Выбрать главу

— Але ж чаму-у? Ты ж з-за гэтага самага Філімончыка свету не бачыла, нас не заўважала нікога! Каралёў, памятаю, інстытут з-за цябе перамяніў?!

— Бо Філімончыка кахала... Яшчэ я-ак...— уздыхае.— Ды — што, буян! Дурань! Усё не мог мне дараваць мінулага.

— Немца?!

— Вечна здзекаваўся, а чуць што — біўся. Ні жыцця не было, ні спакою. Вывеў аднойчы з цярпення, узяла кій ды праперла. А ён упаў у амбіцыю і не вярнуўся. Стаў трапляць у выцвярэзнік, а зараз, кажуць, лечыцца...

— Але ж і характар у цябе! Малайчына!

— Ты хваліш?

— Захапляюся!

— А я не лічу гэта геройствам, Косця. Вось калі б змагла цярпліва наладзіць усё ды ўзяць яго ў свае рукі!..

У чорных вачах маладзіцы з'яўляецца сум.

Мяне надта ўражвае трапнасць ды прастата такой, здаецца, банальнай на першы погляд фразы. Гэта ж яна гаварыла і пра мяне! А я, нягоднік, вышукваю яшчэ сабе апраўданні.

— I ты, выходзіць, жывеш без мужыка,— сцвярджаю — кажу абы-што.

— Не напамінай! Мужыкі — як зубы. Трэ іх цярпець, калі маеш. Бо калі няма — надта ж іх не хапае!.. О-ей, мне на работу! Прабач, Косця, спяшаюся!..

Развітваюся з сяброўкай ды зноў думаю — што рабіць? Пры такіх канфліктах у часы Пушкіна страляліся на дуэлях; я ж спатыкаўся са сваім сапернікам, і мне чамусьці біцца з ім не хацелася. Мо каб трапіў адразу пад гарачую руку...

У такіх выпадках героі раманаў знаходзілі выйсце ў смерці, а за мінулыя суткі была магчымасць не раз пакончыць з сабой, але я яе не выкарыстаў.

Час цяпер іншы ці ў мяне не хапіла характару? У гэтым выпадку ні з кім не параішся, не спытаеш, як сябе паводзіць, каб не нарабіць глупстваў.

Годзе, нічога не вернеш. Трэба адпраўляцца на кватэру... на былую кватэру... ды дзейнічаць. Дзейчічаць асцярожна — дзеці ж.

11.

У сенях папярок дарогі валяюцца туфлі, пялюшкі, што пападалі з вяроўкі. Механічна нагінаюся, каб усё падняць ды пакласці на сваё месца, але ў час адумваюся, махаю рукой ды крочу туды, дзе знаходзіліся цяпер руіны маёй сям'і.

У першым пакоі Марынка няньчыць Валодзю, а Віця чытае. З жахам заўважаю, што мае дзеці пасталі мне бытта чужыя, непрыемныя. Сын адварочваецца ад кніжкі ды скорагаворкай выпальвае:

— Тата, мне трэба на заўтра шпулек і скрыначак ад запалак! I многа!

— Віця, змоўкні! — шыкае на яго сястра.

— А —што? Ніна Міхайлаўна загадала кожнаму прынесці на заўтра!

— Змоўкні, табе кажуць!

Няўжо яна здагадваецца пра што-небудзь? — варухнулася ва мне жаласць.

Нешта бурчу ды вінавата тупаю ў спальню.

Ложак мой не пасланы, як звычайна, не адхілены ў ім рог коўдры, не пакладзена мякка падушка, бо гэта было б крывадушшам, і Іра гэтага не зрабіла. Сама яна з апухлымі вачыма і ў вопратцы валяецца на другім ложку. Іра зіркае на мяне з трывожнай і затоенай надзеяй. Відаць па яе выгляду, што таксама не спала цэлую ноч. Успамінаецца выпадак, калі мой знаёмы перад развітаннем з былой сваёй жонкай, завесіўшы вокны, замкнуўшы дзверы, добра яе адлупцаваў вяроўкай за нявернасць. I я павінен гэта рабіць? Гляджу на бездапаможнае і знаёмае да дробязей жаночае цела і ўздрыгваю. Чамусьці ў кожнай жанчыне заўсёды знаходжу рысы сваёй маці і толькі таму, што так нехта рабіў, не змагу падняць рукі на гэтага чалавека, хоць ён прычыніў мне столькі непрыемнасці.

На мяккім крэсле валяецца яе халат. Убачыўшы, што туды накіроўваю свае крокі, жонка з паспешлівай паслужлівасцю цягне халат да сябе, вызваляе мне месца. Яе праявы ўвагі да маёй персоны непрыемныя мне.

Яна ўздрыгвае, бытта хочучы ад нечага засланіцца, ды ўзіраецца насцярожана і перапалохана.

— Хачу пра ўсё дамовіцца без скандалу,— пачынаю, апускаючыся на крэсла.— Давай дамаўляцца спакойна, як дарослыя і культурныя людзі.

— Ой, сто...

У гэты момант з грукатам урываецца Віця, бяспечна крычыць:

— Мама, а мне трэба на ўрок працы пяць пустых скрыначак ад запалак і дзесяць шпулек ад нітак!

Вось для чаго яму спатрэбілася гэта. Яшчэ пазаўчора з такім пытаннем Іра адаслала б малога да мяпе. Цяпер жа стомлена кажа:

— Ладна, што-небудзь прыдумаю. А зараз бяжы на двор, пагуляй сабе на паветры!

Малы не адступае:

— Ніна Міхайлаўна сказала не прыходзіць у школу без скрыначак і шпулек!

Калі я вырашыў пакінуць іх, дык павінен не падмяняць маці, якой цяпер давядзецца гэткія справы вырашаць самой. Аднак не магу не супакоіць сына: