Ані крыху не здзівіўшыся, нават не перапыняючы гутаркі, народны пісьменнік аддаў абодва пакункі ды ўзяў кіёк за абаранак.
Апусціліся мы з чацвёртага паверха.
Ля пад'езда Канстанціна Міхайлавіча чакаў ЗІМ. Шафёр забраў у мяне пакунак, і я, шчаслівы, паляцеў назад, ужо смакуючы, як у вёсцы Біскупцы (Ваўкавыскага раёна), дзе працаваў дырэктарам сямігодкі, буду ўсім хваліцца — самому Якубу Коласу кніжкі падносіў!
Зноў народнага пісьменніка ўбачыў праз год.
15-18 верасня 1954 года ў тэатры Янкі Купалы адбываўся III з'езд пісьменнікаў Беларусі. Тры дні ішоў дыспут, і вось —пачалося галасаванне. Усе разабралі бюлетэні. Колас таксама ўзяў свой бюлетэнь, пайшоў за кулісы, сеў на пянёк ад нейкай дэкарацыі ды пачаў старанна кагосьці выкрэсліваць.
Я на дзядзьку Якуба наляцеў знячэўку ды вельмі разгубіўся. Гляджу, а ён ад нечакапасці разгубіўся таксама і таропка ды вінавата, як хлопчык, каб, барані божа, не ўбачылі людзі, каго ён крэсліць, закрывае ад мяне бюлетэнь газетай, нецярпліва глядзіць мне на ногі ды чакае, калі пайду.
Потым трапіў я ў Дом творчасці — Каралішчавічы.
У час абеду нехта прынёс сенсацыю — Колас з нявесткай прыехаў па грыбы! Схапіў я на кухні нейкі кошык ды кінуўся даганяць незвычайнага госця, уяўляючы сабе ўжо, як і пра гэтае спатканне буду калісьці апавядаць сваім унукам. Жарты? Разам з Коласам грыбы збіраў — бытта разам з ім чай пілі!!
Яго з нявесткай знайшоў ля дарожкі. Насцярожана-ветліва павітаўся. Дзядзька Якуб таксама даў мне «дзень добры» ды пацікавіўся, адкуль я родам, дзе цяпер жыву, як мяне зваць і што пішу — прозу ці вершы.
Адказаўшы на ўсе ЯГО пытанні, здаволіўшы сваё самалюбства, я, перапоўнены шчасцем, яшчэ крыху пахадзіў з імі па лесе і, каб не быць залішне надакучлівым, нырнуў у гушчар ды папёр на кухню кошык.
Назаўтра дзядзька Якуб прыехаў па грыбы зноў, і яго я знайшоў каля той самай дарожкі. У нас адбылася дакладна такая самая гутарка.
Вяртаўся на гэты раз я ад ЯГО падта расчараваны: на дзядзьку Якуба не зрабіў аніякага ўражання. У той жа час быў уражаны прастатой гэтага Чалавека. Ну, дакладна, бы які-небудзь звычайны вясковы стары, а гэтак узрушыў душу народа, так запаў яму ў сэрца!..
* * *
З запісной кніжкі.
«...Дзевятага студзеня 1956 г. Сяджу на Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў СССР у канферэнц-зале газеты «Правда». Дэлегацыю нашу ўзначальваюць: Іван Шамякін, Пятрусь Броўка. Апрача мяне, у яе склад уваходзяць: Сцяпан Гаўрусёў, Навум Кіслік, Артур Вольскі, Ніл Гілевіч, Пятро Васілеўскі і Алесь Махнач.
У праходах каля нас бесцырымонна шнуруюць дзесяткі энергічных ды надта ж заклапочаных людзей з фотаапаратамі і кінакамерамі — нашых, а найбольш — замежных. Аўтар моднай якраз кніжкі «Далеко от Москвы» (мне не спадабалася) Васіль Ажаеў сама выступае з асноўным дакладам. З казённай жывасцю ён пералічвае, хто, што і дзе з маладых надрукаваў. Яшчэ папракае пісьменнікаў, што ў сваіх творах апісваюць каханне не як выяўленне чалавечай сутнасці, а — як дадатак да вытворчага працэсу, да працоўных поспехаў і грамадскай дзейнасці. Хочацца дакладчыку крыкнуць:
«Пра-авільна! Толькі ж ці не так пішаце пра каханне і вы, таварыш Ажаеў?!.»
Учора па лініі СП СССР мы мелі дзве сустрэчы.
Адна — у суседняй зале. Восем нашых дэлегатаў сустракаліся там з паўсотняй (калі не болей!) замежных карэспандэнтаў. Трапіў і я ў выбраную васьмёрку, бо нехта ў анкеце заўважыў, што ведаю замежныя мовы. Але за ўсю сустрэчу ані я, ані мае калегі не адкрылі нават рота. Не таму, што хапала перакладчыкаў. Заходнім карэспандэнтам, як выявілася, нават усесаюзнай нарады мала, ім давай сенсацыю. Калі сенсацыі няма, яе ствараюць.
У гэты час на Захадзе ярка загарэўся талент 19-ці гадовай Ф. Саган. I вось на нарадзе ўжо ўзрадзілася чутка, што аўтар «Глыбінь-Гарадка» Л. Абухава — наша Франсуаза. Таму, наладаваныя цяжкімі мікрафонамі, кіно- і фотаапаратурай, увішныя карэспандэнты нагвалт атакавалі маладзенькую Ліду. На нас ніхто і вокам не павёў. Толькі і было чуваць:
Падстаўляючы ў профіль і ў анфас свой распрамянёны тварык пад аб'ектывы, адказваючы на пытанні, Абухава аж квітнела. Напэўна, гэта быў у яе «звездный час». Але калі глядзець збоку, усё пагадвала шытае белымі ніткамі, было смешным ды надта здзіўляла.
Другая сустрэча — з Валянцінам Авечкіным. Цікавы чалавек, усім вельмі спадабаўся. Апавядаў нам гадзін з пяць.
Авечкін толькі што вярнуўся з МТС пад Масквой, дзе дырэктарам паставілі нейкага гараджаніна. Прыняў той ад папярэдніка справы, а назаўтра звоніць у Маскву знаёмай аграномшы: