Увесь наступны тыдзень Кук як чалавек цікаўны, узяўшы адгул, правёў усебаковыя пошукавыя даследаванні, якія тычыліся праблематыкі сноў. Заказаў у бібліятэцы шмат дапаможнай літаратуры па гэтай тэме і праседжваў у чытальных залах усю першую палову дня.
Выявіў для сябе шмат цікавага, але дакладна акрэсленай навуковай канцэпцыі так і не знайшоў. Увогуле, гаданне па снах насіла назву анейрамантыя. Як здаўна падкрэслівалася, усялякі сон важны толькі сваім вытлумачэннем. Празорцы мінулага начавалі ў храмах з пэўнай мэтай: пабачыць вешчыя сны і аб’явіць цікаўным іх сэнс. У старажытных плямёнах існавалі культы снабачанняў, якія захаваліся ў некаторых рэгіёнах і да нашага часу. Прычым рэальнасць сноў была, на іх погляд, больш вартасная за рэальнасць часу. Так, туземец з выспы Барнеа, які ўбачыў у сне, што жонка здрадзіла яму, лічыць гэта абсалютна доказным. Бацькі ў лепшых выпадках адразу забіраюць сваю дачку назад да сябе, каб пазбегнуць помсты раўніўца. Сведчанне снабачцы пераважвае любыя адгаворкі. Індзейцы племені іракезаў, што б ім ні прыснілася, абавязкова выконваюць гэта, і як мага хутчэй. У Бразіліі індзейцы племені тупа-інба рашаліся на вайну толькі пасля спрыяльных сноў, а ў мексіканскім племені хуічолаў адмыслова прызначаны снабачца выбіраў новых кіруючых асоб і правадыроў. На Камчатцы, як сведчыў вядомы даследчык Г. Штэлер, дастаткова было заявіць, што табе сасніліся ласкі такой-та дзяўчыны, каб іх тут жа атрымаць. Яна памерла б, калі б не зрабіла так, каб рэальнасць заплаціла пазыку перад сном.
Далей Кук усё больш паглыбляўся ў тэарэтычныя вышукі і паранавуковыя адхіленні. Урэшце, што такое наша рэальнасць? Гэта тое, што мы бачым рэчы такімі, якімі іх бачыць… дамовіліся. Тое, што зноў і зноў паўтараецца, паддаецца вымярэнню і мае нязменны вынік. Але ж ужо цяпер толькі з квантавай тэорыі мы ведаем, што сапраўдная, абсалютная рэальнасць існаваць у свеце пастаянна вібрыруючых скапленняў атамаў, прывідных субчасцінак, статыстычных верагоднасцей і палей — не можа. Мы вымушаны канстатаваць, што абсалютна рэальнага няма і ніколі не было. Увесь наш асабісты свет — магчыма, штучна створаны лакальны галадэк: жыццёвая прастора, карыстальнікі якой могуць выклікаць галаграфічныя імітацыі любой пажаданай рэальнасці. А калі перанесці ідэю галадэка на ўвесь Сусвет, то і галаграма прыраўняецца да яго і стане Галасветам, а наша падсвядомасць, запраграмаваная на тое, каб час ад часу апускаць нас у сапраўдную рэальнасць, імкнецца паказаць нам, што свет, які мы ствараем, таксама бясконца крэатыўны, як рэальнасць нашых сноў. Урэшце некаторыя сур’ёзныя вучоныя і даследчыкі лічаць сны «ўнутранымі галаграмамі». На іх думку, у так званых «светлых» снах, у ходзе якіх спячы захоўвае ясную свядомасць і ўплывае на падзеі, здзяйсняюцца візіты ў паралельныя рэальнасці, якія адбыліся ці адбудуцца ў іншы час. Ніхто дакладна не ведае, што такое сон і як працуе мозг чалавека. Дзіўны і злавесны сэнс набывала на першы погляд жартоўная дылема Чжуана-дзы пра філосафа, якому толькі што снілася, што ён — мятлік, і мятліка, якому цяпер сніцца, што ён — філосаф.
Праз некалькі дзён, памяняўшы ў абменніку адну паперку, Кук, абцяжарыўшы свой пулярэс грашыма, купіў бутэльку прыстойнага каньяку і скіраваў да суседа. Яўген Мігель якраз знаходзіўся дома і, як ён патлумачыў госцю, дагэтуль, лежачы на канапе, глядзеў тэлевізар. Кук адразу пацікавіўся, ці не прыснуў часам перадусім гаспадар. Так, згадзіўся Мігель, ён сапраўды задрамаў, хаця дакладна ведае, што шкодна спаць побач з працуючым тэлевізарам. І ўвогуле, на захадзе сонца.