Выбрать главу

Матузка ўкленчыў у жорсткую папараць пад ёлкай і нарыхтаваў кулямёт. Пакуль ён даставаў дыск, зараджаў і ставіў прыцэл, прайшло няшмат часу, але менавіта тады настала рашучая хвіліна. Мінныя выбухі затаўклі зямлю ля лазні; немец, што перабягаў апошнім за ланцугом, закрычаў штосьці, і ўсе яны пачалі ўзнімацца і, страляючы з аўтаматаў, хуткім крокам кінуліся да вёскі. Здарылася так, што супраць Матузкі апынуўся гэты задні немец-камандзір, а ланцуг сваім флангам ужо мінуў тое месца, дзе прытаіўся кулямётчык. Малады баец моцна спалохаўся ад думкі, што спазніўся. Як-кольвечы ён прыцэліўся і націснуў спуск. Кулямёт, нібы знайшоўшы выхад сваёй злосці, ірвануўся ў руках і задрыжэў буйнай сударгавай ліхаманкай. Матузка не адняў пальца ад спуску, пакуль парожні дыск не спыніў чаргі.

Калі б не так гучна грукацеў яго кулямёт, Матузка яшчэ раней пачуў бы новыя гукі, якія з’явіліся ў баі. У тым баку вёскі, дзе адбівалася галаўная паходная застава, скрозь лютую страляніну пачуліся шматгалосыя крыкі: адсюль нельга было ўчуць, было гэта «ўра», ці што іншае. Ды Матузка і не слухаў: немцы зноў заляглі, і па ўзлессю пайшоў моцны трэск, сыпаліся галінкі з лісцем, нібы дзесяткі нябачных бізуноў у розных месцах сцябалі дрэвы. Аднак, як ні прыціскаліся к долу залёгшыя ворагі, адсюль яны бачны былі кулямётчыку, і ён, змяніўшы дыск, зноў запусціў чаргу.

У той час аднекуль з варожага боку ўзляцела ў неба дымная ракета і, выцягнуўшы хвост, згасла над логам. Немцы тады апантана ўскочылі і што было моцы кінуліся назад да свайго раўчука. Матузка задрыжэў увесь ад радасці і адвярнуў кулямёт.

Нястрымная весялосць распірала кулямётчыка. Аглушаны выбухамі і стрэламі, ён на ўсё горла крычаў адно і тое ж зларадна-дураслівае.

— Ага-а! Ага-а! Ага-а!

Праз некаторы час нямногія ўцалелыя ворагі зніклі ў раўчуку, а на лог высыпалі ротныя ланцугі падыйшоўшага батальёна. Матузка, адчуваючы сябе незвычайна лёгкім і імклівым, узваліў на плячо гарачы кулямёт і па ўзлеску пабег да вёскі.

Многа ператрывала яго душа за гэты дзень, але здабытая перамога хвалюючай радасцю засланіла цяпер усё самотнае. Як крыўдныя слёзы ў маленстве, адразу забыліся нядаўнія страхі. Пачатак быў зроблены, цяжкі, але ўдалы пачатак. Матузка паваяваў, і хоць не зусім ладна, але, бадай, і не дрэнна. Ён сам адчуваў гэта і быў рады, і радасць яго павялічвалася ўпэўненасцю, што Галкін задаволіцца яго ўмельствам і цяпер, бадай, пасябруе з ім. Што ж датычыць Матузкі, дык ён вельмі жадаў гэтага.

Макрэючы ад поту, хлопец імчаўся па ўгрэтай духмянай траве. Радасць падганяла яго, і Мікола спяшаўся падзяліць яе са знойдзеным сёння баявым сябрам.

Яшчэ зводдаль Матузка прыкмеціў ля лазні групу афіцэраў, ён пазнаў там камандзіра батальёна і заўважыў, што яны глядзелі ў гэты бок, нібы чакалі каго. Матузка пашукаў вачыма Галкіна, але не ўбачыў яго. Не было яго і ў акопчыку, які, пусты цяпер і непатрэбны, туліўся пад лазою. Пад кустом, на ранейшым месцы, стаяў кацялок з рэштай вады. Але чаму Змітрок не сустракае яго? Няўжо ён зрабіўся ўжо абыякавым да свайго нядаўняга памочніка? Нешта трывожнае затрымцела ў хлапечым сэрцы, калі ён пралазіў хмызняк на ўзмежку і набліжаўся да камандзіраў.

— Вось ён, кулямётчык гэты, — сказаў камбат, звяртаючыся да незнаёмага, відаць, старэйшага афіцэра.

— Малайчына,— сказаў той. — Малайчына. Прадстаўце да ўзнагароды.

Матузка, аднак, чамусьці змаркатнеў і не адчуваў ніякай радасці ад пахвалы начальства. Нейкая смутная трывога ўзнімалася ў ім. I сціпла стоячы перад афіцэрамі з узятым да нагі кулямётам, ён адказваў на іх пытанні аб нядаўніх падзеях. Потым, адпушчаны, пайшоў памалу на выган да свайго ўзвода.

У вёску прыйшлі ўжо новыя людзі і з поўнай абыякавасцю да ўсяго, што адбылося тут, займаліся сваімі справамі. У дварах гаманілі галасы, стукалі колы па вуліцы, байцы нейкага гаспадарчага падраздзялення маскіравалі галлём нагружаныя вазы пад плотам.

Абапал вуліцы дагарала некалькі хат, і ўдушлівы, едкі дым раздзіраў грудзі. У адным месцы з вуліцы Матузка пазнаў садок, ля якога бег раніцай, несучы загад. Нейкая будыніна збоч саду згарэла дашчэнту, апаліўшы сваім полымем суседнія яблыні. Між імі ўбачыў баец і тую ля сцежкі, з якой сарваў надоечы недаспелы яблык. Цяпер чорныя галіны яе маркотна цягнуліся над тынам і, здавалася, у смяротнай роспачы прасілі ратунку.