Выпешчаны бацькамі і настаўнікамі хлапец дагэтуль толькі вучыўся. Скончыў школу ці інстытут, а свет ведае больш з кніжак ды тэлеэкрана. Не настолькі ўрос і ў жыццё, каб поспехі грамадства сталі і яго ўласнымі. У фізіялагічным стане Громаў — рослы мужчына, прырода піхае яго да самасцвярджэння. Хлапец прыдумвае розныя спосабы — як аб сабе заявіць.
Адпусціў вусы.
Выенчыў у бацькоў амерыканскі джынсавы касцюм, магнітафон.
Пачапіў на кішэнь супрацьсонечныя акуляры...
Аднак яго равеснікі пайшлі значна далей. Начытаўшыся «Фізкультурніка», Громаў паспрабаваў пайсці па слядах спартсменаў, ды тут выявілася — трэба вельмі рана ўставаць на трэніроўкі і па восем-дзесяць гадзін цягнуць з сябе жылы. Паездка на БАМ цяплічнаму выхаванцу не падыходзіла таксама. Тым часам ішлі дні, а нават на сігарэты прасі ў маці рубель. I Віктар з дзіцячай легкадумнасцю спахапіўся:
«А чаму б не стаць паэтам? Шмат для гэтага трэба? Закрыўся ў пакоі — пішы! Накатаў падборку вершаў, цябе адразу надрукуюць, перададуць па радыё — і ты ўжо вядомы, шчэ і заплоцяць!»
У той час, калі яго равеснікі самасцвярджаюць сябе ў шчырай, па сіле, працы, такі дзівак спрабуе самарэалізавацца рыфмаваннем беліберды. Нічога не выходзіць, і ён прыстае — дай параду, пра што пісаць. Бытта ўвесь сакрэт у гэтым.
2
БЕССЯРЭБРАНІК
У 195З годзе працаваў я дырэктарам сямігодкі ў вёсцы Біскупцы (Ваўкавыскі раён). У маі мяне раптам спатрабавалі ў сельсавет да тэлефона — выклікаў Мінск. Неўзабаве на другім канцы провада знаёмы і дабрадушны голас мне абвясціў:
— Аляксей? Прывітанне! Ну, выйшла, нарэшце, твая аповесць у пятым нумары нашага часопіса! Шуганула, братка, на ўсю рэспубліку! Бяжы ды шукай у кіёсках!
Званіў адказны сакратар «Полымя» — М. Ткачоў. Не паленаваўся знайсці аўтара чортведама дзе, каб толькі зрабіць яму прыемнасць.
Умеў ён і любіў радавацца за людзей.
Потым, будучы сакратаром СП БССР, М. Ткачоў гэтак сама чула адносіўся да нас, пачаткоўцаў. Не памятаю, каб, спаткаўшы цябе ў Мінску, Мікола Гаўрылавіч не пацікавіўся тваімі справамі, клапатліва не праверыў, ці маеш на дарогу грошы, ці ўсё ў парадку ў цябе з камандзіроўкай і гасцініцай. I атрымлівалася гэта ў яго тактоўна, прыстойна, па-чалавечы.
Найбольш уразіў мяне Мікалай Гаўрылавіч абсалютнай няздольнасцю быць злапомным. Прывяду толькі два прыклады.
Неяк на адным з пісьменніцкіх сходаў, падбухтораны, я выступіў з рэзкай крытыкай у адрас сакратара СП БССР па арганізацыйных пытаннях М. Ткачова. Праз дзень-два спахапіўся — маё выступленне надта несправядлівае. Я пакорна пачаў рыхтавацца атрымаць ад Мікалая Гаўрылавіча заслужаныя шышкі. Тым часам ішлі месяцы, мінуў цэлы год, мінуў ужо і другі, а ён нават намёкам не паказаў, што памятае маё хамства і носіць крыўду.
Аднойчы адпачывалі мы ў Каралішчавічах. У час доўгіх прагулак па лесе М. Ткачоў расказаў мне і Р. Бярозкіну выпадак са сваёй паездкі ў вёску па матэрыял для абласной газеты, калі ён працаваў яшчэ ў Магілёве журналістам. Выпадак так мяне ўразіў, што ў той жа вечар я выклаў яго на паперу. Атрымалася яшчэ адна «нявыдуманая гісторыя».
Цярпеў я год, цярпеў два, тры, а тады... надрукаваў гісторыю ў часопісе. Вось яна — слова ў слова:
«Цёплай восенню Т. накіраваўся да аднаго дзядзькі па матэрыял для нарыса. Гадзін шэсць мужчыны прасядзелі ў садку. За гэты час яны абгаварылі пра ўсё на свеце. Т. уважліва выслухаў пра выпадкі, што здарыліся ў гэтай вёсцы ў час вайны. Хоць здарэнні былі значныя, але ж даўно апісаныя. Журналіст усё аніяк не вывуджваў ад чалавека такога, што б ярка яго характарызавала, не знаходзіў той свежай разыначкі, якая дае іскру аўтару, а матэрыялу — крылы.
Ну, хаваў ды лячыў дзядзька параненых.
Ну, вадзіў партызан на жалезку, ездзіў з іхнімі заданнямі ў гарнізон, як ездзілі многія.
Ну, пераправіў у лес тры вінтоўкі і аўтамат,— звадзіў хлопцаў тры разы на жалезку...
Мужчыны выпілі ўжо не адну чарку. Паелі ўсю смажаную рыбу. Т. перакаштаваў яблыкі з кожнага дрэва. Даведаўся, які гатунак яблынь найбольш стойкі ад чарвякоў і ад марозу, які дае ўраджай кожны год, што для таго, каб зімой карэнні мелі работу, чалавек позняй восенню выліваў пад кожнае дрэва аж па сорак вёдзер вады.
Сядзяць яны далей ды маўчаць.
Т. пачаў сябе ў душы лаяць, што дарэмна пёрся ў гэтую вёску. З роспаччу падумаў — развітвацца, ці што? Але ж як разлічыцца за камандзіроўку — матэрыялу ж у нумар няма!
Т. з тугой у вачах павёў позірк па вялізным садку, у якім цяжкія галіны з налітымі яблыкамі падпіралі сучкастыя рагулі.