Якое ў чалавека павінна быць адчуванне самотнасці, як яму павінна быць адзінока, каб гэткім чынам рабіць сабе прыемна?! Я ж, дубіна, выпадак скарыстаў, каб некалькі год упікаць жонку ды тлумачыць, чаму ў нас заўсёды не хапае грошай.
Нарадзілася Марынка. Аднойчы малая забрудзіла ножку. Іра магла працягнуць руку да вады і спаласнуць, але жонка макнула ватку ў адэкалон і сцерла пляму. I ў гэтым я не ўбачыў гульні, фантазіі маці, якая дзіця бачыць нават са стужкай, што яшчэ купіць, са шкарпэткамі, якія яшчэ малому звяжа, са шклянкай малака, якую малое яшчэ толькі мела выпіць. Ва мне загаварыла практычнасць мужыка. На жонку надта абурыўся ды накрычаў, бы ў казарме ротны старшына на свайго салдата, калі хлапец перад звальненнем у горад краем коўдры пачысціць боты. Гэты факт я доўга прыпамінаў і не раз выкарыстоўваў, калі не было ў нас грошай.
А ўся гісторыя «са свежай рыбай»? Як я тады аднёсся да здарэння? Выпадак той якраз і быў прэлюдыяй да ўсяго, што здарылася пасля.
9.
Ці ж толькі з жонкай я сябе так паводзіў? Ці ж не абыходзіўся дакладна гэтаксама і са сваёй маці, а потым і таварышамі? Усіх блізкіх гатовы быў зрабіць слугамі сваіх жаданняў і выдумак.
Зрэшты, ці я адзін такі? Мала вучоных, вынаходнікаў, якія з-за сваіх ідэй, з-за захаплення працай гэтаксама не бачаць белага свету? Пачытай пра Талстога. У самыя дынамічныя моманты творчага ўздыму ён здаваўся найбольш манатонным, нудным і бурклівым маўчуном, аддаваўся ўвесь сваім творам. Для чаго існуе на свеце гэты парадокс?!
Скрозь дрэвы мільгае чорны лімузін. Ведаю яго. Шафёрам у ім — Сяргей, мой сусед па кватэры,— павёз на працу галаву раёна. Начальства паехала з дому надоўга. З'явіцца толькі ноччу, калі дома ўсе будуць спаць. Ва ўзнагароду за стомленасць сваёй палавіны, як кампенсацыю чуласці і ўвагі ён у абед прышле Сяргея з машынай, каб жонка з'ездзіла сабе на рынак, у паліклініку або да краўчыхі.
Нядаўна ўсіх людзей у горадзе ўразіла трагедыя. Яшчэ даволі малады мужчына і бацька траіх дзяцей, не п'яніца і не распуснік — паважаны ў вобласці чалавек, вярнуўся з работы дамоў, замкнуўся ў ваннай і павесіўся на трубе. Папаўзлі здагадкі, перашэпты. Ці не было і ў яго нешта падобнае? Ці з-за ап'янення дзейнасцю не ўпусціў і ён нешта з асабістага жыцця, а потым гэтаксама спахапіўся, ды — позна?!
Палічы, колькі суды маюць работы з-за сямейных трагедый?!
Няўжо пры поўнай адданасці працы немагчыма пазбегнуць таго, каб не быць адарваным ад сям'і, няўжо нельга паводзіць сябе разумна, не крыўдзіць блізкіх? Гэта ж здаецца такое простае і лёгкае — няўжо трэба паўтараць памылкі бацькоў?
Старыя мае надта цяжка працавалі, але жылі не дружна. Бацька, бывала, прыязджаў з далёкай дарогі вельмі стомлены, злы, найчасцей адубянелы ад холаду ды галодны. I вось, напрыклад, натыкаўся на кухні ў паўзмроку на табурэтку, на якой маці крышыла капусту, ды не паспела паставіць на месца. Бяда не вялікая, здаецца, вазьмі табурэтку ды адстаў, твая жонка гэтаксама цэлы дзень правяла на нагах, і яна ж не ведала, што якраз у гэтую хвіліну будзеш ты праходзіць тут. Але бацька лічыў сябе ўжо абражаным ды бачыў у непарадку на кухні няўвагу да гаспадара дому, бо дарога для яго павінна быць выслана ходнікам і ўсе ў хаце павінны падпарадкаванымі быць і служыць яму. Бацька нагой шпурляў табурэтку на сцяну і нешта вострае кідаў маці. Той рабілася так крыўдна, што яна не магла сцярпець. I замест таго каб сваю стомленасць ды цяжкае жыццё супакоіць абаім у павазе і ў згодзе, яны за пару мінут так, бывала, перасварацца ды столькі нагавораць адно другому глупстваў, што потым цэлы тыдзень не размаўляюць, покуль не развеецца гэтая ржа бруду.
Ці не выйшлі карэнні майго няшчасця і з гэтага фальшывага ўсведамлення, што я — мужчына, мне ўсё дазволена, усе астатнія дома павінны падпарадкавацца мне? Каб быў да Іры ўважлівы, то, відаць, гэтага не здарылася б.
Кажуць музыканты — тон робіць музыку. Мая дружба з Ірай была з самага пачатку пабудавана на некалькі тонаў вышэй, таму і не магло быць у нас ладу і шчасця, бо ўсё гэта бывае пры супадзенні адносін і натуральнасці паводзін.
Выходзіць, я піхнуў яе на гэта? Тып з «Інтурыста» падставіў ёй той бок, якім адвярнуўся я? Не зусім так — ён на гэта запрымітыўны, я ж яго бачыў. Тады — што, Іра займалася самаашуканствам?
Пісаў пра тонкасці чалавечай псіхалогіі, аб эмоцыях, а самому, чорт на яго, менавіта гэтага і не хапала. Не хапіла якраз шляхетнасці душы, чуласці, бо ва мне — чэрствасць салдафона?..