Імчаць па мокрым асфальце машыны — едуць па начальства, каб даставіць яго на службу.
Ля прадуктовых магазінаў апаражняюць кузавы грузавікоў, канчаюць выносіць скрынкі, мяшкі, бітоны, пустыя бутэлькі ад малака.
Замест плітак тратуара — ходнікі, учора вечарам залілі асфальтам, але не паспелі праехаць катком, і ён яшчэ аж фіялетавы, наздраваты, не адшліфаваны пат дэшвамі.
У магазіне абутку з'явілася повая вітрына, неонавыя шыльды — не горшыя, як у Маскве і Ленінградзе.
Усё гэта разглядваю нібы пасля доўгай камандзіроўкі ці турмы.
У адзенні жанчын заўважаю нешта новае, чаго не было ў мінулым годзе ў гэтую пару, не было нават і месяц таму назад. Ага, валасы над лобам яны цяпер абвязваюць істужкай!.. А мо яны даўно гэтак ходзяць, толькі цяпер я гэта ўбачыў?! Наогул жанчыны — цікавы народ. Заўсёды нешта прыдумаюць — то паасабліваму завязваць касынку, то доўгія сукенкі, то кароткія, то з насамі туфлі, то без насоў... і, глядзіш, ужо весялей на вуліцы. А з'явіцца новы фасон панчох, яго адразу падхопліваюць ад Нью-Йорка да нашага мястэчка: і работніцы, і мільянершы, і нянькі, і лётчыцы. Гм, вывучыць усю механіку такіх з'яў, падумаць, чаму для іх не існуе граніц ні геаграфічных, ні сацыялыіых, ні класавых, даць абгрунтаванне біялагічнае, псіхалагічнае і — новая праца на тэму: «Чалавек—частка агульначалавечага цела». Пра гэта можна здорава напісаць, тэма, здаецца, нікім не кранутая!
Зрэшты, што я заладзіў, ці ж пра гэта цяпер думаць?!
Кірую ў парк.
На возерку нашыя гарадскія ўлады нарэшце завялі лебедзяў. Некалі сам падаваў такую ідэю, пісаў артыкул у сваю газету, яшчэ не вельмі і верыў, што будзе з гэтага карысць. Цяпер дзве каралеўскія птушкі, як прывіды, сунуцца па люстры вады, какетліва выгінаюць шыі, а людзі праходзяць па беразе і ўжо нават не дзівяцца з прыгажунь, але напэўна кожны іх адчувае. Чорт на яго, адзін я не меў часу дагэтуль прыгледзецца да ідыліі, да стварэння якой сам далучыўся.
Аднак калі сказаць па праўдзе, то ўсё навакольнае для мяне — не так сабе, не малюначкі.
Скрозь тое, што бачу і чую, свядомасць маю раз-пораз прашывае жудасная ісціна: у мяне няма сям'і, няма дома! Гэтак, мабыць, успамінаюць сваё няшчасце асуджаныя на смерць. Дзесьці пасля сну ў такога арыштанта цела напаўняецца сілай, ён з прыемнай стомай нават пацягнецца, яшчэ і хрусне суставамі. Гляне небарака праз акно, а там — водбліскі сонца на мокрых лістах ліпы, два галубы на падаконніку. I скрозь прыемную стому ў мускулах, скрозь гэтыя вобразы радаснай раніцы раптам яго коле жудасны холад ад думкі: вось зараз, з хвіліны на хвіліну, прыйдзе канвой, вывалача з камеры, прывяжа да слупа пад мурам, ускінуць вінтоўкі, і няма, няма табе ўжо ратунку, аніхто цябе і нішто не ўратуе!..
Магчыма, які-небудзь мужчына са страшнай хваробай стаяў тут вось у парку, гэтаксама глядзеў на лебедзяў, і гэтаксама яго тачыў чарвяк...
Добрыя параўнанні!
Ат, запішу іх, і што? Што гэта зменіць, што мяне ўратуе?.. Чорт з імі, з параўнаннямі, гіне і не такое.
Зрэшты, чаго вешаю нос, завошта сябе так лаю?! Я ж тут вінаваты найменш. Мяне ашукалі, я — ахвяра даверлівасці. Ішлі дні, месяцы, гады, а я ўсё не бачыў свету, не меў адпачынку і не ведаў ніякіх гульняў. З-за работы нават не меў калі і пахварэць, як іншыя людзі. Зрэшты, гэта была не праца ў звычайным сэнсе, а нейкі бег у хуткім тэмпе. Я дасягнуў таго, чаго мараць дасягнуць,— ап'янення, і знайшоў у гэтым шчасце. А ці знайшоў?
Напэўна знайшоў.
Ды нават і ў гэтым павінна быць мера: я ж меў хатнія абавязкі, звязаны быў з жонкай, сям'ёй. Але ж ці была мая праца і для Іры тым самым? Калі мяне акрыляла творчасць і ад захаплення я не бачыў і свету, ці была яна акрыленай, ці было добра ёй? Не магу сабе дараваць дубяной жорсткасці, з якой, кахаючы жонку, я не то баяўся, не то лічыў заганным адклікацца на яе радасць ды падтрымаць у гэтым.
«Косця, пахвалі мяне, хоць за што-небудзь!..»
У гэтым я бачыў капрыз і адштурхоўваў яе. Бо ў мяне, мабыць, і праўда няма «слыху» на стан душы людзей, як не бывае ў іншых — да музыкі ці паэзіі.
Як толькі мы пажаніліся, перад Новым годам Іра прынесла дамоў вазачку з крышталю і вінавата ды сарамліва папрасіла:
— Косця, падары мне яе на Новы год!
Я нават аслупянеў ад здзіўлення. У сям'і, у якой я вырас, ніколі нічога нікому ніхто не дарыў. I цяпер з майго пункту гледжання гэта была непатрэбная трата грошай, распуста, глупства, капрыз мяшчанкі, пра які хоць ты нікому не гавары. З літасцівым здзіўленнем яе папракнуў:
— Няўжо ты такая маленькая?!
— А-ай, не хачу думаць пра тое, якая я, а ты ўсё роўна мне падары! — ужо настойліва заявіла яна, і давялося здацца.