Дзе ж ратунак? Як мне цяпер быць? Хто ж гэты тып, з-за якога яна не палічылася з грамадскай думкай, з працай, з мужам і дзецьмі нават?
Да невядомага мужчыны адчуваю лютую злосць, зайздрасць і крыўду. Што буду рабіць потым, сабе яшчэ не ўяўляю, а толькі ведаю, што мушу зрабіць зараз. Хоць пад зямлёй, але мушу, абавязкова мушу знайсці гэтага тыпа.
4.
Згорблены, грэбаючы нагамі па зямлі, апынаюся сярод двухпавярховых катэджаў. Неўзабаве знаходжу патрэбны мне нумар дома. Як даведаўся, хто гэты чалавек і дзе ён жыве, я ніяк не змог сабе вытлумачыць (мабыць, ён і раней існаваў ва мне, я толькі сябе ашукваў!).
На мой званок на другім паверсе адчыняецца акно, у ім з'яўляецца галава маладога мужчыны. Твар яго выцягваецца ад здзіўлення і нечаканасці.
Ага, браток, дык гэта ты?!
Выходзіць, даволі часта бачу яго на вуліцах нашага гарадка і ведаю — працуе ў «Інтурысце». Гледзячы на яго статную фігуру спартсмена, бывала, я не раз любаваўся ім і нават па-мужчынску зайздросціў яго маладосці, здароўю ды элегант-насці. I вось чым усё гэта скончылася...
— Вы да каго? — няўпэўнена і штучна пытаецца чалавек ды адводзіць вочы.
— Да вас.
— Да мяне-е?! — відочна напалоханы, разыгрывае ўжо здзіўленне.
— Да вас, да вас! Напэўпа — да вас, не сумнявайцеся! — кажу рашуча.
— Хвілінку...
З прыкметнай паспешлівасцю ён зводзіць палавіны акна, зашчапляе іх ды некуды знікае.
«Збаяўся, нябось! Ах, паскуда!.. Пачакай жа, зараз за цябе вазьмуся!..»
Праходзіць значна больш часу, чым трэба, каб апусціцца з другога паверха на першы, покуль ён адчыняе ўнізе дзверы і з'яўляецца перада мной ва ўсім сваім выглядзе. Відаць, нікога ў жыцці я не разглядаў гэтак уважліва. Чым ты спадабаўся таму, хто мне быў так дарагі? Чым ты лепшы за мяне? Чым ты пера-мог? Які ты наогул? Якое свінства мне яшчэ ад цябе чакаць?
На амерыканскі манер коратка пастрыжаны вожык робіць яго маладзенькім, ледзь не хлопчыкам. Гладкі, не высокі і не нізкі лоб. Пад маскай здзіўлення на белым маладым твары — разгубленасць. Насцярожаныя шэрыя вочы.
На твары больш няма на што глядзець, аглядаю вопратку.
Крухмаленая белая кашуля з цёмным гальштукам. Чорныя вузкія нагавіцы з выразным кантам. Бліскучыя, вастраносыя туфлі. Падобныя прыгажунчыкі бываюць часта ў часопісах мод, адно гэты, бадай, больш прывабны і элегантны.
«I ўсё ж такі гэткіх, як ты, браток, цяпер шмат!» — адзначаю сабе.
Выгляд чалавека часта яшчэ нічога не гаворыць аб ім самім — у гэтым я пераканаўся даўно. Таго, што бачу, мабыць, надта мала, каб знайсці адказ на свае пытанні, каб скласці поўную думку аб маім саперніку.
— Заходзьце, калі ласка...— з той жа разгубленасцю кажа гаспадар паспешліва ды адступае ўбок.
— Дзякуй!..— кажу, адчуваючы ўсю смешнасць нашай галантнасці. Аднак я нізашто не адмовіўся б ад вонкавай стрыманасці ды шаблоннай формы ветлівасці — покуль што ў ёй мой ратунак.
Узнімаемся па лесвіцы: гаспадар наперадзе, я — за ім. З бакоў на паліцах стаяць нейкія бутэлькі, слоікі, скрыначкі і скрынкі. Надараюцца ідэальныя ўмовы адпомсціць свайму мучыцелю,— стукні з усяго маху унь гэтай бутэлькай ад шампанскага ў патыліцу, каб ён скаціўся па сходках!.. Аднак не хапаю ні бутэльку, ні што іншае, што трапіла б у рукі. Не дазваляе гэтага зрабіць, мабыць, тая самая прычына, што калісьці на дуэлях не дазваляла пэўнай катэгорыі людзей выкарыстаць момант ды піхнуць шпагу пад рабрыну праціўніку, калі той знячэўку паварочваўся спіной ці спатыкаўся. Ды завялікае гора ў мяне, каб біцца мне тут з гэтым франтам.
I яшчэ.
Іра дагэтуль была мне вяршыняй прыгажосці і жаночага абаяння. Калі ж ёй стаў блізкім гэты чалавек, нейкім чынам мая сімпатыя перайшла і на яго. Глупствам здаліся мне самалюбства, абурэнне і злосць у параўнанні з фактам — яна ж яго кахае, я чытаў пра гэта ў яе пісьме! Адчуваю сябе ўжо як бы непаўнацэнным абармотам. Не хапае ўжо не адвагі, а — рашучасці. Здаецца, не маю маральнага права лезці з ботамі ў нешта тонкае і далікатнае, што няўлоўна цяпер існуе паміж гэтым, са стрыжанай галавой, ды Ірай.
Уваходзім нарэшце ў пакой. Стараючыся не спатыкацца са мной вачыма, гаспадар прапануе:
— Сядайце...
Сядаю пад сцяну і разглядваюся.
Прасторная двухпакаёвая кватэра заможнага халасцяка. Каляровы тэлевізар, а на ім — транзістарны прыёмнік. Вялікая бібліятэка ўздоўж сцен. Пад шафай з кніжкамі — гантэлі. Пятнаццацікілаграмовыя, у тры разы большыя за мае! — адзначаю не без зайздрасці ды лаўлю сябе на тым, што ўсё яшчэ шукаю нешта такое, каб мой сапернік выглядаў хлюпікам, пачварай, мярзотнікам і монстрам. Покуль што бачу толькі беспарадак у кватэры, але не большы за той, які бываў у мяне, калі я, студэнт, жыў у інтэрнаце.