Выбрать главу

— А што мяне тут чакае? — пачуў у адказ. — Ну, скончу педінстытут завочна, ну, уладкуюся ў школу, як маці. Ну і што? Вось я настаўніца, спальваю нервы на ўроках. Вось я замужам, нарадзіла дзіця. А вось муж пачынае выпіваць, а я хадзіць на працу ў сукенках з плямамі ад супу, потым таўсцею, выходжу на пенсію і… калі-небудзь ціха зажмурваюся. Так жыць я не хачу.

— Ты ўсё-такі падумай, — прапанаваў ён больш па інерцыі. — Не раз, як кажуць, парайся з падушкай.

Вядома, скончылася тым, што стрыечніца аднойчы з’ехала.

* * *

Лежачы без сну ў вагоне, Зміцер Дашкевіч раптам падумаў: ці часам не зайздросціць ён цяпер стрыечніцы Ані? Ён бы таксама мог жыць дзе-небудзь у вялікім горадзе, узбіцца на грошы, ездзіць на іншамарцы, наведваць казіно, мяняць палюбоўніц. Але дзеля гэтага, як разумеў, трэба было пераступіць нешта занадта чалавечае, што яшчэ заставалася ў глыбіні душы. Дый ці тое галоўнае? Урэшце, які ў яго талент. Ніякага. Тут сястра, пэўна, мела рацыю. Пад аднастайнае перастукванне колаў Зміцер урэшце заснуў.

Нумар у гасцініцы аказаўся не больш як дзесяць квадратных метраў. Стаялі вешалка, ложак і тумбачка, як у бальнічным пакоі. Туалет знаходзіўся ў канцы калідора. Сцены кабіны ў ім былі спісаныя непрыстойнасцямі. З акна пакоя была бачная сцяна дома насупраць.

— Вечарам я вызвалюся, — сказала стрыечніца, — і мы пасядзім у кафэ, пагаворым аб усім больш падрабязна. Ты ж ненадоўга?

— Не ведаю, — няўпэўнена адказаў Зміцер Дашкевіч. Штосьці няўлоўнае, неасэнсаванае занепакоіла яго.

Сястра развіталася і мусіла пайсці, забраўшы сёе-тое з прадуктаў, што ён прывёз з сабой.

— Можа, цябе праводзіць? — спытаўся.

— Не. Адпачні, бо, пэўна ж, здарожыўся.

Як стрыечніца выйшла, Зміцер скінуў вятроўку, надзеў на галаву бейсболку, замкнуў нумар і, не губляючы дзяўчыну з віду, асцярожна рушыў следам. Калі б нават яна і азірнулася, то наўрад бы здалёк пазнала яго. Але сястра, не азіраючыся, крочыла наперад. Неўзабаве збочыла ў завулак, потым у другі і падышла да невялікага двухпавярховага дома за металічнай агароджай. Ля дома стаялі прыпаркаваныя некалькі легкавых машын, амаль усе іншамаркі. Брамка, што вяла за агароджу, была расчыненая, і ў яе заходзілі і выходзілі жукаватыя цёмнавалосыя людзі. Машыны зрэдку ад’язджалі, а на іх месца праз нейкі час пад’язджалі новыя.

Стрыечніца Аня прайшла ў падворак дома, дзе была сустрэтая незадаволенымі воклічамі і адразу знікла ва ўхадных дзвярах.

Зміцер Дашкевіч пастаяў нейкі час, пахмурна назіраючы за падазроным домам і яго жыхарамі. Ён яшчэ раз убачыў стрыечніцу, якая выйшла з гадавалым дзіцем на руках, а потым зноў знікла. Тады ён павярнуўся і рушыў назад у гасцініцу.

У сваім нумары Змітрок Дашкевіч лёг на ложак і доўга ляжаў, абдумваючы ўбачанае, а потым нечакана заснуў.

Прачнуўся, калі сонца пачынала ўжо хіліцца да захаду, і зірнуў на гадзіннік. Гэта быў каштоўны трафейны «ролекс», які ён калісьці, дваццаць гадоў таму, зняў з забітага маджахеда і па «дэмбелі» здолеў без прыгод прывезці дадому. Да сустрэчы з сястрой заставалася паўгадзіны.

* * *

Кафэ было поўнае наведвальнікаў. За столікамі нетаропка паглыналі спіртное з густам апранутыя дзяўчаты і юнакі з тварамі, іншымі з якіх, пэўна, зацікавіўся б Ламброза. Былі сярод іх і старэйшыя па ўзросце, яўна падобныя на звычайных гарадскіх наркаманаў, а жанчыны — на шлюх. Сям-там адкрыта палілі цыгарэты, чулася разняволеная п’янаватая гаворка. «Хіба варта было ехаць амаль за тысячу кіламетраў, каб пабачыць усё гэта тупое і агрэсіўнае ўбоства», — падумаў ён, хацеў спытаць пра тое сваю стрыечніцу, але стрымаўся.

Аня сядзела за столікам насупраць яго і паглынала салат. Яна была апранута па-ранейшаму. Прынеслі бутэльку чырвонага сухога віна, і Зміцер замовіў па біфштэксе. Ежа, асабліва яе якасць, вымагала лепшага, але змаўчаў, бо не гэта было зараз галоўнае.

— Паслухай, — пачаў ён, — табе варта паехаць дамоў.

— Ты хочаш сказаць пабачыць маці? — удакладніла стрыечніца Аня.

— Паехаць назусім. Вярнуцца разам са мной, — жорстка падвынікаваў ён. — І нам трэба зрабіць гэта неадкладна. Заўтра.

— Чаму так раптоўна?

— Таму што ты нікуды не паступіла, на табе старая сукенка і ў цябе сіняк на твары.

Аня сціснула зубы.

— Я павалілася, як танчыла.

— У каго ты спынілася?

— У заможных людзей. Я даглядаю іх дзяцей.