Аўтар
Франтавы дзённік наводчыка 76 м/м гарматы, 756 стралковага палка, 150 Ідрыцкай дывізіі З-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту.
19.ХІ.44г. З Бабруйскага запаснога палка вязуць нас на Захад. Спыніліся ў Баранавічах. На станцыі – эшалоны перасяленцаў з той часткі Беласточчыны, якая адыходзіць да Польшчы. Беларусы перасяляюцца на Усход. Кожнай сям’і выдалі цэлы пяцідзесяцітонны вагон, і мужыкі заладавалі іх грунтоўна.
Мае бацькі перасяляліся напэўна не так. Гаспадарку немцы зліквідавалі. Усё нашае багацце сусед недзе перавёз у Ваўкавыск на адной фурманцы. Ад Страшава да яго – 50 кіламетраў. Мая вёска ад граніцы ўсяго кіламетраў шэсць.
Крыўдна. Няўжо ўсё так і застанецца?
20.ХІ.44г. Цэлы дзень стаім у Брэсце. Шчапаем сухія шпалы і ў кацялках гатуем гарохавы канцэнтрат. Цяпло. Свеціць сонца. Пра нямецкія самалёты ўсе і забыліся…
І тут эшалоны з беларусамі-перасяленцамі. Гэтыя з украінскім акцэнтам. Дзяўчаты з салдатамі какетнічаюць, дурэюць, вішчаць. Перасяленкі дачок ад нас адганяюць…
21.ХІ.44. Цэнтральная плошча. Лес пад Мінскам Мазавецкім. Са станцыі прыбылі пехатою. Дзе спаць? Гэта не ў партызанах, дзе кожны быў сабе галава, – дысцыпліна! Спалі пад голым небам на снезе. Я – з Яфімам Паасам у абдымку. Абодва перамерзлі да касцявога мозгу, а мо і больш.
Раніцой з’явіліся вярбоўшчыкі. Каго ўзялі ў разведку, каго – у сувязь. Яфіма – у мінамётную роту.
Камандзір разведкі нашай дывізіі[1] Герой Савецкага Саюза капітан Бойчанка, выбраў мяне ў свой узвод – валодаю нямецкай мовай. Але зараз жа Бойчанка[2] даведаўся, што я быў у канцлагеры Штутгоф, і перадумаў. Старшыня-артылерыст са смешным прозвішчам – Задняявуліца – павёў мяне ў палкавую батарэю.
29.ХІ.44г. Я ўжо каторы дзень – наводчык 76 м/м гарматы.
15.ХІІ.44г. З раніцы да вечара прападаем на вучэннях. Сумны занятак. Капай «агнявыя», маскіруй «палкавушку» (так называецца мая гармата), хавай снарады. Толькі акуратна ўсё зробіш, акопчыкі заліжаш, замаскіруеш і: «Падаць перадкі! Гармату на іншую пазіцыю, бяго-ом!» Коні «палкавушку» адным дыхам прыпруць у другое месца, а там – усё спачатку.
Хутчэй бы на фронт. Адзіная забава – фокусы ў час начной пераклічкі ды – апавяданні бывалых батарэйцаў пра жудасныя баі ў Латвіі, адкуль прыбыў наш полк (у батарэі засталося адно восем чалавек з сарака). Сёння на пераклічцы быў мой чарод прыдумаць фокус. І я прыдумаў. Пастроілі батарэйцаў. Пасля праверкі, інструктажу старшыня спытаўся:
– Пытанні ёсць?
– Ё-осць! – крычу.
– Што ў вас, баец, слухаю!
– Таварыш старшына, чаму ваша прозвішча – Задняявуліца, а не – Пярэдняя?
– Адставіць! – не павёў і брывом маленькі энергічны вайсковец.
– Ра-азыдзі-ісь!
Старшыня, здаецца, не пакрыўдзіўся, але мне няёмка. Каторы раз пераконваю сябе ў душы, што хохмы – не мой хлеб. Лепш было сваю чаргу прапусціць, ды пасля размовы з капітанам Бойчанкам адчуваю ў сабе комплекс непаўнацэннасці. Здаецца, пра выпадак усе ў батарэі ўжо ведаюць, хаджу як падмочаны, лаўлю сябе на тым, што стараюся да хлопцаў паддабрыцца.
Цьфу! Як агідна!...
Перад сном пачаліся ўспаміны – дакладна, бы ў партазанскім лагеры Гута-Міхаліны. Тут нават зямлянкі такія ж вялізныя – кожная на чалавек пятнаццаць.
Выяўляецца, батарэйцы-ветэраны перажылі за нас куды больш. У партызанах мэты мы сабе выбіралі паводле сваіх магчымасцей, немцам шкодзілі з-за вугла ці – ноччу, а набліжалася небяспека – манеўравалі... А на фронце – ты ўвесь час на віду і не можаш праявіць такой самадзейнасці – выконвай загад, ды годзе.
17.1.45г. Фронт рушыў праз Варшаву. Мы тупаем у другім эшалоне. На Вісле, каля ўзарванага моста Кербедзя, – пераправа. У мяне такое ўражанне, што сапёры ў канфедэратках (польская частка!), стоячы па грудзі ў ледзяной плыні, насціл пераправы трымаюць для нас на плячах. Каб палякам не было так цяжка, мы імкнемся нават крочыць асцярожна, стрымліваем і коней...
Узабраўся на кручу берага і толькі цяпер спахопліваюся – разблыталася абмотка! На хаду, заразу, не паправіш, трэба да нечага прыткнуцца. Размініравалі нам толькі вузкую дарожку, не надта збочыш з яе – страшна. Наперадзе лысее даўзёрны цагляны парог, абмыты дажджамі. Кірую туды.
Лысы парог аказваецца агромністым фундаментам. Покуль на ім прыводжу да парадку сваю нагу, аднекуль з’яўляецца паручнік Войска Польскага з фотаапаратам і шчоўкае мяне так і гэтак. Я надта разгубіўся, але паляк тлумачыць, што справа не ўва мне. Сяджу на гістарычным муры. Усяго столькі засталося ад славутага Каралеўскага замка, пра які шмат ведаю са школы. Немцы спалілі ды разабралі яго сцены яшчэ ў 19З9-м...
2
Спаткаўся я з гэтым чалавекам другі раз у жыцці, калі прымалі мяне на работу загадчыкам агенцтва «Інтурыст» у Гродна (1961). В. К. Бойчанка тады ўзначальваў Усесаюзнае ўпраўленне «Інтурыст» у Маскве.