Перад вачыма паўстаюць Віця, Марынка, Валодзя...
— Вы думалі, што ў яе дзеці, і яны...— тут не хапае мне цвёрдасці ў голасе, словы расталі, і я хвіліну маўчу. Паставіўшы голас, набіраю паветра ды канчаю думку: — Вы гатовы замяніць ім мяне?
— Калі трэба, магу іх забраць, стварыць умовы, быць ім бацькам! — кажа.
— А вы здольныя на гэта? — пытаю.
— Калі трэба, то-о... А чаму не?.. Хіба я...
З кім гавару пра так дарагія справы? Перада мной — не той чалавек. Робіцца надта сумна, агортвае роспач:
«Бо-ожа, менавіта табой якімсьці невытлумачальным чынам Іра зняволеная?! Што за недарэчнасць?!»
Забываюся на хвіліну, дзе знаходжуся. Сам да сябе кажу:
— Мая мара, мара маіх пакаленняў, мара майго роду—дзеці! Што з імі зрабілі?! Што з імі будзе?! Што іх чакае?! Што мне з вамі рабіць?!
I тут зноў спахопліваюся — я ж у зусім чужым доме, а ўсё, што кажу, не датычыць франта, які, мажліва, калекцыяніруе і маладзіц, як фота гэтых голых кінаактрыс, а зараз вось насцярожана ды вінавата сочыць за мной і думае — як выкруціцца. Эх, каб можна было сказаць яму пра тое, што пра яго думаю. Упадзе ў амбіцыю, дойдзе паміж намі да бойкі, я нічога не даведаюся, не высветлю, не вырашу справы, з-за якой прыйшоў. Але тут раптам ён для мяне перастае існаваць. I не толькі ён. Забываюся пра ўсё на свеце — трачу адчуванне рэчаіснасці.
Перад вачыма мільгаюць дні, праведзеныя з Ірай,—нейкія фрагменты з нашага жыцця. Успамінаю час, калі яе раўнаваў да нейкага капітана ды ўзнімаў пават сваркі. Цяжка ўздыхаю. Не разумеючы нават таго, што гавару ўслых, бытта жонка стаяла перада мной, папракаю яе:
— Эх, Іра, Іра, зноў ты ўблытала мяне ў гісторыю — дзякуй табе!
— А?! — надта радуецца гаспадар.— Дык гэта ў яе ўжо не першы раз?
Бытта прачынаюся ды гляджу на субяседніка. У яго з твару яшчэ не счэзла радасць, што яму нарэшце надарылася доўгачаканая магчымасць спіхнуць з сябе віну.
Ага, нягоднік, раскрыўся зноў!
— Супакойцеся. За ўвесь час пашага жыцця з ёю такое здарылася толькі адзін раз. Вы — першы, хто авалодаў ёю пры жывым мужу. Можаце ганарыцца і запісаць сабе ў актыў. Адзін — нуль, на вашу карысць.
Ен зноў замыкаецца.
— Ну, што мы будзем цяпер рабіць? — кажу ўжо без пераканання.
У мяне расце і расце сумненне. Перада мной раптам паўстае ўся абсурднасць майго прыходу. Чаго, урэшце, ад яго хачу? Чаго прыстаю да гэтага вольнага казака? Чаго дабіваюся? Што ён мне за дарадца?! Калода, камень, які выпадкова трапіў мне пад ногі на дарозе, ды нарабіў бяды. Што ў гэтага шмэндрыка пытацца?
Тым часам маё пытанне гаспадара ўсё ж кранае. Ён уздыхае, а твар яго ўпершыню робіцца такім шчырым ды заклапочаным.
— Сам не ведаю, што рабіць,— уздыхае.— Калі Ірына Іванаўна была яшчэ ў раддоме, я марыў пралезці туды ды выкрасці сына...
Выходзіць, і сын не мой?! I ўсе гэтыя пялюшкі, бурбалкі, кугаканне — прызначаны не мне?!. Бо-ожа, пра гэта я і не падумаў.
Апошнія, суровыя ў сваёй шчырасці, словы саперніка ледзь мяне не забілі. Такое ўражанне, як бы мяне хто ўдарыў абухам па галаве і парушыў здольнасць адчування гравітацыі: зноў сцены перада мной захісталіся, зноў — як бы расступілася зямля, а мяне агарнуў жах свабоднага падзення, і на хвіліну я нібы трачу прытомнасць.
— ...Але справа не выйшла. Не здолеў арганізаваць... А мо пабаяўся скандалу? Сам не ведаю!..
Ён яшчэ нешта гаворыць, бытта вучань, які пабіў шыбу і ахвотна цяпер яе ўставіў бы, толькі гэта не ў яго сілах. Зноў бачу ўсю смешнасць свайго намеру пагаварыць з ім, як мужчына з мужчыпам, пра тое, як нам цяпер быць. Бачу, як памыляўся, ад гэтага мне яшчэ цяжэй, а перад вачыма — бездапаможны кірпаты тварык сіраты. Мо першы раз так выразна адчуваю да малога шчырую бацькоўскую спагаду.
5.
Увесь горад здаецца суцэльнай маной, крывадушшам. Людзі ходзяць. Смяюцца. Ездзяць. Сядзяць ля тэлевізараў. Размаўляюць па тэлефоне. Апавядаюць адзін аднаму байкі. Кладуцца спаць. I не адчуваюць фальшу, маскі? Як яны так могуць?! Плятуся далей ад дамоў.
Над рэчкай у цемры — парачка закаханых. Да хлапца і дзяўчыны абуджаецца, бадай, варожасць, і нават з нейкай злараднасцю кажу ў душы.
«Радуйцеся, радуйцеся, смейцеся, смейцеся — усё гэта мана, рана ці позна адзін з вас прадасць другога!.. Нічога, неўзабаве ў вас абаіх павыпадаюць зубы, зморшчыцца цела, цьмянымі паробяцца вочы, і вы самі сабе пастанеце агіднымі!.. Бачыш, як буркуюць, колькі цялячага захаплення, якія меладычныя галаскі — бы ў анёлаў!..»
Паварочваю ад рэчкі і шукаю самотнага месца.
Мабыць, ніколі ў жыцці мне не было так маркотна і непрыемна. Не хочацца жыць. Усё агіднае. У мяне наступіла хвіліна, якую псіхолагі называюць момантам «звужанай свядомасці», калі гэтая самая свядомасць адступае на задні план. Ужо здаецца, а неўзабаве я цалкам перакананы, што нежаданне жыць вынікае не з раптоўнай роспачы, гора, злосці, крыўды і адчаю; яно — абгрунтаванае, выходзіць з цвёрдай неабходнасці.