Выбрать главу

Вера пачынае маляваць займальную гісторыю.

Ой, гэтыя плёткі! Як вы сабе хочаце, але я ў іх знаходжу і нешта карыснае! Слухаючы плёткі, мы перажываем сітуацыю, ад якой нас шчасліва ўсцярог лёс. На хвіліну і мы адчуваем сябе героямі незвычайнага здарэння ці скандалу, пра які толькі што даведаліся. Адразу ў нас паляпшаецца і настрой, бо можам самі сабе зрабіць камплімент: «Не-е, каб са мной так здарылася, я не гэтак зрабіла б, няма дурных, ого!»

Позна ўжо. Збіраюся дамоў.

— Ірка, начакай! — просіць, спахапіўшыся. — Я ж зусім забылася!.. Сёння атрымала пасылку з Кубані ад мамы! Занясеш дзецям гасцінец!..

Пакуль Вера робіць з газеты кулёчкі і, не шкадуючы, шчодра насыпае мне сушаных абрыкосаў і семак, уяўляю сабе, як мае малыя стануць вішчаць ад радасці. Расчулена кажу:

— Ведаеш, а мой Віця ўчора кажа: «Вазьмі мяне з сабой спаць, у цябе новы халат, як у царыцы». «Ну, хадзі» — дазваляю. За ім — дачка. I пачалося: «А чаму, калі мы цябе казычам, ты зусім не баішся, а так ты козыткі вельмі баішся?», «Хто такі рымскі папа?», «Чаму ён называецца папай?», «А рымская мамка дзе жыве?..»

— Ну-у, твае ж вельмі развітыя! — прытворна прыбядняецца Вера.— А мой Ігар — рабацяга. Учора выпільваў палічку на мыла і прыбіў. Унь вісіць!..

Я зайздрошчу.

— А мая Марынка ўжо іграе на піяніна пару п'есак! — хвалюся, хоць кожную ноту ўганяю ў яе сілком.

— А мой...

Нарэшце сяброўку пакідаю. Яшчэ трэба накарміць сям'ю, пакласці дзяцей спаць, праверыць сшыткі, падрыхтаваць на заўтра ўсім вопратку...

Так і праходзіць мой рабочы дзень.

9.

Сёння ў школе здарылася ў мяне такая непрыемнасць, пасля якой не хочацца жыць на свеце.

Прыходжу раніцой на работу, а мне заяўляюць, што мая вучаніца пасварылася з бацькам ды спрабавала атруціць сябе.

Я расхвалявалася да таго, што аслабела. Пад канец дня ўжо не валодала сабой і на ўроку літаратуры ў восьмым класе... ударыла вучня!

Паплаўскі ля дошкі характарызаваў вобраз Любы Шаўцовай з «Маладой гвардыі». Раптам адчыніліся дзверы, уваліўся высокі аболтус з сёмага класа Данько ды пачаў даваць Паплаўскаму нейкія сігналы.

— Загадай свайму сябру выйсці з класа! — кажу свайму вучню.

Паплаўскі толькі ўсміхнуўся.

Я, аднак, вытрывала, спакойна вывела нахабніка за дзверы.

На перапынку падыходзіць Данько.

— Пусціце мяне ў свой клас на заняткі?

— Ты гэтага не варты.

— Тады я сарву вам іх!

— Паспрабуй!

— I паспрабую!

Па ўзросту яму быць у дзесятым.

Пачаўся ўрок. Раптам адчыняюцца дзверы зноў, урываецца гэты самы Данько ды садзіцца побач з Паплаўскім. Той спакойна дае яму месца.

— Паплаўскі, выведзі яго за дзверы!—узрывае мяне.

— А што, хіба я наняты?!

Са злосцю выштурхваю сямікласніка ў калідор, тады нападаю на свайго вучня:

— Марш туды сама і ты!

Паплаўскі неахвотна ідзе. Іду да дзвярэй за ім і я. На парозе ён паварочваецца да класа і з дурнаватай усмешкай гаворыць:

— За што-о выганяеце, хіба я ў швейцары да вас запісваўся?! Я швейцарам да вас не запісваўся!..

Яму падхіхікнула некалькі галаскоў з партаў, і гэта мяне даканала. З нейкай роспаччу і абурэннем я — плясь нахабніка па твары...

Клас ад жаху абмёр. Паміж намі нібы вырасла сцяна.

Выпадак разбіралі на педсавеце. Адны мяне асуджалі, іншыя спачувалі, падтрымлівалі, але я была занадта ўсхваляваная, каб што-небудзь запомніць з таго, што гаварылі настаўнікі.

Вярнулася дамоў позна, расказала пра ўсё Косцю і з плачам прыстала да яго, бытта ён быў ва ўсім вінаваты:

— Ну, і што цяпср будзе, скажы?

Косця на гэты раз не толькі адклаў свае рукапісы, але стаў грэць мне вячэру. Я не адставала.

— Чаму так атрымалася? Я ж хацела — як найлепш, ды атрымалася — жах!

— Мне ўсё ясна...

— Табе заўсёды ясна, бо ніколі не бярэш нічога глыбока да сэрца!..

— Супакойся, паслухай! Ты ўклала ў вучняў сваю душу. Аднімала ад сябе, ад дзяцей час і аддавала ім дні і ночы. Ты вучыла іх быць сумленнымі, такімі, якія б гатовы былі ў любы час заступіцца за пакрыўджаных, за жанчыну, за старых і бездапаможных, гатовых на барацьбу за ідэю, за праўду, як Карчагін ці Алег Кашавы, ці не так?

— Ну...

— I ты ўжо бачыла іх такімі. А вось жыццё дало магчымасць праверыць вынік тваёй працы. Нахабнік стаў крыўдзіць цябе — настаўніцу, маці, а твой выхаванец не толькі не кінуўся цябе абараняць, не заступіўся, а нават цябе подла прадаў, так? Дзеля шчанячай рысоўкі перад дзяўчатамі і сябрукамі яшчэ і падыграў нахабніку. У класе знайшлося такіх больш, яны пазайздросцілі «герою», падхіхікнулі, астатнія — раўнадушна ці баязліва прамаўчалі. Табе стала крыўдна, што твая праца пайшла па марна. У парыве злосці ты пайшла на крайнасць — ударыла аднаго па мордзе. Малайчына, Іра!