Выбрать главу

Дабегшы да скрыні, красуля ўзняла пысу. Іскрыстыя ў святле месяца мокрыя слепакі жывёліны ўзглянулі на мяне лісліва, з нямым пытаннем: «Ну, ну, а ты што мне прывалок?» Сухумскіх кароў даводзілася назіраць амаль круглы год, і я заўсёды ламаў галаву: тутэйшыя рагулі такія гладкія, а дзе знаходзяць траву на курорце, дзе іхнія гаспадары трымаюць для быдла корм, дзе яго хлявы? Калі ж красуля стала ўпэўнена і са смакам аплятаць мае камякі паперы з лупіннем арбуза, я анямеў ад здагадкі.

Ніхто тут іх не пасе, не будуе ім хлявоў, не закладвае сіласу. I гэтая рагуля ў спёку зашывалася ў кіпарысы ці бамбук ды жавала сабе жуйку (гаспадыня там яе і даіла), а рана і вечарам выходзіла да жалезных скрынь вартаваць. Людзі на сметнікі вывальвалі тут столькі дабра, што карове на харчаванне хапала аж занадта. Не раз я заўважаў, як іншая рагуля потым з прыемнасцю хрумстае яшчэ старыя часопісы, газеты дакладна так, як яе беларуская аднакроўніца, наладаваўшы ў вантробу з паўкошыка бульбы, напіхвалася яшчэ пустой саломай.

Памяць падказала другое падобнае дзіва. Польскія сябры павезлі мяне ў Кентшын паказваць «воўчае логава» Гітлера. Па дарозе я прыглядаўся да палёў былой Усходняй Прусіі, адкуль ішло да нас столькі бед. Зараз перада мной прасціраўся мірны, спакойны край. Толькі што скончылася жніво, і трактары аралі поле. Па свежай скібе лазілі чароды птушак, чым палі напаміналі нашыя палеткі, мажліва, з адной розніцай: за плугамі тут увіхаліся яшчэ і белыя птушкі — няйнакш, чайкі заляталі з Балтыкі.

Прыгледзеўшыся да чужых палёў лепш, я неўзабаве зрабіў адкрыццё: божа мілы, белыя птушкі — буслы!

На гэтай тэрыторыі зніклі даўно балоты з жабамі, і велічную птушку жыццё прымусіла шукаць сабе ежу там, дзе здабывала корм пагарджаная ўсімі варона. У барацьбе за існаванне клекатун змяніў нават характар. Бусел тут набыў спрыту, імгненнай рэакцыі, рухавасці. Да свежавывернутай лемехам тлустай скібіны яму, беднаму, удавалася часам прашмыгнуць перад хітрымі варонамі, юркімі драздамі і выхапіць чарвяка ў іх з-пад самага носа.

* * *

На пасяджэнні творчых секцый аб'явілі перапынак. Я схапіў папку ды ўскочыў на ногі. Хочаш не хочаш, а трэба раздаваць дэлегатам білеты, адзначыць камандзіроўкі, дамовіцца наконт машын...

Не паспеў я дабегчы і да калідора, як дарогу мне перапыніў той самы юнак у джынсавым касцюмчыку. Ён з бесцырымоннасцю людзей, якія абсалютна ўпэўнены ў тым, што робяць, аб'явіў:

— У мяне да вас пытанне.

— Калі ласка...— вымушаны быў спыніцца я. Толькі цяпер успомніў хлапца — Віктар Громаў.

На апошнім літаб'яднанні ў газеце, выслухаўшы яго зусім слабенькія вершыкі, я з педагагічных меркаванняў пахваліў адзін радок.

Зараз хлапец дастаў сігарэты, пачаў закурваць, а мне не цярпелася.

«Ну, пытайся, малады чалавек!» — намерыўся кінуць я, але Громаў парэшце задыміў. I бытта муляр, які скончыў класці сцяну, хлапец прыстаў да мяне, як да свайго прараба:

— Скажыце, пра што пісаць мне цяпер?

Узнікла вялікае жаданне — высякчы нахабніка, як сёк мяне калісьці бацька, калі я выкідваў конікі. На жаль — нельга графаману даць такую навучку.

Віктар Громаў, пакурваючы, уставіўся на мяне прыжмуранымі вачыма, чакаў адказу.

Дакараючы сябе за неасцярожную пахвальбу на літаб'яднанні яшчэ аднаго графамана, я нешта абібоку буркнуў адчэпнага, але вечарам узяўся са злосцю пісаць такім юнакам грунтоўны адказ.

Вось ён.

* * *

Пра што пісаць, парады не можа даць ніхто. Можна толькі падзяліцца вопытам, як знаходзіш тэмы сам. Зрэшты, іх нават не трэба шукаць, бо механіка з'явы даволі простая. Тыя самыя «Прыстасаванцы», напрыклад, зарадзіліся ў мяне наступным чынам.

У дзяцінстве шмат гадоў даводзілася праводзіць з каровамі.

З кужэльнай торбачкай цераз плячо выганяў красуль на ранкі.

З кіем ці каменем, у дождж і спёку насіўся за імі па полі ды лесе: праганяў ад шкоды, не даваў адбівацца ад статка, цяліцца ў мокрым і сачыў, каб з травой не праглынула каторая чаго-небудзь металёвага.

З ранняй вясны да асенніх халадоў вышукваў ім зялёныя лагчыны, сакавітыя межы і паляны...

Затое вечарамі здаволены, ледзьве перастаўляючы ногі, гнаў сваіх рагуль дамоў, дзе чакаў іх цёплы хлеў з клекатунамі на бусленіцы, а мяне ўзнагарода — удзячная маці. Цалкам пакорныя, ацежалелыя ды рахманыя, з перапоўненымі вымямі ішлі красулі паважна, па-роднаму пахлі сырадоем, а я ганарыўся, што прыношу сям'і карысць.

У сумныя дні бадзяння па чужыне, у канцлагерным пекле ці пад кулямі за брустверам франтавога акопа тыя абразкі з дзяцінства спалучаліся з паняццем роднага кутка, Бацькаўшчыны, і я тысячу разоў гатовы быў цярпець за іх здзек, а нават — скласці галаву.