Выбрать главу

Калі перадаць словамі мае пачуцці і вобразы, якія мрояцца ва мне, то ўсё выглядае прыблізна так.

Хоць навокал зорная вераснёўская ноч — неабмежаваны прасцяг Сусвету, але яе глыбокая цішыня ўражвае яшчэ больш, чым гарматны грукат. Сярод нейкага енку, выцця і скрыгату ў гэтым бязмежным акіяне Сусвету недзе са сваёй бядой і я — пылінка, выпадковае спалучэнне дробных часцінак матэрыі — атамаў, малекул... I вось гэтую пылінку кранула няшчасце, ды такое, што, каб забыцца на яго, трэба хіба нарадзіцца нанова. Але гэтага самага спалучэння мільярдаў атамаў і малекул другі раз практычна быць не магло, і выходзіць — зноў мне не нарадзіцца. Ды і ці хачу нараджацца яшчэ раз, для чаго, на новыя мучэнні?

Няма сілы вытрываць гэты навакольны енк, няма спосабу вызваліць сябе ад няшчасця. Тады навошта жыць, навошта цярпець, у імя чаго пераносіць аж такія мучэнні? Усё роўна жыццё — міг у Сусвеце. Дзеля чаго трэба было мучыць сваю маці, цярпець некалькі дзесяткаў гадоў самому, ухіляцца ў вайну ад куляў і бомбаў, даваць сябе хірургам рэзаць, сшываць. ды лячыць? Дзеля чаго потым у мірны час трэба было зноў перажываць, да чагосьці імкнуцца, самасцвярджаць сябе, удасканальвацца? Крыху раней, крыху пазней, а ўсё так і скончыцца, ператворыцца ў тлен і пыл, пойдзе ў небыццё.

Што мае сямейныя турботы, што мае творы — брашуры, кніжкі, артыкулы, што дзеці, грошы, знаёмствы, калі рана ці позна знікнуць і яны, а потым знікнуць нават сляды пасля іх. Але пры чым тут я? Хопіць бессэнсоўнай барацьбы. Трэба скончыць з гэтым, трэба мне, смяротна стомленаму чалавеку, выцягнуць збалелыя косці на ўлонні Сусвету, зліцца з прыродай, стаць часціцай яе, пабыўшы крыху ў шчасці і ў горычы свядомага існавання,— я прагну касмічнага спакою.

I раптам ратунак бачу ў смерці. Яе адчуваю ўжо ўсёй душой, яна здаецца не толькі не страшпай — жаданай. Мяне ўсяго ўжо цягне да вады гэтаксама, як, мабыць, змардаванага гарачынёй чалавека ў пустыні цягне ўтапіць засмяглыя вусны ў збавіцельнай вадкасці даўно чаканай крыніцы.

Робіцца нават весялей.

Трэба было павярнуць да рэчкі, аднак гэтага не раблю. Смешна, але факт — на нейкі міг падумаў, што цяпер ужо надта халодная вада. Нават усёй скурай адчуў яе холад. А яшчэ раптам здалося, што да смерці нечым не падрыхтаваны.

6.

Дзе лазіў ноччу і што са мной адбывалася, потым не мог ўспомніць. Здагадаўся, што ўвесь час правёў на нагах, бо — адзеравянелі, і я цалкам выбіўся з сілы.

Не небяспека чалавека прыбівае, а — крыўда, адчуванне бяссілля ды страта веры.

Мной валодаюць жудасная самотнасць і вострае адчуванне таго, што я пакінуты, ашуканы і аганьбаваны.

Ужо віднела, калі я апынаюся за горадам.

Перада мной — шаша, механічна накіроўваюся на асфальт. Трапляюцца лужыны, але не знаходжу патрэбным іх абмінань — па лыткі ногі залазяць у ваду, і ўжо не магу сказаць, халодная яна ці цёплая. Далей трапляецца цэментовы слупок, бачу яго здалёк, але гэтаксама не абмінаю і ўдараюся каленам з усяе сілы.

Яшчэ звечара такі боль прымусіў бы мяне пасыкаць, патрымацца за калена, цяпер жа нават не звяртаю ўвагі. Такое ўражанне, бытта ўдарыўся хто іншы, адчуванне ад гэтага перадалося мне сінхронна, надта здалёк, са спазненнем ды невыразна, нібы па сапсутым правадніку.

Пачынаецца рух машын, але не хочацца сыходзіць з асфальту. Мной кіруе дзіўная логіка.

«Раздушыць машына? — разважаю.— Ну і што? Складзі кавалачкі пакрышанага каменя, і ўсё роўна масы будзе столькі ж сама. Уцякаюць перад небяспекай істоты жывыя, што баяцца болю або маюць незакончаныя справы ці на нешта спадзяюцца. Што значыць боль адрэзанай нагі ў параўнанні з той, якую нясу ў душы?! I спраў у мяне тут незакончаных няма, як і — надзей!..»

— Ты што — глухі?!

Нехта мяне выштурхвае з-пад колаў магутнага самазвала. Збавіцелю нават не дзякую. Нават лянуюся яго разглядзець. Запамінаецца толькі сіплая лаянка ў мой адрас, цвёрдыя, як рычагі крана, рукі ды смурод гарэлай гумы ад пратэктара і гарачыня адпрацаваных газаў з матора. Цікава, звечара, калі хацеў памерці, яшчэ быў здольны адчуваць боль, холад вады. Цяпер рэж, шчыпай мяне — скура бытта мёртвая. Затое прытупела і прага паміраць—мне было ўсё роўна. Таму раўнадушна адношуся да свайго ўратавання, адно сам сабе адзначаю: вось як лёгка і нечакана можна ўсё скончыць.