Выбрать главу

— Ну, бо... Што ты ўсё ме-елеш? Адзеўся? То ідзі хутчэй мыцца!

— Добра, мамачка!

За акном на полі хадзілі каровы з авечкамі. Убачыўшы іх, Ваня зноў забыўся.

— Мамка, а чаму ў каровы па два рагі, а ў авечкі — ніводнага рога?

— А я ўжо ведаю, чаму так Баранавічы называюцца. Бо там рэжуць авечак, бараноў і робяць з іх брынзу!

— Гэта карова далёка, а тая — далячэй, праўда, мамка?

— Далей, а не далячэй.

— Карова далей... Лес далей... Рэчка далей... Дом далей...

— Мамка, а от каб сабраць усе дамы на свеце і паставіць на наш дом, то які ён быў бы, га? Усе, усе сабраць, і ў немцаў, і ў Баранавічах, каб...

Адказу зноў не было.

Хлопчык затрымаў позірк на альшынцы, дзе працякала рэчачка, успомніў:

— Ма-ам, а вада ў рэчцы цячэ і ноччу?

— Вядома, цячэ.

— I калі на яе ніхто не глядзіць?!

— Гы!.. А дзе рыбы спяць — проста ў вадзе?

— Ма-ам, а шчупакі валасатыя?

Мама зноў не адказала, але Ваня больш не перапытваў. Паказаўся дымок ад паравоза, і хлопчык адразу забыўся пра рыбу.

— А от я ўжо ведаю — у паравоза калёсы надта вялікія і жалезныя, іх не адкусіш і не адрэжаш!..

— А куды гэты поезд едзе, мама?

— У Друскенікі.

— О-го-о?!.

— Шыю мый, шыю! I вушы таксама!

— А гэта вёска такая?

— Літоўскі горад.

— I людзі там па-літоўску гавораць?

— А па якому ім гаварыць?!

— I кожны так умее?

— Кожны.

— А дзеці па-літоўску ўмеюць?

— Друскенікі, гы!.. Мама, а чаму горад называецца так, як дзядзеў Мікалаеў Генік са Слоніма?.. Друскенік.... Генік... Друскенік... Генік... Як дражнілка!..

— О-ой, бо-ожа! Ну, што гэта за дзіця?!. Чаму, чаму!.. Бо так людзі яго назвалі, і годзе! Хутчэй ідзі да люстэрка ды прычашыся!

— Іду, мамачка.

Водзячы грэбенем па валасах, Ваня круціў галавой і так і сяк. I раптам насцярожыўся.

— Мамка, а чаму ў люстэрку, калі галава круціцца, чорненькае на воках на месцы стаіць?

— Бо... Бо... Бо-ожа, што за хлопец расце ў мяне, не ведаю!.. Ну, хутчэй! Я табе казала, што мне трэ спяшацца ў горад! — раззлавалася дарэшты мама.— Хочаш, каб баранавіцкі аўтобус без мяне паехаў?

— Я хутка, мамачка!..

— Цяпер садзіся і еш!

Мама заўсёды злавалася, калі чаго-небудзь не ведала. Ваня вырашыў: «Спытаюся ў таты, чаму чорненькае стаіць у люстэрку, а галава круціцца. Ен ведае ўсё!»

— Не разліва-ай! — закрычала мама.

— Больш не буду, мамачка! — хлопчык паспешліва падставіў пад лыжку далонь.

— Ну, пад'еў? — дапытвалася маладзіца, трымаючы цяжкі кошык на руцэ.— То ідзі да таты. I хутчэй, сынок. А я табе з горада гасцінец прынясу...

— Марожанага! Слівачнага!.. Не, яно тысячу рублёў каштуе, гэта больш за дваццаць! Лепш «Эскімо»!

— Як жа табе яго данясу? Растапнее!..

— А ты падзьмі на яго!

— Не паможа. Хопіць з цябе і цукерачак.

— А-ай!..

— Ну, ладна, мамачка! Толькі цукерак купі кубічных!..

— Ах, жэўжык, ужо разбіраешся ў гэтым, падушачак не хочаш? Добра, прынясу табе шакаладных.

I Ваня пайшоў.

Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Хлопчык асцярожна абмінуў гусака, адчыніў брамку на агарод ды прыпусціў на балота.

Вунь там, далёка, тата косіць.

Трава была росная, і Ваневы ногі адразу сталі мокрымі. На траве іскрыла на сонцы раса. Кожная травінка мела сваю расінку. Ваня спыніўся і давай прыглядацца. Потым азірнуўся, а за ім на траве — смешныя дзве стужкі слядоў!

Ваня выпісаў на траве кола, затым —другое ды перакрэсліў іх раз і яшчэ раз.

У адным месцы травы не было, на балоце ляжалі роўныя зялёныя валочкі. Зверху валочка на тоўстай травінцы сядзелі адна ля адной дзве зялёныя страказы. А на дубцах ракіты нехта павесіў бліскучую тоненькую сетачку.

А вось і тата!..

— Папка-а, паглядзі-і, валасы-ы!

— Гэта — павуцінне, хлопец,— сказаў той ды ўпёрся ў кассё.

— Павука?

— Ага. Ну, здароў, сын. Даўно ўстаў?

— Неа!

— Ай-яй-яй, сплюх!

Тата глыбей усадзіў чаранок у зямлю і нагнуўся браць траву з пакосу. Ён быў без кашулі, загарэлая спіна блішчала ўся ад поту. На спіпе ў Ваневага таты — цёмны шрам ад раны, сын яго баяўся.

— Папка, гэта табе немец зрабіў на плячах?

— Ага.

— А ты яму за гэта што зрабіў?

— Гм!..

Тата нахмурыў бровы і грозна паўзіраўся ўдаль. Ваню стала страшна-страшна.

Але хутка тата перамяніўся. Ён выцер рукавом лоб, здзьмуў капельку поту з носа, абцёр травой касу і пачаў яе вастрыць — шах-шах! шах-шах! шах-шах!.. Ваню невыносна захацелася гэтаксама пацягаць бруском па вастрыі ды адчуць, як звініць пад рукамі каса, але ж дзецям яе ў рукі не даюць — прасі не прасі. Ён са шкадаваннем адвёў вочы.