* * *
Сямейная нарада не клеiлася...
Спачатку Юзюк, ускочыўшы ў хату, толькi глуха i страшна стагнаў:
- Я забiў Лявона! Мама! Тата! Я Лявона застрэлiў!
Мацi нiяк не магла зразумець:
- Якога Лявона? Чыйго? Як застрэлiў?
Бацька спаў i не мог прыйсцi ў сябе ад выпiтай гадзiну назад самагонкi, якую прынёс добра падпiты старэйшы сын Васiль i якi зараз моцна пахрапваў на падлозе, падклаўшы пад галаву ватоўку.
- Якога Лявона? Чыйго-о?! - трэсла мацi за плечы Юзюка, якi валтузiў на ложку бацьку i стагнаў:
- Тата! Прачнiся ты, я Лявона застрэлiў! О-ой, тата!
Нарэшце да Клаўдзi пачаў даходзiць страшэнны сэнс Юзюкавых слоў.
- Сынок, ты што? Апамятайся! Нашага Лявона? За што?
Юзюк выцiснуў:
- Нашага...
- Сынок! Сыно-о-чак! - аглушыў Юзюка матчын крык, i немагчыма было зразумець, да якога сына ляцела гэта страшнае "сыночак" - да Юзюка, да забiтага Лявона цi да абодвух адразу?
Крык жончынай душы дапяў i да Тадэвуша, ён сеў на ложак, патрос у бокi галавой, адганяючы туман з мазгоў, i асалавела паглядзеў на жонку:
- Што?.. Ну што здарылася?..
Адказаў глуха i цiха Юзюк:
- Тата, я застрэлiў нашага Лявона...
Клаўдзя падхапiлася:
- Трэба людзей клiкаць, доктара! Можа, жывы! Ну што ты сядзiш, як кол?!
- Цiха! - раптам крыкнуў на жонку Тадэвуш. У сына насцярожана запытаўся: Як гэта магло здарыцца? Што не падзялiлi?..
Юзюк скамечана i ўсхвалявана расказаў, як усё было, i выдыхнуў:
- Нежывы ён, мама... Ляжыць нежывы...
- Трэба клiкаць нейкую дапамогу, людзей... - зноў ускочыла Клаўдзя, але Тадэвуш злосна шыкнуў:
- Дурань безгаловы! Ну, збяры людзей! Мiлiцыю паклiч яшчэ! I што? Лявона паднiмеш? Балда! Не будзе нi Лявона, нi Юзюка - заканапацяць па самую плешку!
Тадэвуш рашуча ўстаў, уссунуў боты на босыя ногi, зняў з цвiка шапку.
- Паднiмай Васiля! - закамандаваў Юзюку. - А дзе Грышка з Адолiкам? запытаўся ў жонкi.
- Яны ж недзе па вёсках працуюць... Маглi i заначаваць дзе...
- Заначаваць! - злосна паўтарыў Тадэвуш. - Нажыраюцца не ў меру ды поўзаюць ракам па гразi! Вунь, адзiн ужо заначаваў!..
- Тата, Васiль не прачынаецца, толькi мармыча нешта, - паскардзiўся па-дзiцячы Юзюк.
- Кiнь ты гэту падлу! - блiснуў бацька вачыма. - Няхай спiць, меней сведкаў будзе!.. А ты, - звярнуўся да жонкi, - бяры пасцiлку i бягом за намi...
Мёртвае цела Лявона гойдалася i адцягвала пасцiлку да самай зямлi, а калi нехта з мужчын у цемры спатыкаўся, цягнулася па дарозе.
Бацька iшоў першым, за iм, учарэпiўшыся ў рагi пасцiлкi, старанна перабiраў нагамi Юзюк.
Усё адбывалася настолькi iмклiва, што ён не разумеў, што з iм, дзе ён i што нясе?
За мужчынамi iшла Клаўдзя, цiха галасiла, церла рагом хусткi твар i нешта прыгаворвала.
Начная працэсiя падышла да ганка i спынiлася. Не згаворваючыся, мужчыны запалiлi. Цяжка дыхаючы, Юзюк асцярожна спытаўся:
- А што далей?..
- У хату яго... Нясiце ў хату! - узмалiлася Клаўдзя.
- Якую хату! - зноў шыкнуў на яе Тадэвуш. - Мала вачэй на свеце! Трэба тэрмiнова закапаць! Толькi дзе? I каб язык з-за зубоў не высоўваўся!
Юзюка ад гэтых слоў зноў наскрозь апалiў жахлiвы холад.
- А развiтацца... А чаму ж так не па-людску? - галасiла Клаўдзя.
Тадэвуш апусцiў галаву:
- I я не каменны... Усё атрымалася не па-людску - i жыццё, i смерць, i пахаванне...
Патаптаўся, зняў шапку i з цяжкасцю выдыхнуў:
- Я ж другога сына ратую... Развiтвайся тут...
* * *
Вёску Застарычы аддзялялi ад Кладак восем кiламетраў, але i тут пра Крумкачовых дзяцей ведалi ўсе i ўсё. Ды што гэта за перашкода восем кiламетраў - паўтары гадзiны ходу?! А калi iдзеш па лесе, сярод чысцiнi i прыгажосцi, паўтары гадзiны сцiскаюцца да непрыкметнасцi.
Гэта не горад, дзе за такi ж час наглытаешся i пылу, i смуроду, адурнееш ад машын, не кажучы пра тое, што натаўкуць табе локцямi i ў бакi, i ў грудзi, i ў плечы.
Юзюк па гэтай лясной дарозе хадзiў-перахадзiў столькi, што на яго перасталi звяртаць увагу вавёркi, якiя раз-пораз перабягалi дарогу цi пырскалi з дрэва на дрэва. Не пужалiся ўжо i не паднiмалi гвалт яго цёзкi па прозвiшчу - чорныя крумкачы, чые гнёзды лапiлiся да вяршынь магутных соснаў.
Усё, што ён бачыў, было такiм родным i блiзкiм не толькi таму, што вырас сярод гэтай шчырасцi прыроды, а i таму, што дарога гэта звязвала яго з дзяўчынай, захапiўшай яго думкi i сэрца.
Больш месяца пасля страшнага здарэння Юзюк не паказваў i носа ў Застарычы. Ён думаў, што нiколi ўжо не ўбачыць сваёй каханай, але пасля нечалавечых пакут, патаемных слёз i бяссонных начэй раптоўна пацягнула да яе. Хацелася хоць крыху ажывiць, сагрэць счарнелую i збалелую душу.
Iшоў Юзюк не шпарка, баючыся спаткання сваiх вачэй з яе поглядам. Што ёй сказаць? Як сябе паводзiць? А цi мае права ён, забойца, на чыстыя чалавечыя адносiны? Мала таго што галеча беспрацоўная, дык яшчэ i злачынец...
Алена, да якой iшоў Юзюк, раней некалькi разоў намякала на тое, што пасля iх вяселля ён пераедзе жыць у Застарычы i будзе працаваць у суседняй калгаснай брыгадзе, да якой усяго тры кiламетры. Юзюк моўчкi пагаджаўся, бо i сам у душы прагнуў наладзiць жыццё, як у нармальных людзей.
Iдучы па Застарычах, Юзюк не першы раз чуў за сабой жаночае:
- Ой, парушаць Крумкачовы хлопцы сваю халасцяцкую вольнiцу! Ой, парушаць! Ой, хутка грымне вяселле! Ой, вусы свярбяць!..
Але грымнула зусiм другое, i пра вяселле Юзюк не мог нават думаць.
* * *
Жыццё ў Крумкачовай хаце, паля таго як не стала Лявона, змянiлася.
Юзюк у рот не браў гарэлкi i ўсякiх крэпкiх напояў, зрабiўся маўклiвым, пазбягаў глядзець бацьку ў вочы. Цiшком шмыгаў праз лазнiчок на залысiнку пагорак сярод бярэзнiку, i тут, ля месца пахавання брата, гадзiнамi сядзеў не кратаючыся, быццам гэта быў не ён, а застылы жывы помнiк.