«Ты пахнеш мужчынам!» — з абурэннем выганяла яна мяне са свайго ложка.
Апошнім часам, калі выходзіў на работу, у мяне маглі быць растрапаныя валасы, вылазіць мог каўнер кашулі, і яна адпускала мужа, не заўважаючы: непарадак у адзенні падказвалі мне потым на вуліцы чужыя людзі ці сябры па рабоце.
У магазіне з'явіліся курткі. Цёплыя. Лёгкія і моцныя. Адна мне прыйшлася ў самы раз. Я яе купіў, а ўсе дзівіліся, як куртка мне пасуе. Толькі Іра не магла перанесці майго выгляду ў новым адзенні. Я тады ламаў усё галаву — чаму? Выходзіць, такое адзенне меў права насіць толькі іншы чалавек.
Пачаў бы, напрыклад, мяне сын распытваць пра пісталеты ды аўтаматы, і Іра адразу перабіла б маё тлумачэнне:
— Хіба ты ў гэтым разбіраешся? Штосьці мне не верыцца, каб ты імі калі карыстаўся, валодаў зброяй!..
Іншым разам тлумачыў Віцю, што такое бумеранг, і яна катэгарычна на мяне напала:
— Няпраўда, гэтая штучка з вяровачкай!
Яна як бы пільна сачыла, каб я не падняўся цяпер за той прымітыўны мой вобраз, які яна стварыла апошні год у сваёй душы: гэта было ёй апраўданнем перад сваім сумленнем.
У «Медицинской газете» з'явілася вялізная рэцэнзія на маю апошнюю кніжку «Эмоцыі». Артыкул адразу прыперла да нас Вера, але Іра паленавалася газету нават узяць у рукі, нядбайна сяброўцы кінула:
— Пакладзі на піяніна...
Калі я вяртаўся з сустрэчы з чытачамі, яна ўжо не цікавілася, як раней, што там было, якія задавалі пытанні, і не хвалявалася, як раней, ці сустрэча ўдалася.
Аднойчы мяне ўпікнула:
— Разумныя вучоныя бяруць творчыя камандзіроўкі на тры-чатыры месяцы ў далёкі глухі раён!.. Узяў бы і ты куды-небудзь на Поўнач, напрыклад, у тайгу або ў акіян!.. Вунь, пішуць, «Віцязь» адпраўляецца аж на восем месяцаў вакол свету, узяў бы ў рэдакцыі рэкамендацыю, характарыстыку, што не п'яніца, не распуснік, не прыпадачны, ды запрапанаваў бы капітану сваю кандыдатуру ў спадарожнікі!..
Ад апошніх яе слоў, памятаю, мне зрабілася страшна нават: я ж толькі вярнуўся з вучобы, перад гэтым год цэлы працаваў дома, якія могуць быць паездкі, мне ж не дваццаць гадоў?! Упершыню нібы насцярожыўся ад таго, што яна сказала, але і гэта пастараўся хутчэй забыць.
Пішучы апошнюю брашуру, заўважыў, што рабіць яе было ўжо чамусьці значна цяжэй — надта хутка стамляўся. Тлумачыў усё ўзростам. На самай справе не хапала Ірынай дружбы, жаночай падтрымкі, з-за якой у мужчыны адкрываецца «другое дыханне» і ён ужо гатовы перавярнуць свет. А частае знікненне з дому?..
Калі я стараўся яе затрымаць, Іра з абурэннем на мяне нападала:
— Што ты ведаеш пра работу настаўніка? Каб цябе так паставіць на маё месца!
Тады я сказаў, што яна з некім сустракаецца.
— Ты ўпэўнены? — спытала яна дзёрзка.
Я не толькі не быў упэўнены. I падумаць не мог пра гэта. Так гаварыў, абы што-небудзь сказаць. Яна ж, бачачы маю разгубленасць, нападала па мяне, каб адвесці падазронасць, каб схаваць куды больш сур'ёзнае.
Ужо даўно нашая гаспадарка ішла цераз пень-калоду. У дзяцей з'явіліся двойкі і тройкі, пачалі скардзіцца настаўнікі. Дайшлі да мяне чуткі, што ў школе незадаволены настаўніцай Станкевіч. Я не паверыў сваім вушам.
Аднойчы Іра стала мне чагосьці патрэбнай, і я пазваніў у настаўніцкую. Адтуль са здзекам мне адрэзалі:
— Ха, хочаце яе тут знайсці пасля заняткаў? Наіўны, даўно гэта было!.. Цяпер яна ў школе ледзь затрымліваецца на ўроках!.. Не паказвае завучу нават паўрочных планаў!
«...Пішу Табе і плачу, бо толькі Ты мне патрэбен, толькі каля Цябе мне спакойна і хораша, а майму сэрцу больш нічога на свеце не трэба...»
Вядома, каханне, як я ўжо сказаў,— яшчэ і голад па чалавеку, пачуццё неверагоднай унутранай неабходнасці і сум па ім. Выходзіць, я — бервяно, што ляжала ўпоперак яе дарогі да шчасця?! Вось адкуль у яе і азлобленасць, і непрыязь.
Так-то яно так, але —дзе ж сумленне, вернасць, абавязак ды ўсе прынятыя грамадствам правілы паводзін мужа і жонкі? Як жа дзеці?! Няўжо яна пра іх не думала? Бо-ожа, што з ёю здарылася, яна ж такой, здаецца, ніколі і не была, адкуль гэта ўзялося ў яе?!
Атрымлівалася, што я, наіўны, знаходзіўся на адной кватэры з чалавекам, які мяне ашукваў, прадаваў, жывучы з другім, і, магчыма, спадзяваўся, нават — чакаў, што траплю пад машыну ці недзе ўтаплюся. Аб такіх выпадках толькі чуў, чытаў у раманах, бачыў у кіно, а вось дакладна тое самае здарылася і са мной. Толькі мы можам колькі хочаш чытаць пра ўсё гэта, глядзець у фільмах, нават маляваць сабе ва ўяўленні ды ведаць, што такое можа здарыцца і з табой, але ж, калі гэта пацвердзіцца, стане заўсёды для нас вельмі нечаканым ды балючым. Вось і для мяне зараз усё гэта абярнулася фактам, а не меркаваннямі, і каторы раз пачынала зноў знікаць з-пад ног зямля. Няўжо ўсё гэта не сон?