Следчы Локас змоўк у чаканні.
— У мяне алібі. Я вярнуўся значна пазней.
— Вось як? А калі вас нехта бачыў менавіта ў той дзень?
— Не бярыце на понт, — сказаў падследны Крэз, але з ледзь улоўнай ноткай трывогі. — У вас, дарэчы, шалёная фантазія.
— Я даю вам хвіліну, — патрабаваў следчы Локас. — Пачнём гаварыць праўду?
Ён утаропіўся ў зняволенага і змоўк у чаканні.
— А вось вы — вы хацелі б пражыць сваё адзінае жыццё, а запаснога ж — няма, у якасці жука-чарнацёлкі? — замест адказу спытаў падследны Крэз.
— Хоць я і не ў праве адказваць на вашы пытанні, але адкажу. Вядома, не. Але ж вы вінаватыя не ў гэтым, а ў тым, што парушылі закон.
— Дакажыце.
— І вельмі хутка. Але я даю вам шанц.
— Гэта вы пра чыстасардэчнае прызнанне? Не, грамадзянін начальнік, на лоха вы мяне не развядзеце.
— Што ж, угаворваць — не мая справа. Да сустрэчы.
— Бывайце.
Следчы Локас націснуў кнопку, і падследнага павялі ў камеру.
Застаўшыся адзін, следчы Локас доўга сядзеў за сталом, зрэдку адказваў на тэлефонныя званкі і думаў. У рэшце рэшт ён упершыню аказаўся перад дылемай: знізіць вартасць жыцця чалавека, які толькі што сядзеў перад ім, амаль да нуля ці, наадварот, даць яму надзею. Жук-чарнацёлка. Следчы раптам уявіў сябе ў такой жа сітуацыі і адчуў непрыемную трывогу на душы і няўпэўненасць. Ён, як і яго падследны, таксама быў малады, сустракаўся з дзяўчынай і неўзабаве таксама збіраўся ажаніцца. Але, меркаваў ён, ці можна быць упэўненым у тым, што так хістка і ненадзейна ў рэальнасці навокал яго, дзе ўсё таксама адносна, як і мараль?
Следчы Локас адкрыў сейф і выцягнуў дадатковую дакументацыю да справы часова зняволенага Крэза, знайшоў і паклаў на стол перад сабой тое, што дагэтуль прытрымліваў як асноўны доказ: пісьмовае сведчанне аднаго з суседзяў нявесты падследнага Крэза: некалькі сказаў на адной старонцы. Гэтымі некалькімі сказамі стары пенсіянер ушчэнт разбіваў алібі Крэза. Ён сцвярджаў, што бачыў Крэза ў пад’ездзе якраз у дзень забойства, хаця апошні ўпарта настойваў на тым, што з’явіўся ў горадзе на некалькі дзён пазней. Гэтае сведчанне, якое ляжала цяпер на стале, і было той казырнай картай, якая магла ці знішчыць яго падследнага, ці, вызваліць, калі не даць яму ходу.
Следчы Локас зноў перачытаў ліст. Якраз суткі таму старога, які сведчыў супраць Крэза, разбіў інсульт. Спаралізаваны, ён цяпер ляжаў у бальніцы, і шматлікія сваякі пэўна рыхтаваліся да непазбежнага. Ён ужо нічога не здолее сказаць, — меркаваў следчы Локас: ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Толькі гэтая яго паперка, бадай, здолее.
Следчы Локас думаў. Былая нявеста Крэза і яе сужыцель — мёртвыя. Іх ужо не ажывіць. Нават калі засудзіць гэтага Крэза па максімуме. Што з таго, калі ён, Крэз, альбо загіне на зоне, альбо праз дзесяць–пятнаццаць год вернецца старым інвалідам з туберкулёзам у апошняй стадыі? З іншага боку, што добрага ў тым, калі на ім, следчым, глушцом павісне нераскрытая справа? Тады зняволенага Крэза трэба будзе неўзабаве вызваліць з-за недаказанасці. А закон?
Жук-чарнацёлка…
Следчы Локас выцягнуў з пачкі цыгарэту, дапаліў яе да палавіны, кінуў у попельніцу, а потым, павагаўшыся, сунуў туды ж ліст старога і пстрыкнуў запальнічкай.
«Над жыццём няма суддзі», — раптам успомнілася яму.
Пакупнік сноў
Адзін чалавек па прозвішчы Кук, а ён працаваў загадчыкам аддзела ў гарадскім архіве, маючы аднойчы нейкую не вельмі істотную патрэбу, зайшоў да свайго суседа па лесвічнай пляцоўцы, якога звалі Яўген Мігель. Суседзі, як гэта звычайна бывае ў большасці выпадкаў у вялікіх гарадах, мала што ведалі адно пра другога, хіба толькі ў агульных рысах. Так, Аляксандр Кук ведаў пра Яўгена Мігеля тое, што апошні жыў у сваёй аднапакаёўцы адзін, хаця іншым разам да яго заходзіла жанчына сярэдніх гадоў, шэрая і непрыкметная, што Мігелю за сорак, ён калісьці трапіў у аўтамабільную аварыю і меў ці мае праблемы са здароўем, нават ляжаў у стацыянары. З жонкай быў разведзены, а адзін сын ад іх шлюбу першы год служыў у арміі. У сваю чаргу Мігель мог ведаць ці ведаў пра Кука тое, што ён сямейны чалавек, лысаваты, сярэдняга веку, мажны, мае дваіх дзяцей, працуе служачым і жыве ў кватэры насупраць.
Дык вось Кук зайшоў да суседа а другой палове дня, пасля работы. Мігель, хударлявы і цёмнавалосы, сустрэў яго ў дзвярах і, нібы апраўдваючыся, патлумачыў, што нечакана задрамаў на канапе, бо нядаўна вярнуўся з начнога дзяжурства. Кук папрасіў прабачэння і сказаў, што мусіць вярнуцца да сябе, але Мігель яго затрымаў.