— Схадзі ў ванную, прынясі цёплай вады — маску зняць!
Ледзьве хаваючы злосць, дзяўчына прывалакла міску з вадой ды сабралася пайсці.
— Не ведаеш, Віктар Арнольдавіч сёння паедзе?— затрымала яе дама.
— Не ведаю.
— Папрасі ў яго шчотку і прыглядзіся, ці не збіраецца!
Скрозь прыадчыненыя дзверы сёмага пакоя Зіна ўбачыла свайго куміра. Энергічны і спрытны мужчына пакаваў чамадан, піхаў туды папкі з паперамі, а думкі яго, мабыць, зноў блукалі недзе далёка. Зіна на хвіліну ўявіла сабе, як уваходзіць ён у сваю кватэру, а там ззяюць люстры, блішчыць лак на шафах і піяніна; з пакоя выбягае жонка-прыгажуня, дзеці...
— А-а, Зіначка! — сустрэў ён такім прыемным бархатным барытонам, што дзяўчына ледзь не самлела.— Заходзь, заходзь, смялей! Дзякуй, дарагая, табе за ўсё! Прыязджай да нас у горад!.. А-а, якая прыгажуня, мне б такую жонку!.. Калі будзеш выходзіць замуж, на вяселле запросіш?
— Шчэ няхутка...— ад упартых карых вачэй дзяўчына разгубілася дарэшты і пачырванела.
Вярнуўшыся, Зіна даме адпомсціла:
— У яго зачынена!
Праз гадзіну можна было назіраць ля дачы такую сцэнку. Па алейцы прамчала «Волга». З ельнічка выбегла дзяўчына ў накінутым на плечы паліто, пад якім віднеўся фартушок. Азірнуўшыся, ці яе хто не бачыць, яна нагнулася ды ўважліва паглядзела на снег. Сытыя сабакі з высунутымі языкамі то аддана на яе цікавалі, то нюхалі белыя груды, то кіхалі, то, скавычучы, узіраліся ў лес, нічога не разумеючы. А дзяўчына разглядала выціснутыя на снезе сляды гумовага пратэктара. Пакратаўшы след і рукой, яна ўздыхнула і ў акружэнні сабак павалаклася на кухню.
8.
На дачы ўзнялася мітусня: «Волга» з-за снежных заносаў не прабілася, госці вярнуліся начаваць. Сястра-гаспадыня дадаткова выпісвала харчы, тэрмінова рыхтавала пакоі. Толькі праз некалькі гадзін госці паабедалі, распакаваліся, і ўсе супакоіліся.
Прыйшоўшы на вячэру, Дзіна Маркаўна раптам убачыла ў афіцыянткі такі самы шалік. Ён быў павязаны, бы ў артысткі з учарашняга фільма, які перадавалі па тэлебачанні. Яшчэ дама заўважыла, як Зіна прагна лавіла позірк Віктара Арнольдавіча ды крадком папраўляла на шыі вузялок. Гэта даму абурыла да глыбіні душы.
— Ну, не знайшлася ваша згуба?— паспачувала ёй Марфа.
— Знойдзецца тут што ў вас, ого!— з прытворнай пакутай уздыхнула дама ды зірнула на афіцыянтку.
— Але, і ў нашай Зіны такі самы... Купіла сабе ў сельмагу... Валодзя яе вазіў...
Дзіна Маркаўна ведала, што яна губляла і знаходзіла свае рэчы часта, але як робяць кепскія людзі, дама распальвала ў сабе падазронасць да Зіны.
— Сваіх вы абараняеце, ве-едаем! — істэрычна віскнула.
Зіне зрабілася так сорамна, бытта стаяла яна перад людзьмі голая. Дзяўчына бездапаможна зірнула на Віктара Арнольдавіча. Але ён не толькі не заступіўся. Ён, нездаволены, папракнуў сястру-гаспадыню:
— Нават і тут не даяце людзям спакою!.. Заўтра абавязкова пагавару ў літфондзе аб парадках на гэтай чортавай дачы!..
Зіна не чула, што казала Марфа. I не бачыла, як Мікалай Іванавіч ускочыў з-за стала, падышоў да вешалкі, вывернуў рукавы ў аблезлым зімовым паліто Дзіны і з-пад парванай падкладкі вывалак шалік ды кінуў бабе ледзь не ў твар. Знямелая дзяўчына стаяла, адчуваючы, як вочы набухаюць слязьмі. Зрабілася раптам шкада мамы — з-за праклятага шаліка нават добра і не пагаварыла з ёю!..
Зіна хапіла пустыя талеркі ды пакіравала на кухню. Праходзячы каля Віктара Арнольдавіча, пачула, як ён, клапатліва разглядаючы свае белыя рукі, скардзіўся суседу з чацвёртага пакоя, што, піхаючы машыну, зламаў ногаць.
— Шкада, што не нагу! — ледзь не ўголас кінула яна.
9.
Вясной у сталічным тэатры адзначалі юбілей класіка-акадэміка, і па запрашальных білетах залу напоўніла публіка.
У ложы стаялі тры крэслы. На адным сядзела Зіна ў новай сукенцы, на другім — Ваня Цішэўскі. На хлопцу была пацёртая куртка з «маланкаю» і гэтак яго бянтэжыла, але блізкасць дзяўчыны напаўняла шчаслівым хваляваннем.
Ванева нясмеласць Зіну забаўляла. Часта заглядваючы ў стракатую скрыначку з шакаладнымі цукеркамі, яна смяялася гэтак, як смяюцца толькі вясной дзяўчаты пры хлопцах.
— А я акадэміка ведаю! — пахвалілася.— Адпачываў у нас на дачы!
Ваню гэта імпанавала.
— Прыйшоў у сталоўку, распытаў у мяне, адкуль я, як зваць. У наступны дзень пытаецца ў мяне зноў — адкуль я і як маё імя. Потым — трэці раз паўтараецца тое самае...
Толькі Зіна сабралася рассмяяцца, як у ложу ўвайшоў Мікалай Іванавіч з жонкай. Павітаўшыся, пісьменнік сказаў:
— А сесці няма дзе!..