— І бачылі нешта ў сне?
— Але.
— Можа, зноў што-небудзь з тараканамі?
— Не, без гэтай брыдоты, — адказаў гаспадар і спытаў, заўважыўшы каньяк і ажывіўшыся: — Гэта з якой нагоды?
— Адзін не ўжываю, а з паважаным чалавекам чаму не пасядзець, не пагаварыць, — пасля секунднага вагання дыпламатычна ўхіліўся ад тлумачэння пра знаходку ў «сэкандзе» Кук.
Мігель зрабіў па бутэрбродзе, прынёс шклянкі, адкаркаваў бутэльку і наліў госцю і сабе. Абодва выпілі, адкусілі па кавалку, памаўчалі, а потым Кук сказаў:
— Маё пытанне невыпадковае. Справа ў тым, што я яшчэ крыху раней пачаў збіраць сны. І працягваю гэта рабіць.
— Разумею, — ніколькі не здзівіўшыся, заўважыў гаспадар. — Але я з дзяцінства памятаю, як бацькі пересцерагалі мяне, каб свае сны нікому і ніколі не расказваў. Калі сон аб’явіць на слых, то ён абавязкова спраўдзіцца — добры ці, наадварот, дрэнны. Калі чалавек яго раскажа — ён ужо не гаспадар лёсу, бо ў ход падзей умешваюцца невядомыя, магчыма, нават і незямныя сілы і будуць ім кіраваць.
— Так, — згадзіўся госць і дадаў з таго, што вычытаў з кніжак. — Яшчэ Жак Рубо адзначыў: «Мяркуючы, што рэальнасць зусім не рэальная, ці магу я ўвогуле лічыць сны снамі?» Я зараз вяду да таго, што вы, спадар Яўген, хоць і маеце рацыю, але запамятавалі пра тое, што ў кожнага правіла бываюць выключэнні. У нашым выпадку гэтым выключэннем з’яўляецца права на продаж.
— На продаж чаго?
— Сноў. Калі я буду іх купляць — то гэта зусім іншая справа. І калі вы не супраць, то я папрашу калі-нікалі і вас прадаць мне свой сон. Аплату мы ўзгоднім.
— Не магу ж я з вас браць грошы? У сутнасці за што?
— Магчыма і так, але калі я купляю сон, то мушу спадзявацца на яго каштоўнасць, — даводзіў Кук. — Гэта, прыкладам, як вы нешта прадаяце — абавязкова трэба ўзяць грошы, інакш ваш тавар не будзе мець вартасці. Нават калі котка прыносіць кацянят, гаспадары іх рады і так каму-небудзь аддаць, але бяруць жа за жывёлу ўсяго якую дробязь — на ўдачу.
Мігель падумаў і паціснуў плячыма.
— Справа ў тым, — сказаў ён, — што пасля аўтааварыі мае сны не зусім паўнавартасныя. Я захоўваю ў іх поўную свядомасць і ведаю, да слова, не толькі тое, што сплю, але і тое, што ведаю пра гэта веданне.
— Вось як? — зацікавіўся госць. — Але ж гэта значыць, што вы можаце кіраваць сваім сном і нават уплываць на яго? Бачыць нешта такое, што мы не бачым у звычайным сне? Вы можаце злётаць і пахадзіць па Месяцы, а потым вярнуцца назад. Я вам зайздрошчу.
— Не спяшайцеся. Гэтая хвароба з’явілася ў мяне ў «дурцы», дзе я ляжаў амаль месяц у сувязі, як я гаварыў раней, з траўмай галавы. Мяне вызвалялі з разбітай машыны аўтагенам. І якая карысць у тым, што я пахаджу па Месяцы, калі не магу прыкішэніць там і ўзяць з сабой які маленькі кавалачак грунту?
— Дарэчы, вы чыталі пра такое ў Кастанэды? — спытаў пасля паўзы Кук. — Я маю на ўвазе тое, як вучыў свайго вучня індзеец Дон Хуан скіраванаму снабачанню?
— Так, — сказаў Мігель. — У «дурцы» былі і кастанэдавы прыхільнікі. Нават у лекара на стале я ўбачыў яго кнігу. Такі быў час, такая мода.
— Рады, што вам не трэба тлумачыць і вы ва ўсё ўязджаеце, — ажывіўся госць. — Я чуў, што па насычанасці ўражанняў скіраваныя сны могуць даць рады любому наркотыку. І гэта пры тым, што не прыносяць арганізму шкоды.
Але гаспадар не падтрымаў яго.
— Я быў бы толькі задаволены, каб спаць, як усе — нармальна.
— Дык усё-такі, — вярнуўся да сваёй ранейшай прапановы Кук. — Вы прадасцё мне сёй-той з вашых сноў?
— А навошта вам?
Так як чалавек па прозвішчы Кук даўно чакаў такога пытання, то ён і патлумачыў гаспадару, што піша адмысловую навуковую ці дакладней — калянавуковую працу, і таму мусіць збіраць сны ва ўсіх сваіх знаёмых. За плату. Вядома, ён хлусіў, але Мігель быццам не заўважыў гэтага.
— Я падумаю колькі дзён, — адказаў гаспадар.
Прыкладна праз тыдзень Кук зайшоў да суседа Мігеля і ў канцы гутаркі спытаў таго наконт іх мінулай размовы і сваёй прапановы. Мігель адказаў, што ўвогуле не супраць прадаць які са сваіх сноў і, вядома, не за грошы, а, так бы мовіць, сімвалічна, за распітую разам пляшку каньяку ці яшчэ што далікатнае. Але, дадаў, — ёсць сны зусім інтымнага характару. Вось учора яму снілася былая каханка, якой не бачыў некалькі год. Хіба гэта можа быць такім ужо цікавым?