Выбрать главу

Ён сказаў дакладна тое, што адчувала сэрцам я сама, толькі не знаходзіла слоў, каб гладка так і лагічна выказаць.

— Добра табе гэта казаць, але ж як мне заўтра паказацца ім на вочы? — пытаюся, ужо ўстрывожаная.

— Нармальна. Так і пакажашся, бо твая крайнасць павінна дасягнуць свайго. На такое не ўсе здольны. Трэба быць адчайным чалавекам і мець вялікае жаданне дабіцца свайго. Супакойся. Перахварэеш ты, перахварэюць дзеці, але ў выніку — клас зблізіцца з табой яшчэ больш. Напэўна! Твой клас перажывае якраз момант, калі пэўныя колькасныя вынікі тваёй працы ператвараюцца ў маладых душах у якасныя. Пабачыш, Іра, заўтра вы ўжо будзеце не такія, якімі былі ўчора.

— Пра-аўда?!

— Сама пераканаешся!

— Ой, каб толькі так было!..

Я часам цярпець не магу самастойнасці і тады надта шчаслівая, што, вярнуўшыся дамоў, нарэшце магу быць ад каго-небудзь залежнай. Для мяне нават цана мужчыны вымяраецца тым, наколькі магу быць ад яго залежнай. Косця — такі чалавек: сваю праблему ўжо бытта пераклала на яго плечы.

Які ён у мяне разумны! А добра мець такога сябра, мужа! Якое шчасце, што такі чалавек — бацька маіх дзяцей! Я яго чула, з удзячнасцю цалую:

— Косцік, скажы яшчэ што-небудзь харошае!..

— Стань дарослай, без глупства!..

Праз нейкі час я, супакоеная і задаволеная, што сумленна правяла і гэты дзень, што ў мяне ёсць верны друг, засынаю ў яго на грудзях.

10.

Назаўтра выходжу ў школу больш упэўненая і як бы крыху абноўленая. Адчуваю сябе ўжо часцінкай вялізнай сям'і гаротнікаў-педагогаў. Сама сябе падбадзёрваю, цытую словы маладой паэтэсы — Алёны Руцкай:

Ашчаперыўшы галаву, Уздыхаючы ў задуменні, Як гаючую тую траву, Ен шукае сцяблінку натхнення. То ў вокны кіне пагляд, То ў столь пазірае натужна. На паперы радкоў няшмат, Хоць працуе думка напружана. Што шукае? У паэму радкоў? Ці карпее над белетрыстыкай? Не. Настаўнік для лайдакоў Піша зносную характарыстыку.

I тут сустракаю незнаёмага. Ён бытта пра ўсё ведае: усміхаецца мне ветліва, прыязна, і ад гэтага робіцца мне нават радасна.

Восьмы клас і сапраўды застаю бытта бы іншым - больш дарослым, вінаватым. Я не злапомная і не помслівая, стараюся нічым не напамінаць учарашняга выпадку. З уздымам расказваю пра Тараса Бульбу, праводжу паралель з героямі «Маладой гвардыі». На памяць чытаю сцэны мужнай гібелі адважнага казака. Васьмікласнікі ўсё ж такі яшчэ дзеці. Стаіўшы дыханне, слухаюць мяне, як ніколі.

Урок праходзіць непрыкметна. Званок, які звычайна ўспрымаецца з палёгкай, на гэты раз вучні сустракаюць расчарвана, хорам крычаць:

— Ужо-о?!

Лаўлю сябе на тым, што надта хачу, каб убачыў незнаёмы, якая з мяне настаўніца, як у мяне ладзіцца работа.

Шчаслівая, крочу дамоў. Успамінаю — няма з чаго заўтра варыць абед. Заходжу ў гастраном.

Дзядзька ў белым балахоне ля калодкі з сякерай чытае... Косцеву брашуру «Некаторыя псіхічныя ўласцівасці чалавека». Людзі чамусьці пачалі надта цікавіцца такімі праблемамі. Вось і гэты ўглыбіўся ў тэкст, мяне не заўважае. Нічога не скажаш, Косця ўмее складаныя праблемы падаць неяк проста, займальна. Карціць сказаць прадаўцу: «Лепш адкладвай кніжку ды выберы добры кавалак мяса аўтару!» Але я — наадварот, нават вярнулася на дыбачках, каб чалавеку не перашкодзіць.

Дома нападаю на мужа:

— Ты ўсё сваё? Здурнеў?!. Зараз жа кідай! Паглядзі, што на вуліцах робіцца: народу — не прайсці, аж у вушах гудзе! Усім — абедзенны перапынак, а табе больш за ўсіх трэба?

— Калі звычайныя людзі адпачываюць, наш брат працуе, гэткая наша доля...

— Ко-осцік, у цябе, дальбо, яшчэ рукі паадсыхаюць!—цалую яго ў лоб па-мацярынску.— Вечна робіш тое самае і тое самае, свету божага не бачыш!

— Гэ, магу прасядзець ля стала дзесяць гадзін або і цэлую ноч, і ў мяне нават не ўзнікне жадання перамяніць позу! Горай, калі перапісваю! Але і тады не рукі баляць ад машынкі, а — сківіцы.

— Сківі-іцы?!

— Запомні. Калі будзеш пісаць пра мужа-акадэміка ўспаміны — прыдасца! — смяецца задаволена ён ды пацірае падбародак.

Хоць з Косцем жывём ужо восем гадоў, але кожны дзень у ім знаходжу штосьці новае, да жудасці таямнічае. Яшчэ студэнткай звярнула ўвагу на яго шырокія сківіцы — як у герояў Джэка Лондана.