— Наколькі я здагадваюся, ніякіх прапаноў з «Масфільма» табе не паступіла і ты не выйшла замуж за вядомага музыку ці спевака. Нават за звычайнага багатага адваката, які б павёз цябе ў гэты спякотны час у Еўпаторыю.
— У мяне яшчэ наперадзе жыццё, і я не думаю, што там, на радзіме, мне будзе лепш.
— Жыццё кароткае, а людзі часта хутка апускаюцца, нават не заўважаючы гэтага.
Аня нервова запаліла цыгарэту. Было бачна, што гутарка нядобра ўзрушыла яе, і яна ледзь стрымліваецца.
— Ну і няхай, — з выклікам адказала. — Гарбаціць, як ты, і чакаць нішчымнай пенсіі?
— Можна заўсёды знайсці якое захапленне, калі ты чагосьці варты, — заўважыў ён больш ціхамірна.
— Ну а ты чагосьці варты? Чаго? — укалола стрыечніца ўжо даволі злосна і чыста па-жаночы.
— Я прыехаў сюды не за тым, каб высвятляць гэта ці спрачацца з табой, а каб вярнуць цябе дадому. Дома лепш, чым на чужыне. Мне гэта добра вядома.
Аня зацята маўчала.
— Я хачу пагаварыць з людзьмі, у якіх ты пражываеш і працуеш, выхоўваючы іх дзяцей, — сказаў Зміцер. — Хто яны?
— Ды якая табе розніца?
— Ты мне не чужая, і вось зараз, прыкладам, я адказны за цябе. Хочаш ты гэтага ці не.
— Як я, на тваю думку, вярнуся дадому? З мяне пачнуць кпіць, скажуць, што я ні на што не вартая. Што я няздара.
— Тым не менш ты павінна вярнуцца назад, выйсці замуж і нарадзіць дзяцей. Азірніся вакол сябе хоць бы ў гэтым кафэ. Што тут добрага? Хіба не агідныя табе людзі, якія віруюць за столікамі? А насмактаўшыся, як камары, пачнуць рабіць адно аднаму гадасці?
— Ну не ўсе ж кафэ такія. Не ўсе людзі агідныя.
Маўчалі, пакуль іх бакалы з віном апусцелі, а ежа знікла.
— Урэшце, я не хачу з табой сварыцца, — падводзячы вынік, сказаў Зміцер Дашкевіч і паклікаў афіцыянтку, каб расплаціцца.
Яны выйшлі з кафэ і апынуліся на ходніках, ад якіх зыходзіла задушлівая гарачыня. Над горадам, над даляглядам яшчэ вісела сонца. Было спякотна.
— Раю падумаць пра наш ад’езд да заўтрашняга дня, — прапанаваў Зміцер Дашкевіч стрыечніцы. — А пакуль я цябе праводжу да твайго жытла і, калі ты не супраць, пазнаёмлюся з тваімі, так бы мовіць, працадаўцамі. Да вечара яшчэ шмат часу.
Адразу адчуў, як наструнілася Аня.
— Я дайду сама, — рашуча адхіліла яна братаву прапанову. — І… абяцаю табе падумаць, а заўтра дам адказ. Дарэчы, ты не забыўся, у якім баку твая гасцініца?
Як і раней, Зміцер Дашкевіч, крыху счакаўшы, асцярожна, хаваючыся за прахожымі, пакрочыў за сястрой. Але той, пэўна, аніяк не прыходзіла ў галаву, што за ёй могуць сачыць. Падумаўшы пра гэта, адчуў пэўную няёмкасць. «І ўсё-такі, — падсумаваў, — я прыехаў сюды здалёк, каб даведацца пра ўсё і выканаць свой сваяцкі абавязак, нягледзячы ні на якія маральныя адхіленні. Хіба што так яно і павінна быць».
Стрыечніца Аня спяшалася. Вуліца, па якой яна крочыла, была ўсё тая ж: з урослымі з бакоў у асфальт пяціпавярховікамі, неахайнымі прыватнымі крамкамі, пэўна, адчыненымі ў апошні пасляперабудовачны час, ды старымі, магчыма, пасляваеннымі будынкамі: двух- і чатырохпавярховікамі. Некаторыя з іх былі абнесеныя агароджай. Менавіта да аднаго з іх, які ён ужо пазнаў, ішла Аня.
Пабачыў, як стрыечная сястра знікла ў доме, і задумаўся пра тое, што яму рабіць далей. Неасэнсаваныя падазрэнні не пакідалі. Што гэта за дом? Хто там жыве, працуе і якой дзейнасцю займаецца? Чаму па двое, па трое маладых людзей, прыпаркаваўшы свае іншамаркі, знікаюць за дзвярыма, прычым некаторыя з іх, як заўважыў, на падпітку?
Зміцер Дашкевіч прайшоў крыху далей па другім баку вуліцы і спыніўся перад адным з пад’ездаў пяціпавярховай «хрушчоўкі». Чакаў нядоўга. З пад’езда нетаропка выйшла жанчына яўна пенсійнага ўзросту, з пекінесам на ланцужку. Сабака аж заходзіўся ад жадання кудысьці бегчы. На галаве жанчыны быў капялюшык ад сонца, а на вачах цёмныя акуляры.
— Паслухайце, — адразу спытаў яе Дашкевіч. — Вы не падкажаце, што знаходзіцца ў тым доме? — І кіўнуў убок двухпавярховага будынка, за агароджай якога знікла Аня.
На вуснах жанчыны з’явілася нешта накшталт саркастычнай усмешкі.
— А вы хіба не ведаеце? Масажны салон.
— А канкрэтна? Па-мойму, вы нешта недагаворваеце. Скажу вам праўду: мая сястра кажа, што ўладкавалася сюды на працу, — вучыць дзяцей. Я прыйшоў даведацца. Тут нешта не тое.
— А вы б спыталі ў яе, што там за праца, — у голасе жанчыны адчувалася ўжо і жаданне пазласловіць. Вы аповесць Купрына «Яма» чыталі? Дык вось тут такая ж самая яма. Не будзьце наіўным.
Сабака ўжо цягнуў жанчыну прэч. Зміцер Дашкевіч машынальна падзякаваў і… скіраваў назад, да дома.