За долю секунды паспяваю не толькі зразумець, што мяне кранула вялікае няшчасце,— ацаніў я нават яго маштабы. За гэтае імгненне паспяваю нават параўнаць сябе з тым нешчаслівым салдатам, які ў хвіліну смяртэльнага ранення на фронце з роспаччу папракае свой лёс, што з мільёнаў людзей злая куля выбрала сабе ў ахвяру менавіта яго, ды задае сабе, цэламу свету адно роспачлівае пытанне: навошта мне, а чаму менавіта мне, чым я горшы за іншых, чым???
Нават хапаюся за кволую надзею: магчыма, і гэта толькі сон, я прачнуся, і ўсё будзе па-ранейшаму? Снілася ж хвіліну таму назад, што ў мяне няма ўвогуле дзяцей?! Снілася!.. Яна не можа гэтак пісаць чужому мужчыне, бо мяне кахае, да мяне не раўнадушная — вось толькі што нават вокны пазакрывала, каб мужу лепш спалася, і дзверы зачыніла!
Але адразу праганяю наіўныя аргументы.
Праганяю ад сябе ўжо не толькі рэшткі сну. За імгненне пазбываюся і ад псіхічнага стану, у якім знаходзіўся апошнія месяцы. Паводзіны Іры раптам узнікаюць перада мной, як адно цэлае, і я ўсё адразу ды канчаткова зразумеў.
Нават паспяваю здзівіцца з таго, што гэтак доўга быў дурнем ды нічога не разумеў.
Адным словам, апрытомнеў я дарэшты. Пачынаю чамусьці заўважаць у пакоі дробязі.
Чуваць, як на кухні нешта на пліце шыпіць — дакладна гэтаксама шыпела ўчора, год таму назад.
Гудуць трубы каналізацыі, як звычайна гулі яны, калі мянялася надвор'е.
Блішчаць, бы навошчаныя, шырокія лісты фікуса.
Гараць на падлозе сярэбраныя квадраты сонца, а на вуліцы прыглушана гудуць аўтобусы, ад чаго лёгка вібруюць сцены...
Недарэчныя дэталі займаюць маю ўвагу толькі на момант. З папрокам, з прыкрасцю і абурэннем адразу адганяю іх ад свядомасці, бо зноў увагу прыцягвае ракавое пісьмо.
Перада мной усё гэтаксама ляжыць паперка з ірванымі краямі, якую Іра наспех выдрала са сшытка. На паперцы — выразныя, да болю роўныя і даўно знаёмыя, яшчэ макраватыя каліграфічныя радочкі літарак настаўніцы, у якіх такі крыўдны і варожы для мяне змест. Намагаюся ўчытацца ў яго другі раз.
«...Пішу Табе і плачу, бо толькі Ты мне патрэбен, толькі каля Цябе мне спакойна і хораша, а майму сэрцу больш нічога на свеце не трэба...»
З радкоў павеяла такой жудасцю, што захацелася ад нечага засланіцца ды закрычаць:
— Не! Не! Не!
Зноў здалося, што з-пад маіх ног расступаецца зямля, з галавы адхлынула кроў, у вушах зазвінела, а маё цела як бы страціла вагу. Нават я пастараўся злавіць край стала і здзівіўся, што ён — дакладна ў тым самым месцы, дзе і павінен быць, калі б я стаяў, не кранаючыся з месца, што я дарэмна за яго хапаюся.
У калідоры з'яўляецца Іра. Каб не даць магчымасці мне апамятацца, каб адцягнуць маю ўвагу, яна моцна стукае дзвярыма ды з фальшывай радасцю крычыць:
— А вось і наш тата ўстаў! Чаго так рана? Паспаў бы яшчэ, татачка!
Звяртацца да мяне ад імя сына ёй зручней. Якое ў яе, аднак, ненатуральна прыгожае, незнаёмае і чужое блісканне вачэй і зубоў?!
— Валодзя, кажы: добры дзень, татачка, ты позна, мабыць, лёг і стамі-іўся?!
У яе вачах толькі цяпер улоўліваю неспакой. На імгненне яна вачыма мерае адлегласць, якая аддзяляе мяне ад паперкі, і стараецца па маім твары нешта разгадаць.
«Бо-ожа, няўжо ты прачытаў?» — мільгае ў яе позірку трывога. Аднак нічога, што сцвярджала б яе здагадку, на мне не ўбачыла. З зайздросным перакананнем і спакоем загадвае:
— Косця, вярніся і надзень свежую кашулю! Хіба сёння субота? Якую кашулю, гэтая ж — чыстая, што за камедыя?!
— Там у шафе ляжаць зверху! Вазьмі сабе сам, а я тым часам прынясу снеданне!
Мусіць, толькі цяпер я па-сапраўднаму ацаніў усю асалоду сямейнага жыцця. Захацелася надта прадоўжыць яго хоць на хвіліну, нават — цаной самаашуканства. Тое, што здарылася, адчуваў толькі свядомасцю, яно не паспела пранікнуць яшчэ ў мае клеткі, у косці, у мозг, у кожны нерв, таму так свабодна магу яшчэ прыкідвацца, бытта нічога і не адбылося. Набытая жыццёвым вопытам асцярожнасць не дае адразу прыняць рашэнне, не дазваляе выбухнуць. У мяне нават з'яўляецца апраўданне, я падпарадкоўваюся такой логіцы: няшчасце здарылася не дзень, не месяц таму назад, нічога не зменіць і хвіліна ўжо, а за гэты час можна падумаць і знайсці якое-небудзь выйсце. На нешта, наіўны, спадзяюся і таму намерваюся рабіць тое, чаго дамагаецца Іра: вярнуцца ў спальню. Адно збіраю ў кулак усю сілу волі толькі б не выдаць сябе, толькі б цвёрда ставіць нагу, толькі б проста трымаць галаву, толькі б не выдалі мяне ногі, рукі!..
Валодзя ўжо не спіць. Свой позірк затрымліваю больш, чым трэба, на кірпатым носіку, пакрытым залацістым пушком, на бяздумных бусінках вачэй, выдаўліваю нават з сябе нешта падобнае на ўсмешку ды зараз жа яе гашу. Тады хмуры, як звычайна гэта робяць сонныя і спрацаваныя людзі, няўклюдна паварочваюся і буркаю: