінуў з акопчыка гнуткае цела і, шмыгнуўшы пад жэрдку паламанага плота, апынуўся ў гародзе.
Летняе сонца ў бясхмарным небе ўжо з раніцы набрала сілы і моцна паліла. Вялае бацвінне, якое не ачуняла за кароткую ноч, бяссільна ляжала на сухой зямлі, жоўклі і курчыліся на градах агурковыя калівы. Капуста і тая згарнула абмяклае лісце і зморшчылася, нібы састарэўшы да часу. Шморгаючы ў гародніне загнутымі наскамі стаптаных ботаў, Матузка бег між градак і не азіраўся назад, дзе над выганам паспешліва акопваліся яго таварышы — байцы паходнай заставы.
Знарок, дзеля маскіроўкі, баец трымаўся гумен і гароду. Хутка яму трапілася сцяжынка, якая вілася ля саду. Цераз паркан на абцяжараных галінах звісалі буйныя не даспелыя яшчэ яблыкі. Хлопец, па-дзіцячаму азірнуўшыся, на бягу сарваў адзін і паімчаў далей. Рухавасці ў яго хапала, хутка неслі ногі, і заўзята, без роздуму, сігаў ён цераз высокія платы і драцяныя загароды. Першае самастойнае баявое заданне было прычынай яго незвычайнай энергіі і спрыту. Хоць Матузка і не адзін тыдзень на вайне, але неяк здаралася ўсё так, што яму не давялося быць у баі: усё выпадаў рэзерв, або марш, ці другі эшалон. Толькі вось сёння, здаецца, будзе сапраўдны бой.
Так па задворках і гародах Матузка амаль ужо мінаў вёсачку. Захоплены ўласным спрытам і жвавасцю, хлопец на час забыўся пра пагрозлівыя абставіны. Таму зусім нечакана для яго ўгары заверашчэла нешта страшнае і ніколі не чутае, і ўслед за тым, страсануўшы наваколле, грымнулі тры выбухі. Якраз у тым кірунку, дзе трэба было бегчы байцу, у адно імгненне знесла саламяную страху з хаты. У паветры, ускінутыя выбухам, мільганулі кроквы, шматкі саломы, кавалкі коміна, і ўсё знікла ў гушчары садкоў, толькі воблака пылу ціха паплыло ў блакітнае неба.
«Міны»,— падумаў Матузка, услухоўваючыся, як халадзее на сэрцы, а праз момант здзівіўся, адчуўшы пад сваім целам цвёрдыя галіністыя сцяблы бульбоўніка. Падаць на зямлю ён не меў намеру, а выйшла гэта неяк само сабою, неўпрыцям. Страшэнныя выбухі адразу развеялі лагодны настрой байца, але, каб не траціць часу і не напаткаць якой бяды, Матузка не стаў асабліва смуткаваць і яшчэ паскорыў бег.
Зрубленая з яловых верхавін, счарнелая ад дыму і часу старэнькая лазня, у якой шмат гадоў мыліся людзі гэтай вёскі, набыла цяпер новае значэнне. Яна служыла апорай непрыкрытага правага фланга, таго фланга, над якім павісла зараз пагроза абыходу і які асабліва непакоіў лейтэнанта. Гэта было глухое месца на водшыбе, пад самым лесам. Вакол лазні густа і згодна лезлі ўгару і ўшыркі быльнёг, дзядоўнік і іншая раслінная непатрэба, якой тады нямала развялося на спустошанай зямлі. Лясны маладняк таксама карыстаўся людской няўвагай і спакваля падступаў да лазні. Узмежак, што цягнуўся ад яе да лесу, ужо быў добра абжыты кустамі лазняку і алешнікам.
Матузка абыйшоў лазню, але Галкіна нідзе не ўбачыў. Тады ён прыслухаўся і пачуў шамаценне галля, якім кулямётчык маскіраваў свой акоп на ўзмежку пад лазовым кустом. Ён ужо акапаўся і цяпер старанна хаваў сляды свежай гліны, рассыпанай наўкола. Хлопец працаваў распрануты, у прапацелай бруднай майцы, а гімнасцёрка ляжала пад дыскамі побач з кулямётам на брустверы. У паветры тым часам зноў завылі міны, і Матузка, не чакаючы запрашэння, скочыў у цесную ячэйку, якая ледзь змясціла дваіх. Некалькі здзіўлены кулямётчык не вельмі прыязна агледзеў нечаканага пасланца.
Галкін быў дужы і сур’ёзны хлопец, не на шмат старэйшы, але з выгляду значна мужнейшы за Матузку. Рысы яго твару вылучаліся той грубаватай буйнаватасцю, якая разам з некаторай панурасцю ў поглядзе рабіла яго старэйшым за свае гады. А свежы кірпаты твар Матузкі, на пераноссі засеяны рабаціннем, і тонкая постаць падлетка выдавалі яго надта маладым. Такім чынам, розніца ў выглядзе двух байцоў, зведзеных вайсковым лёсам, была даволі значнай.