Зрабілася надзвычайна ціха, толькі не надоўга. Зноў — тыя ж глухія гукі з-за лесу, і цераз паднябессе з прарэзлівым скрыгатам зноў паляцелі міны. Галкін, тузануўшы Матузку, прысеў на дно ячэйкі. Магутныя выбухі ўскалынулі зямлю, апаліўшы алешнік на ўзлеску, якраз ззаду іхняга акопчыка.
— Эге, братка, — выглянуўшы з акопчыка, сказаў кулямётчык. — Гэта па нас вілку ўзялі. Ну, цяпер трымайся!
I сапраўды, не паспелі хлопцы што-кольвечы падумаць, як зноў угары заверашчэла ў шмат галасоў, і шумна ды жудасна панесліся на іх чэргі цяжкіх буйнакаліберных мін. Матузка адчуваў, як з кожным імгненнем, непадуладнае цяпер яму, сціскалася яго цела, а сэрца быццам спынялася, ахопленае прадчуваннем блізкай пагібелі. Выбухі грымелі зусім побач і так моцна, што, здавалася, пад іх ударамі шчапаліся зямныя нетры, на ўсю глыбіню працятыя страшнай трацілавай сілай. Адзін гучней за другі, як лютыя пачвары, білі яны зямлю, знямеўшую ў роспачы, і грымотнае рэха ад іх калыхала лясныя абшары. Нервы ў нечалавечым напружанні ледзь вытрымлівалі гэтую д’ябальскую пробу металам. Амаль фізічны боль пранізваў усю істоту, і, хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён, ці ўжо мёртвы.
3 бруствера на спіны байцоў сыпалася зямля, пахла пылам і нейкім паленым смуродам, а яны, прыпаўшы да самага дна, ні разу нават не варухнуліся. Галкін чакаў, калі скончыцца агнявы шквал, ды чакаць давялося доўга. Калі ж выбухі некалькі аддаліліся, ён, адчуўшы нядобрае, хуценька ўзняўся ў акопе і ўскрыкнуў. Карыстаючыся агнявым прыкрыццем, цераз лог у лес бегла некалькі дзесяткаў ворагаў. Пярэднія дасягнулі ўжо сярэдзіны лужка, і Галкін схапіўся за кулямёт.
За таварышам узняўся з акопа і Матузка. Кусты на ўзмежку парадзелі, нібы скінулі лісце, лазня з выбітым вуглом і раскіданай сцяною павалілася на бок. У вёсцы нешта гарэла, і дым рудымі клубамі валіў у гару. Травяністы дол наўкола быў перамешаны з зямлёю, а ад буйнай расліннасці не засталося і следу.
Зноў трапіўшы пад флангавы агонь, гітлераўцы змяшаліся і залеглі. Злосна засакаталі ўдалечыні іх лёгкія кулямёты, і недзе побач у паветры пачулася небяспечнае «фю-фю». Але хлопцам не было калі прыслухоўвацца да новай небяспекі: яны выконвалі загад. Галкін, упёршы прыклад у дужае плячо, разам з кулямётам тросся ўсім целам. Ён баяўся прапусціць хоць бы адзін рух ворага і біў частымі кароткімі чэргамі. Побач, спяшаючыся і хвалюючыся, страляў Матузка, ад перажытага страху яшчэ дрэнна валодаючы сабой.
Гітлераўцы, нарэшце, зразумелі, што прабіцца ў лес, пакуль на флангу дзейнічае кулямёт, ім не ўдасца. Відаць, уцямілі яны і тое, што сілы ля лазні невялікія, і кароткім імклівым ударам можна знішчыць дакучлівую перашкоду.
У траве, на лузе, яны перастроілі свой ланцуг і кароткімі перабежкамі пачалі пасоўвацца да лазні. Потны і брудны ад пылу, Галкін толькі скрыгатаў зубамі: высокая някошаная трава добра хавала ляжачых салдат, а біць адзіночак, якія зрэдку перабягалі, было нязручна і трацілася шмат патронаў.
Злева, за вёскай, таксама ўзгарэўся моцны бой, там стрэлы і выбухі зліліся ў суцэльны гул, гітлераўцы адразу атакавалі на ўсім участку.
Некалькі хвілін Галкін страляў і страляў, а ворагі, не зважаючы на агонь, павольна, але ўпэўнена пасоўваліся наперад.
— Эх, сволачы! — крыкнуў ён, адарваўшыся ад кулямёта. — Паўзуць!
Ён вызначыў, што на адлегласці ворага затрымаць не ўдасца, а, наблізіўшыся, гітлераўцы скарыстаюць хмызняк і блакіруюць кулямёт. На твары кулямётчыка адбілася злосць, і вочы заснавалі па прасцягу, шукаючы выйсця. Адчуўшы, што настаў рашаючы момант, ён ўвесь ажывіўся, наліўся сілай і спрытам.
— Мікалай, — звярнуўся ён да таварыша.— Вось што, братка: бяры ты кулямёт і краем лесу шпар наперад. Як зраўняешся з іхнім флангам, лупані збоку. Толькі нядоўга: дыскі са два. А я іх падражню адсюль.
Усхваляваны, Матузка не вельмі разумеў што ў новым павароце справы, але адчуваў небяепеку ды і выгляд таварыша сведчыў, што становішча сапраўды сур’ёзнае. Не кажучы ні слова, ён вылез з акопа і па ўзмежку, прыгінаючыся як мага ніжэй, падаўся да лесу.
Пасля акопа на паверхні баец адчуў сябе неяк зусім адкрытым і безабаронным. Кулі свірчэлі побач, падалі галінкі, падсечаныя іх кароткімі шалёнымі ўдарамі. Нядоўга было трапіць пад іх імклівы лёт, і ўжо наўрад ці давялося б падняцца зноў. Страшна зрабілася хлопцу тут, на паверхні зямлі, воддаль ад выратавальнага акопчыка. Але трэба было рабіць сваю справу — бегчы наперад, каб у час дапамагчы Галкіну, які адзін зараз шчоўкае з яго вінтоўкі, і Матузка шыбаў праз альховы гушчар, не асцерагаючыся галля, якое балюча сцябала яго.
Выглядаць з лесу, каб убачыць, дзе немцы, яму не спатрэбілася. Калі іх страляніна стала зусім побач, Матузка збочыў з гушчару і асцярожна высунуўся з-за маладой ёлкі на краі ўзлеску. Месца гэтае некалькі ўзвышалася над логам, і хлопец на момант сумеўся: ён выразна ўбачыў на роўнядзі крывы ланцуг гітлераўцаў, якія адзін за адным ускоквалі, беглі і падалі.